«[НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ] на прасторы шырокай». Як цяпер бяспечна чытаць беларускіх класікаў
Статья
10 ноября 2022, 11:27

«[НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ] на прасторы шырокай». Як цяпер бяспечна чытаць беларускіх класікаў

Ілюстрацыя: Аня Леонава / Медыязона

Улады Беларусі прыраўнялі да нацысцкай сімволікі лозунг «Жыве Беларусь». У пастанове МУС яго называюць «калабарацыянісцкім прывітаннем», «якое суправаджаецца ўзняццем правай рукі з распрастанай далонню». Гэтыя словы нярэдка гучаць і ў творах класікаў беларускай літаратуры. Ці будуць на становішча рукі звяртаць увагу на практыцы, незразумела. «Медыязона» на ўсялякі выпадак прыводзіць урыўкі з іх у адцэнзураваным выглядзе, каб іх можна было чытаць уголас бяспечна, не рызыкуючы атрымаць штраф ці суткі.

Янка Купала. «Гэта крык, што [НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ]»

У вершы 1907 года Купала апісвае родны край і заканчвае прызнанне ў любові да яго лозунгам, за выкрыкванне якога ў 2022 годзе мог бы атрымаць суткі па артыкуле 19.10 КаАП.

Ды і што гаварыць! — дзе я толькі гляджу,
Бачу родненькі край, сваю матку-зямлю;
Тут і людзі… ат… што!.. аб іх посьле скажу…
Долі іх надта ж я не люблю!..
А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялены садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
Гэта енк, гэта крык, што [НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ]!

Уладзімір Караткевіч. «Балада пра чалавека, які змагаўся са смерцю»

Забіваючы гестапаўца, хворы на сухоты партызан у вершы Караткевіча выкрыквае лозунг, які цяпер улады Беларусі афіцыйна лічаць нацысцкім.

Адказаў, сціскаючы рот:
«Што мне скажа мой горад родны?
Што мне скажа родны народ?
Што мне выгляд твой дзікі і грозны?
Вось той дом. Я памру ў барацьбе.
Ты спачатку мярзотніка возьмеш.
Я прымушу цябе.
Тормаз рыпнуў… Ідзе па алеі…
Адыдзі і не замінай,
Адыдзі, адыдзі хутчэе,
Стань унь там і маўчы, чакай».
Першы стрэл упэўнена гакнуў,
Другі трапіў яшчэ камусь:
«Атрымай, атрымай, сабака,
Хай [НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ]!»
Вось штыхоў халодныя джалы,
Вось апошні да смерці парог…
Смерць зубамі заскрагатала:
«Ён памрэ, але ён перамог».
Чалавек на нагах хіснуўся,
Проста рукі злажыў накрыж,
Паглядзеў на яе, усміхнуўся:
«Што чакаеш?… Хадзі ж… Хадзі ж».

Мікола Ермаловіч. «[Нацысцкi лозунг]»

У любові да Радзімы прызнаецца і Мікола Ермаловіч — у яго лозунг, які стаў «нацысцкім», зусім мільгае праз радок.

[НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ] на прасторы шырокай,

Дзе Неман і Прыпяць, Дняпро і Дзвіна.
Усяго ад Смаленску i да Беластоку
Ўладарка адзіная толькі яна!
[НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ] у народзе працоўным,
Які беражэ ў сваім сэрцы яе.
[НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ] ў сваім слове чароўным,
I ў песнях сваіх непаўторных жыве.

Янка Брыль. «З людзьмі і сам-насам»

У гэтым зборніку запісаў, мініяцюр і эсэ Брыль расказвае аб няздзейсненым мітынгу 1999 года ў Мінску. Як і на ўсіх акцыях пратэсту ў сучаснай Беларусі, там гучыць «нацысцкі» лозунг.

Сонечна. У сцягах нашых многа святла. Мноства людзей, якія ведаюць, што да чаго. З цынічнай дыктатурай, з авантурнымі «саюзамі», з небяспекай вялікай, ці не апошняй вайны, з пакутамі i смерцямі, імя якім чарнобыльскія…

Калі мяне з калоны заўважылі, прыязна замахалі рукамі, заўсміхаліся, кінулі «[НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ]!» — голас мой у адказ слёзна ўздрыгнуў…

Так было ўчора. А сёння ўранні, толькі прачнуўся, адразу падумалася: колькі ў гэтым маім узрушэнні свайго, асабістага, a колькі агульнаграмадскага? Ну, а як гэта трэба i ці трэба дзяліць? Радасна, патрэбна мне адчуванне прыналежнасці да народнага, прыемна ад пашаны людзей, якіх я i сам паважаю. Добра было таксама прысесці на сходках шырознага ганка Палаца спорту, побач з незнаемым мужчынам, у руцэ якога старчма стаяў высока i светла наш бела-чырвона-белы, а з гутаркі неўзабаве выявілася, што гэта рабочы, ужо на пенсіі, што ў яго таксама ногі баляць, хоць ён i маладзейшы аж на семнаццаць гадоў.

Мітынгу, які быў падрыхтаваны, не адбылося, бо ўлады прадумана арыштавалі машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай, а авалодаць увагай шматтысячнай грамады пры дапамозе ручнога рупара было немагчыма. Але свята адбылося. Toe, што агульнае i што ў кожным. Малітвенны настрой душы: дай Бог выжыць, каб без слязы ў душы сказаць, што Яна, [ЛОЗУНГ, НАЦЫСЦКI].

Васіль Быкаў. «На чорных лядах»

Быкаў расказвае пра беларускіх паўстанцаў часоў Слуцкага паўстання 1920 года. Апынуўшыся ў безвыходным становішчы — без патронаў і правізіі — атрад вырашаецца на масавае самагубства.

— Дык як будзем? Па адным ці ўсе разам?

— Па адным, — ціха мовіў камандзір. — З нагана.

— У яме. Каб меней грукату.

Мабыць, усе ўсё зразумелі і сьціхлі, нават ня дыхалі. Камандзір абвёў усіх чужым напружаным позіркам і адчуў, што трэба нешта сказаць на разьвітаньне. Ці на суцяшэньне. I ён сказаў:

— Што ж, спадары… Нам не ўдалося, можа, удасца іншым. Яны нас успомняць. Усе ж мы не за сябе, не за свае, якога ў нас не было. Мы — за Беларусь. Нашу няшчасную старонку. Прымі, Божа, твае ахвяры…

Яны ўсе стаялі і маўчалі. Яны чакалі. I камандзір, зглытнуўшы даўкі камяк у набалелым горле, раптам сказаў са знарочыстай строгасьцю:

— Хто першы?

Выдалася кароценькая пакутная паўза, пасьля якой Мяцельскі кінуў са злосным адчаем:

— Ат, маць тваю… Давай я…

Зноў абрушваючы жвір, рашуча скочыў у яму.

— Давайце рэвальвэр!

Камандзір расшпіліў на баку кабуру, выняў наган. Мяцельскі ўхапіў яго зьнізу, рухава выцягся побач з застыглым ужо Аўстрыякам.

— [НАЦЫСЦКI ЛОЗУНГ]!

— [НАЦЫСЦКI], — нечакана слабым голасам азваўся камандзір, і глухі рэвальвэрны стрэл у яме перапыніў ягоны водгук. Дзьве сарокі з бліжняй бярозы спуджана пераляцелі на дрэвы далей. А на зямлі зноў настала пакутная паўза, усё стаялі моўчкі, баючыся зазірнуць у яму.