Анімацыя: Анастасія Крайнюк / Медыязона
Сотні палітзняволеных кожны дзень сутыкаюцца з рознымі праблемамі ў калоніях і СІЗА — ціскам з боку адміністрацыі, незаконнымі суткамі ў штрафных ізалятарах, нечалавечымі ўмовамі і кепскай ежай. Каб рацыён быў больш разнастайным, асуджаныя гатуюць ежу самі. Адныя збіраюць яйкі для салата з вячэры ў бальніцы, другія просяць родных пакласці ў перадачу арэхі і сухафрукты, трэція скідваюцца прадуктамі з усяго атрада на торт. «Медыязона» сабрала рэцэпты, якія распавялі і запісалі палітзняволеныя, у невялікую кулінарную кнігу.
Палітвязень Максім Знак у адным з лістоў расказаў, як згатаваў мясны торт, калі забыўся купіць салодкага падчас апошняй «атаваркі».
Выкладзіце па коле слаямі каўбасу, бастурму, рэшткі сушанага мяса. Упрыгожце страву чалавечкам з лустачак сала.
«І ўвечары піў гарбату і спёк торт: па коле каўбаса, потым баструма, мяса сушанае, а зверху — чалавечак з лустачак сала. А ўсяго варта было на апошняй атаварцы забыцца купіць салодкага», — расказаў Максім Знак.
Журналістка Вольга Лойка, якая правяла каля года ў СІЗА па справе TUT.by, падзялілася ў фэйсбуку рэцэптам торта, які гатавала разам з сукамерніцамі.
Шакалад, міндаль, фундук, апельсіны, печыва (здобнае або аўсянае) злучыць, уварыць у аднародную масу.
«Доўгія выхі ў СІЗА — гэта вельмі сумна. Асаблівае псіхалагічнае, педагагічнае і гаспадарчае значэнне ў такіх умовах набываў калектыўны выраб торта або цукерак а-ля труфель. Доследным шляхам выяўлена, што ўсю камеру на 6-8 чалавек можна гадзіны на паўтары-дзве "прыпахаць", нават самых суровых грамадзянак. Да позняй восені тэхналогія была так адпрацаваная, што ў батле рэцэптаў Валадарка супраць Жодзіна сталіца перамагла ў адны вароты. Карацей, шакалад, міндаль, фундук, апельсіны і печыва здобнае або аўсянае аб'ядноўваліся і ўварваліся ў нешта прыгожае пад любімую прыгаворку Кансерваторыі "Добра сядзім!"», — пісала Лойка.
Валанцёрка праекта «Краіна для жыцця» Вольга Паўлава правяла тры месяцы ў СІЗА на Валадарскага паводле абвінавачвання ў грубым парушэнні парадку. Паўлава расказала «Медыязоне», што гатавала разам з сукамерніцамі, каб разнастаіць беднае харчаванне ў ІЧУ або СІЗА. Паводле слоў валанцёркі, за час зняволення яна моцна схуднела, пачалі выпадаць валасы. Паўлава лічыць, што прычына — у турэмным харчаванні.
Актывістка падзялілася з «Медыязонай» рэцэптам рыбнага паштэту, торта і салаты з яек. Рыба, якую двойчы на тыдзень давалі на вячэру, была прыгатаваная вельмі дзіўна: яна магла быць гатовай, а магла — зусім сырой, толькі што размарожанай, таму ў камеры яе перапрацоўвалі ў паштэт.
Торт быў універсальнай урачыстай стравай, яго гатавалі, па магчымасці, на ўсе дні нараджэння і іншыя святы.
Салату з яек і марской капусты можна было прыгатаваць толькі ў спецыяльнай турэмнай палаце — толькі там, паводле слоў Вольгі Паўлавай, давалі яйкі і алей.
Гатаваць у камеры было складана, бо посуду практычна не было. Для гатавання і захоўвання прадуктаў у ход ішлі слоічкі ад кансерваваных салат, якія прадаваліся ў турэмнай краме.
Узяць рыбу з вячэры, разабраць, дастаць косткі. Размяць рыбу, змяшаць атрыманую масу з сланечнікавым алеем і прыправамі з перадач. Калі камусьці перадалі зеляніну, напрыклад, кроп — дадаць яго. Усё змяшаць, пакінуць марынавацца на ноч. Падаваць з хлебам.
«Бралі рыбу, якую давалі на вячэру, даставалі косткі, пераміналі з алеем і прыправамі тыпу "Магі" з перадач, перамешвалі і пакідалі марынавацца на ноч. З раніцы атрымаліваўся смачны паштэт. Калі ў кагосьці быў кроп, дадавалі туды кропу. І елі з хлебам», — расказвае Паўлава.
Папрасіць сваякоў пакласці ў перадачу каржы, арэхі і сухафрукты. Купіць у турэмнай краме згушчанае малако. Сабраць торт: выкласці па чарзе слаямі корж, арэхі, згушчанае малако, сухафрукты (курагу, чарнасліў), зноў корж, прамочаны згушчаным малаком, а на верхні слой — арэхі.
Сабраць яйкі з некалькіх прыёмаў ежы ў бальнічнай камеры, пакрышыць самаробным нажом, змяшаць з марской капустай з турэмнай крамы. Па жаданні дадаць сметанковае масла, якое таксама трэба будзе сабраць з некалькіх прыёмаў ежы ў бальнічнай камеры.
Паводле слоў былога палітвязня Міхаіла Жамчужнага, у калоніі гатавалі торты да выхаду зняволеных з ПКТ або ШІЗА. Для прыгатавання торта прадукты прыносілі асуджаныя з усяго атрада, таму ён атрымліваўся вельмі вялікім.
Знайдзіце дзверы, якія часова можна будзе зняць з завесаў — у якасці талеркі для будучага торта. На дзверы выкладзіце корж, змажце згушчаным малаком, пасыпце здробненым печывам і шакаладам, накрыйце змазаным згушчаным малаком каржом. Можна ўпрыгожыць прысмакамі.
Торт падаецца з чэфірам — моцным напоем на аснове гарбаты. Заварваецца па наступнай прапорцыі: пачак гарбаты на тры літры вады.
«Такіх спяцоў у гатаванні тортаў тут не знойдзеш. Торты там гатуюць на выхад асуджаных з ШІЗА ці ПКТ. Гэта называецца "сустрэча". Увесь атрад, а там 100 чалавек, скідаецца, у каго што ёсць. Здымаюць дзверы з завесаў, на іх кладуцца каржы, потым усё шліфуецца згушчонкай, крышыцца печыва, шакалад, зноў згушчонка, а потым зноў каржы — і вось зонаўскі "Напалеон" гатовы. Памерам са стол, усім хапае», — расказаў Міхаіл Жамчужны.
Пра каву «па-шляхецку» расказвае палітвязень Максім Знак у сваёй кнізе «Зэкамерон», прысвечанай турэмным будням.
Прыгатуйце каву так, як ёсць магчымасць. Дадайце згушчанае малако з разліку адзін пакет згушчонкі на ўсю камеру.
Былы палітвязень, які нядаўна вызваліўся з калоніі, падзяліўся з «Медыязонай» рэцэптамі на ўмовах ананімнасці. Паводле яго слоў, у калоніі ў параўнанні з СІЗА і ІЧУ ежы хапала і яна была прымальнай. А вось часу і магчымасці гатаваць нешта самастойна практычна не было. Палітычным асуджаным адміністрацыя стварала ўмовы, у якіх не было часу нават напісаць ліст родным. Але асуджаныя час ад часу ўсё-ткі гатавалі — торты для святкаванняў або шматкі з сальцісонам, каб звыклая каша мела водар хатняй. А яшчэ — салату з цыбулі па бабуліным рэцэпце.
Заліць любыя шматкі кіпнем у кантэйнеры, набытым у турэмным краме. Дадаць пакрышаны сальцісон. Можна дадаць парэзанае сала.
Набор бісквітных каржоў з турэмнай крамы змазаць самаробным крэмам. Для крэму — два пачкі тварагу, бляшанка згушчанага малака, кубачак ёгурту, какава. Зверху ўпрыгожыць торт глазурай. Для яе спатрэбіцца распусціць на вадзяной лазні дзве пліткі шакаладу, дадаць палову пачкі сметанковага масла. Можна ўпрыгожыць арэхамі і сухафруктамі. Гатоваму торту даць насыціцца некалькі гадзін.
Дробна парэзаную рэпчатую цыбулю замарынаваць у сланечнікавым алеі з соллю і прыправамі. Даць пастаяць — гэтак цыбуля перастане быць горкай. Падаваць з хлебам.
Праваабаронца «Вясны» Марфа Рабкова, асуджаная на 15 гадоў пазбаўлення волі па 10 крымінальных артыкулах, падзялілася ў адным з лістоў рэцэптам торта, які яна гатавала ў СІЗА.
Заварыць у невялікай колькасці вады каву 3 у 1 або какаву. У каве намачыць печыва, выкласці першы слой. Зверху нанесці крэм (сметанковае масла, змяшанае са згушчаным малаком і какавай). Слой крэму пасыпаць тоўчанымі арэхамі і халвой, накрыць слоем печыва, змочанага ў каве, і гэтак далей. Упрыгожыць торт можна любымі прысмакамі.
«Торт атрымліваецца сапраўды смачны, але гэта ўдар па печані. Бо на крэм сыходзіць у сярэднім 1,5 пачкі масла», — пісала Марфа.