«Месца, каб беларусы не бадзяліся». Мінчанка арганізавала ў Польшчы дом для тых, хто бяжыць ад рэпрэсій ці вайны
Статья
18 января 2023, 12:52

«Месца, каб беларусы не бадзяліся». Мінчанка арганізавала ў Польшчы дом для тых, хто бяжыць ад рэпрэсій ці вайны

Ілюстрацыя: Маша Д. / Медыязона

За 60 км ад беларуска-польскай мяжы ў беларусаў ёсць месца, дзе можна спыніцца, калі табе няма куды пайсці. Алена Жаркевіч арганізавала беларускі дом у Кіеве, а пасля пачатку вайны — у Беластоку. У дванаццаці пакоях жывуць беларусы, якіх на радзіме пераследвалі ўлады, і ўкраінцы, што збеглі ад вайны. «Медыязона» расказвае, як уладкавана жыццё ў доме ў людзей «са складанымі гісторыямі» і чаму Жаркевіч можа разлічваць на байцоў палка Каліноўскага.

Прыйсці ў сябе і ехаць далей

Алена вымушана была выехаць з Беларусі ў 2021 годзе, з яе слоў, праз абвінавачванні ў перакрыцці дарог, арганізацыі акцый пратэсту і гвалце над сілавікамі.

З Беларусі актывістка выязджала з 13-гадовым сынам Назарам праз Расію, мяжу перасекла нелегальна. Першы час у Кіеве сям’і давялося начаваць у хостэле, на вакзале і нават на пляжы. Алена спрабавала знайсці працу.

Пасля перажытага яна падумала, што добра было б арганізаваць месца, куды маглі б прыехаць беларусы ў крытычнай сітуацыі, «каб не бадзяцца». Алена вырашыла зняць дом, з грашыма першы час дапамагаў прыяцель Алены. Пазней на выдаткі па доме скідваліся яго жыхары — хто мог.

«У Кіеўскім доме людзі не заставаліся надоўга. Прыходзілі ў сябе пасля выезду, атрымлівалі візу і ехалі далей у Еўропу ці знаходзілі жыллё ва Украіне. Надоўга заставаліся толькі тыя, у каго былі праблемы з дакументамі. У нас жа былі нават тыя, у каго не было пашпартоў».

Беларусы са складанымі гісторыямі

Пасля пачатку вайны Алена дапамагала жыхарам беларускага дома выехаць з Украіны. Разам з імі яна адправіла свайго сына, а сама яшчэ на два месяцы засталася ва Украіне: дапамагала беларусам і ўкраінцам з эвакуацыяй, вазіла ваду на памежныя пераходы.

З беларускага дома тады выязджалі, паводле слоў Алены, беларусы «са складанымі гісторыямі».

«Гэта людзі, якія нелегальна перасеклі ўкраінскую мяжу, у некаторых не было пашпартоў або ўязных штампаў, у некага — толькі пасведчанне аб нараджэнні або фота старога пашпарта. Яшчэ з імі быў хлопчык з аўтызмам, і мой сын — у яго з дакументамі было ўсё добра, але ён выязджаў па даверанасці на трэціх асоб, без маці. Увогуле памежнікі былі ў шоку ад гэтай кампаніі, але неяк выехалі, хоць і не адразу».

Усе пераключыліся на Украіну, а беларусы маўчалі

Пераехаўшы ў Польшчу, Жаркевіч даведалася, што ў некаторых беларусаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі, ёсць праблемы, у тым ліку і з жыллём. Сярод іх былі і тыя, хто ўжо жыў у Алены ў Кіеве.

«Кіра Баяранка, якая да нас у Кіеў прыехала адразу пасля калоніі, жыла ў сваіх сяброў дома, спала на кухні, на падлозе, таму што больш не было дзе. Не магла пайсці на працу з-за праблем са здароўем, якія трэба было вырашаць. І вось ужо ніхто рукі не працягнуў. Не таму, што не хацеў, а, напэўна, таму, што ўжо было занадта шмат. У той момант усе пераключыліся на дапамогу Украіне. А беларусы сціпла маўчалі».

Алена вырашыла зноў пашукаць дом — такі, як быў у Кіеве. Прыдатны знайшоўся ў Беластоку: так было танней і бліжэй да Беларусі, адкуль бягуць людзі.

У дамове, якую Жаркевіч заключыла з уласнікамі дома, пазначана, што жыць у ім можа да 25 чалавек. Беларуска растлумачыла палякам, для чаго ён будзе выкарыстоўвацца. Уласнікі былі не супраць і падтрымалі ідэю.

Зняўшы дом, Жаркевіч пайшла ва ўжонд, дзе расказала пра тое, што хоча дапамагаць беларусам, якія бягуць ад рэжыму, і ўкраінцам. Там, кажа яна, таксама былі не супраць. Больш за тое, некаторыя беларусы нават атрымалі часовую рэгістрацыю ў доме — яна патрэбная для афармлення некаторых дакументаў.

Ілюстрацыя: Маша Д. / Медыязона

Не шэлтар, а дом

Цяпер у доме жыве 19 чалавек, дзевяць з іх — дзеці. За час працы дома ў Польшчы ў ім паспелі пажыць 29 сем’яў.

«Мы прымем столькі, колькі трэба будзе. Так, будзе цесна, але тыя, хто праз Акрэсціна прайшоў, разумеюць, што ў крытычнай сітуацыі спаць можна і не ў такіх умовах. Надзіманы матрац будзе проста шчасцем», — абнадзейвае яна.

Дом у Беластоку часта называюць шэлтарам, але сама Алена супраць такой назвы.

«Гэта ніяк не шэлтар, не. Гэта наш агульны дом», — лічыць яна.

Беларускі дом у Беластоку абыходзіцца ў пяць тысяч злотых у месяц. З аплатай дапамагаюць жыхары і тыя, хто жыў у беларускім доме ў Кіеве, а цяпер уладкаваў сваё жыццё. Алена кажа, што дапамагчы, калі будзе трэба, гатовыя байцы з палка Каліноўскага. Адзін час там жылі сваякі некаторых байцоў, і з тых часоў добраахвотнікі трымаюць сувязь і прапануюць дапамогу.

Адны з іх — Ліза з братам, які цяпер ваюе ў палку. Дзяўчына хадзіла на пратэсты, з Беларусі з’ехала пасля ператрусу ў брата. Каб дабрацца ва Украіну, давялося ехаць праз Польшчу, займацца легалізацыяй, таму Ліза затрымалася ў доме на чатыры месяцы.

«Гэты дом, людзі, якія ў ім былі, мне сталі як другая сям’я. Я не толькі жыла ў доме — мне ва ўсім дапамагалі: з дакументамі, паказалі горад, распавялі, куды звярнуцца па дапамогу. У доме было шмат людзей, і пастаянна прыязджалі новыя, таму трэба было перасяляцца з пакоя ў пакой. Але дробязі, улічваючы, што быў і дах над галавой, і плаціць не трэба было, таму што мне і не было б чым», — успамінае яна.

На ежу жыхары дома скідваюцца, у сярэднім выходзіць па 100 злотых у тыдзень. Разам ездзяць у краму, разам закупляюцца і гатуюць.

«Але гэта не значыць, вядома, што мы ўсталі ўсім натоўпам да пліты і гатуем, не. Няма ў цябе сёння настрою — зоймешся гэтым іншым разам. Ці наадварот, вось Юля наша ўстала з настроем, кажа: "Хачу сёння боршч зварыць, буду гатаваць на ўсіх, а вы нічога не рабіце". Учора дзеці патэлефанавалі: "Мама, мяса ёсць?" Я кажу: "Ёсць". І яны на ўсіх згатавалі плоў», — тлумачыць Жаркевіч.

Галоўнае правіла, кажа Алена, карміць усіх дзяцей за адным сталом, каб у хаце не было галодных і сумных малых.

Пра важнасць для дзіцяці такога месца расказаў Пётр, муж палітзняволенай, які пасля ператрусаў збег з Беларусі разам з сынам. Ён пазнаёміўся з Аленай яшчэ да вайны, часта бываў у Беларускім доме ў гасцях — сыну не хапала камунікацыі ў новай краіне. Калі і з Украіны давялося пераязджаць, Пётр з сынам спыніліся ў Алены ў Беластоку.

«Нам так было прасцей, асабліва з сацыялізацыяй для сына пасля яшчэ аднаго пераезду, асабліва ў краіну з новай, не вельмі зразумелай для яго мовай. З’ехалі з дома ўвосень, калі сын ужо пайшоў у школу. Гэты дом, напэўна, больш даў яму, чым мне», — успамінае ён.

Бывае, расказвае Алена, у дом заязджаюць людзі, якім цяжка жыць усім разам, без зацішку. Часам бывалі канфлікты, але цяпер «праблем не ўзнікае».

«Тут былі людзі, якія ўвечары леглі спаць, раніцай прачнуліся і дзень ляжаць. Яны крыўдзіліся, калі ім кажаш, што тут нельга не працаваць, і ні ў каго няма грошай, каб іх утрымліваць. Гэта ж не дом для пастаяннага жыцця, не санаторый», — кажа яна.

На Новы год у доме было шмат гасцей. Прыязджалі тыя, хто ўжо неяк уладкаваў сваё жыццё пасля дома ў Беластоку і тыя, хто жыў у Кіеве. А пасля Новага года Алена чакае наплыў жыхароў.

«Звычайна пад Новы год людзі бягуць толькі ў экстранных выпадках, такіх не шмат. А пасля святаў колькасць людзей, якія з’язджаюць з Беларусі, павялічваецца. Таму чакаю, што жыхароў у нас стане больш», — кажа яна.

Беларусы разам з украінцамі

Калі ва Украіне пастаяльцы не затрымліваліся надоўга, то цяпер сітуацыя змянілася — людзям трэба чакаць рашэння па легалізацыі ў Польшчы, а гэта займае больш часу. У доме жывуць як беларусы, так і ўкраінцы.

«Важна, каб пра гэта ведалі, каб пра гэта казалі ва Украіне. Каб ведалі, што беларусы і ўкраінцы жывуць разам. Што беларусы таксама бываюць пад абстрэламі ва Украіне, пра 700 затрыманых 27 лютага каб ведалі», — адзначае яна.

Жаркевіч расказала пра мужчыну з Марыупаля, які жыў у беларускім доме. Ён прайшоў фільтрацыю, складаным шляхам эвакуяваўся праз Расію. Калі ён выязджаў з дому, казаў кранальныя словы пра веру ў перамогу Украіны і ЗСУ, пра тое, што вайна скончыцца, ён вернецца ў разбомблены дом і ўсё адбудуе. Алена задумалася пра лёс Беларусі пасля перамогі.

«Ці будзе ў беларусаў магчымасць вярнуцца дадому — ужо незразумела. Я баюся, што прыйдзе Расія, і мы станем такім жа Крымам, толькі ўсім будзе ўсё адно», — перажывае яна.

Пабыць сам-насам з сабой можна толькі за стырном

У рэжыме «пастаяннага валанцёрства» Алена жыве з 2021 года, з прыезду ў Кіеў. Яна арганізоўвае жыццё і побыт беларускага дома, пераганяе ва Украіну машыны для ЗСУ, дапамагае сустракаць тых, хто бяжыць ад рэпрэсій у Беларусі ці ад вайны ва Украіне. Адпачывае яна, паводле яе слоў, за стырном у дарозе — адлегласць у 1200 кіламетраў у абодва бакі дае час пабыць сам-насам з сабой, паслухаць музыку і прывесці думкі да ладу.

Паводле слоў Алены, больш адпачываць яна сабе дазволіць не можа.

«Калі мы тут апусцім рукі таму, што стаміліся, мы тады дадому не вернемся, а тыя, каму па 10 гадоў далі — будуць сядзець свае тэрміны. Мы таму тут вечарамі сядзім і думаем, як будзем вяртацца дадому і што для гэтага трэба рабіць. Будуем планы. Вось, гуманітарку трэба сабраць, старлінк купіць, лісты ваенным напісаць», — расказвае Алена.