Ілюстрацыя: Барыс Хмельны / Медыязона
Родныя палітзняволеных па-рознаму распавядаюць іх дзецям пра тое, што мама ці тата за кратамі. Хтосьці лічыць, што трэба казаць праўду нават самым маленькім, а хтосьці прыдумляе казачные гісторыі, каб зберагчы дзіця ад шоку. «Медыязона» распавядае гісторыі некалькіх сямей, якім давялося размаўляць з дзецьмі пра зняволенне бацькоў.
Калі Віктара затрымалі ў 2021 годзе, яго сыну было два гады, а дачцэ — чатыры. Жонка зняволенага Марыя спачатку казала дзецям, што тата далёка і шмат працуе — гэта не здавалася ім незвычайным.
Легенда была праўдападобнай, але зняволенне Віктара працягвалася, і праз некаторы час дзеці пачалі задаваць пытанні — іх цікавіла, чаму тата не прыязджае дадому на выходныя і не падымае тэлефон.
— У мяне сэрца кроўю аблівалася. Малая яму аўдыёпаведамленні запісвала: «Татачка, ты дзе, чаму ты не адказваеш?» Я казала, што можа тэлефон выключыўся, можа, не працуе зарадка, — успамінае Марыя.
Маленькі сын пытаў, чаму тата не забірае яго з садка — напэўна, пачаў звяртаць увагу на тое, што бацька прысутнічае ў жыцці іншых дзяцей, лічыць яна. Марыя згадвае размову сына і дачкі з сябрамі, якая ў чарговы раз прымусіла дзяцей задумацца над тым, ці сапраўды тата на працы.
— Іх сябар гаворыць: «Няма ў вас таты». І ў іх такая паўза: «Як няма, тата ж на працы». А той кажа: «На якой працы? Калі ён апошні раз дадому прыходзіў?», — распавядае жонка зняволенага.
Адцягнуць увагу сына і дачкі ад складанага пытання дапамагае казка, якую Марыя прыдумала, абапіраючыся на сюжэт мультфільма «Тролі». У ім ёсць вясёлыя маленькія тролі, што заўсёды танчаць і спяваюць песні, і злыя істоты — бергены, якія трымаюць іх у клетках і лічаць, што не могуць быць шчаслівымі, пакуль не з’ядуць троля.
— Я малым сказала, што наш тата — гэта такі троль. Злыя бергены паглядзелі, што ў нас шчаслівая сям'я, і забралі тату да сябе, каб ён ім таксама зрабіў добра. І пакуль тата не зробіць бергенаў шчаслівымі, яго не адпусцяць, — кажа яна.
Па словах жанчыны, казачны аповед працуе, і дзеці вераць, што бергены трымаюць тату ў замку. На карысць гісторыі ідзе і тое, што будынак СІЗА-1, дзе знаходзіцца Віктар, — гэта сапраўды замак. Некалькі разоў дзеці разам з Марыяй прыязджалі туды, каб аддаць перадачу. Жанчына прыдумала для сына і дачкі гісторыю пра тое, што акенца для перадач у СІЗА чароўнае, і наўпрост ад яго канвеер вязе таце прысмакі.
— Яны вельмі любяць малюначкі, нешта выразаюць для яго, паштовачкі робяць. Ім кайфова канверцік у скрыню кідаць, — распавядае Марыя. — Віця таксама прысылае розныя гульні намаляваныя, сертыфікаты на Новы год, якія можна абмяняць у «Бусліку». Ён адзінарогаў і адачкі прыдумляе для дачкі, яна гэта любіць.
Калі дзеці ядуць штосьці смачнае, то часта кажуць, што трэба аднесці гэта таце пакаштаваць, кажа жанчына. Яна дадае, што апошнім часам малодшы часта цікавіцца, што тата любіць. Аднойчы ён папрасіў купіць піцу, але сам да яе не дакрануўся.
— Я пытаю: «Чаму ты не ясі?» І ён такі: «Я пачакаю, пакуль тата прыйдзе, і мы будзем разам есці». Я яму кажу: «Давай ты зараз з'ясі, а калі тата прыйдзе, то мы яшчэ дзесяць купім», — згадвае Марыя.
Тое, што тату «не адпускаюць бергены», дзеці пакуль успрымаюць як казачны аповед і гульню, таму не надта перажываюць, кажа жанчына. Па яе словах, фізічнага кантакту дачцы і сыну ўсё ж не хапае, бо тата заўсёды быў для іх «пятнаццаццю хвілінами нястрымнай весялосці і дурэў разам з дзецьмі».
— У нас ёсць вешалка вялікая, дачка нацягвае на яе цішотку Віці, ставіць тапкі — гэта кшталту тата стаіць, — кажа Марыя.
Затрыманне таты, заўважае яна, усё ж адклала адбітак на дачцы — у яе з’явіўся страх перад міліцэйскімі машынамі. Аднойчы жанчына ехала на аўто разам з дзецьмі, і яе спыніла ДАІ. Пакуль Марыя размаўляла з міліцыянтамі, дачка моцна перажывала, бо думала, што маму арыштуюць, распавядае жанчына.
Дзеці часта чуюць слова «турма» у размовах дарослых, таму тэма зняволення прысутнічае і ў іхніх гульнях — кагосьці арыштоўваюць, хтосьці сядзіць за кратамі, дадае яна.
Хутка Марыя разам з дзецьмі прыйдзе на спатканне да мужа. У лістах яны абмяркоўвалі, як падрыхтаваць дачку і сына да сустрэчы ў СІЗА.
— Думалі, як ім растлумачыць, чаму мы размаўляем праз шкло і тэлефонную трубку. І мы прыдумалі, што гэта такая інфекцыйная бальніца, — кажа жанчына.
Марыя прызнаецца, што распавесці дзецям пра зняволенне таты не гатовая. Казку жанчына прыдумала, спадзяваючыся на хуткае вызваленне, і пакуль не ведае, як падабраць патрэбныя словы.
— Я, мабыць, у першую чаргу думала пра сябе. Я не разумела, як ім распавесці, што такое турма і чаму там тата аказаўся. Тата заўсёды быў добры, вясёлы. Тата ў нас супермэн, што ён робіць у турме?
Сілавікі прыйшлі дадому да Паліны Шарэнда-Панасюк два гады таму. Яе муж Андрэй Шарэнда распавядае, што старэйшы сын Славамір «адразу ўсё зразумеў». Малодшы сын — на той момант чатырохгадовы Стах — быў сведкам затрымання мамы і перажыў моцны шок.
— Паўгады ён дрэнна спаў, часта прыбягаў да мяне ў пакой і клаўся на месца Паліны. Некалькі разоў нават плакаў, пытаў, дзе мама і чаму яе няма. Гэта былі вельмі складаныя месяцы жыцця, — распавядае Андрэй.
Ён не хацеў дадаткова траўмаваць сына, таму тлумачыў знікненне мамы, прыводзячы прыклады з казак — «як павук забраў у палон дзяўчынку, так і цёмныя людзі забралі маму, каб яна не магла выйсці і іх перамагчы».
Праз некалькі месяцаў Стах пачаў забываць дзень, калі маму затрымалі, і яго сон наладзіўся. Андрэй вырашыў накіроўваць думкі сына на будучыню і абмяркоўваў з ім тое, што сям’я будзе рабіць, калі мама нарэшце вернецца.
— Месяц, некалькі месяцаў — і мы будзем ізноў разам. Заўсёды гэтая ідзея падтрымлівалася, — кажа ён.
Праз паўгады Шарэндзе прыйшлося з’ехаць з Беларусі, а дзеці засталіся з бабулямі. Праз восем месяцаў у Андрэя атрымалася вывезці дзяцей за мяжу — для іх гэта было стрэсам, бо «нагадала пра тое, што як раней ужо нічога не будзе».
— Пераезд быў больш складаным для старэйшага сына, бо ў яго былі сябры, школа. Ён на нейкі час закрыўся ў сабе. Зараз Славамір ходзіць тут у школу, наведвае гурткі, у яго з'явіліся сябры — жыццё працягваецца, — распавядае Шарэнда.
Ён заўважыў, што Стах амаль забыўся пра маму, пакуль яго даглядалі бабулі. Іх галоўнай задачай было сачыць за дзецьмі, а распавядаць пра маму і паказваць яе фотаздымкі не заўсёды атрымлівалася.
Зараз Андрэй спрабуе гэта выправіць: нагадвае малодшаму сыну пра той час, калі ён быў з мамай, і чытае ўслых лісты ад яе. Мужчына кажа, што «па-добраму зайздросціць» родным зняволеных, якія могуць паразмаўляць па тэлефоне. У сям’і Шарэндаў такой магчымасці няма, і гэта вельмі балюча для Андрэя і дзяцей, прызнаецца ён.
— Мы намагаемся хаця б раз на тыдзень разам пісаць лісты, малюем нешта для мамы, спрабуем некалькі сказаў напісаць. Славамір таксама стараецца выціснуць з сябе 10-15 радкоў. На жаль, большасць лістоў не даходзіць, але сама працэдура дае нам кантакт з мамай, якога так не хапае, — кажа ён.
Мужчына адзначае, што размовы са Стахам сталі больш сур’езнымі — сын пасталеў, таму абыходзіцца казачнымі аналогіямі немагчыма. Андрэй упэўнены, што трэба казаць яму праўду, але старацца пазбягаць падрабязнасцяў, якія могуць шакаваць дзіця.
— Наша мама — герой, і яе не проста чорныя дзядзькі схапілі і трымаюць у вязніцы. Я паказваю, што адбывалася два гады таму ў Беларусі і якія ў гэтага наступствы. Адпаведная карціна свету ў яго ўжо ствараецца, ён разумее, што хутка мама, можа быць, і не з'явіцца, — распавядае Шарэнда.
Час ад часу Стах задае пытанні пра жыццё ў зняволенні: ці водзяць маму на вуліцу і чым яе кормяць.
— Спрабую згадаць свой досвед, параўнаць з садочкавай ежай — так і выкручваюся, — кажа муж зняволенай.
Ён размаўляе пра Паліну і са старэйшым сынам, акрамя таго, Славамір можа даведацца штосьці пра маму ў інтэрнэце.
— Я яму тлумачу некаторыя падзеі і камунікую як з роўным. Гэта прасцей, але адначасова і цяжэй, бо Славамір разумее ўсю складанасць сітуацыі, як маме кепска. Гэта адбіваецца на яго псіхалагічным стане і ўвогуле развіцці, — лічыць Шарэнда.
Абодва сыны пасля пераезду за мяжу наведвалі псіхолага. Старэйшы хутка адаптаваўся, а малодшы дагэтуль час ад часу наведвае псіхолага.
— З дзіцячай памяці ўжо амаль выветрыліся ўсе тыя ўспаміны, што былі раней. Зараз вобраз мамы зборны — гэта фотаздымкі, расповеды, прачытаныя лісты, — кажа Андрэй.
Пяцігадовы сын Таццяны Астроўскай таксама быў сведкам таго, як дадому прыйшло шмат сілавікоў — спачатку яны правялі ператрус, а потым забралі яго маму. Сябры сям’і ў той жа дзень забралі хлопца купацца на Цнянскае вадасховішча, каб адцягнуць яго ўвагу ад затрымання. Магчыма, гэта дапамагло, — Саша вырашыў, што мама паехала ў камандзіроўку.
Праз некаторы час гісторыя пра камандзіроўку абрасла новымі дэталямі. Аднойчы хлопчык пісаў маме Таццяне ліст разам з татам і сказаў, што цягнік, на якім ехала мама, зламаўся, і яго ніяк не могуць адрамантаваць.
— Я писала через полгода, через восемь, девять месяцев: «Когда же этот гребаный поезд починят?» — згадвае Астроўская.
Пасля таго, як яна выйшла з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, пачала асцярожна распавядаць сыну, што адбылося. Часу на гэта было мала, бо пры першай магчымасці дзеці выехалі ў Польшу — старэйшы сын вывез малодшага. Сама Таццяна пераплыла Нёман, каб патрапіць у Літву, а яе муж яшчэ некаторы час заставаўся ў Мінску.
Праз паўтары месяцы сям’я нарэшце уз’ядналася ў Польшчы — гэты час быў для малодшага сына быў вельмі складаным, хаця бацькі ўвесь час былі на сувязі і распавядалі Сашы, што хутка будуць разам.
— Он был без папы и мамы в чужой стране с очень добрыми, но чужими людьми. Саша очень скучал, ему было очень плохо, — кажа былая зняволеная.
У Польшчы яна ізноў пачала тлумачыць сыну, што з ёй сапраўды адбывалася ўвесь гэты час. Саша чуў ад дарослых слова «турма», і задаў пытанне наўпрост.
— Я говорю: «Да, я была в тюрьме, плохие дяди забрали». История с командировкой была бы нечестной, оттуда хотя бы можно позвонить, — успамінае размову з сынам Астроўская.
Яна адзначае, што сын «па-даросламу» зразумеў тое, чаму мамы не было і чаму ім давялося бегчы ад «дрэнных дзядзькаў» — Саша ведае пра бела-чырвона-белы сцяг і зараз бачыць яго ва ўсім навокал.
Першыя некалькі месяцаў пасля пераезду былі для яго вельмі складанымі — Саша ні на хвіліну не адыходзіў ад мамы, баючыся, што яе ізноў забяруць. Бацькі кожны дзень казалі малодшаму сыну, што цяпер яны ўсе ў бяспецы, але гэта не дапамагала.
— Даже в туалет нельзя было спокойно сходить — хоть ты сиди с открытой дверью, чтобы он видел, что я никуда не ушла, — кажа Таццяна.
Саша мог заснуць толькі трымаючы маму за руку, а ўва сне часта плакаў і крычаў.
— Подрывался и орал: «Мама!» Не дай бог отпустить руку ночью или повернуться — он просыпался просто весь в слезах, — згадвае Астроўская.
Разам з сынам яна паехала на рэабілітацыю для былых палітзняволеных і іх дзяцей. Там за Сашам назіралі псіхолагі — яны сказалі, што Таццяна ўсё робіць правільна, а дапамога спецыяліста яе сыну не патрэбная. Астроўская з мужам «па 200 разоў на дзень» кажуць Сашы, што яны разам і моцна яго любяць. Жанчына адзначае, што зараз сын не плача і не крычыць ува сне, а бывае і так, што нават смяецца.
— Сейчас все нормально, адаптация полегче идет. Деду Морозу мы писали письмо, но пришлось писать еще и Святому Миколаю, потому что мы в Польше. Он даже не понимая всего, благодарен Польше за то, что здесь мы в безопасности. Он осознает, что здесь все хорошо, здесь маму не заберут, — кажа Таццяна.