«Крыміналізацыя дапамогі не адпавядае логіцы». Палітзняволеныя праваабаронцы «Вясны» далі паказанні ў судзе
Евгений Корнеевец
«Крыміналізацыя дапамогі не адпавядае логіцы». Палітзняволеныя праваабаронцы «Вясны» далі паказанні ў судзе
7 февраля 2023, 9:00

Алесь Бяляцкі. Фото: Vitaly Pivovarchyk / BelTA / AP

На мінулым тыдні ў судовым паседжанні па справе «Вясны» далі паказанні зняволеныя праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч. Яны не згодныя з абвінавачваннем і лічаць крымінальную справу палітычна матываванай. «Вясна» запісала выступы палітзняволеных калегаў. «Медыязона» пераказвае іх.

Кантрабанда. «Хацелі легалізаваць фінансавую дзейнасць, каб другі раз не натыкацца на тыя камяні»

Праваабаронцаў «Вясны» абвінавачваюць у кантрабандзе буйной сумы наяўных праз мытную мяжу ЕўраАзЭС арганізаванай групай і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Першым у судзе выступіў Валянцін Стэфановіч. Ён, як і яго калегі, даваў паказанні ў вольнай форме, а не адказамі на пытанні. Праваабаронца распавёў пра зарэгістраваную Бяляцкім літоўскую арганізацыю Pavasaris.

«Частка нашай дзейнасці ажыццяўлялася не ў Рэспубліцы Беларусь: гэта адукацыйныя праграмы, школы па правах чалавека, таму што ў Беларусі гэта было рабіць цяжэй і цяжэй. У нейкі перыяд мы і сходы арганізацыі праводзілі за мяжой Беларусі. Таму было вырашана стварыць юрыдычную асобу Pavasaris для гэтых мэтаў дзейнасці, якая ажыццяўлялася на тэрыторыі Літвы».

Праваабааронца растлумачыў, што ў межах дзейнасці Pavasaris «ніякіх функцый не выконваў». З 2016 года з Pavasaris у яго былі дамовы падраду, напрыклад, «за падрыхтоўку адукацыйных праграм і матэрыялаў па тэме правоў чалавека». За гэта Стэфановіч атрымліваў аплату, сродкі дэклараваў: «Іх я атрымліваў у Літве і самастойна прывозіў у Беларусь, а пазней атрымліваў на рахунак у безнаяўным выглядзе».

«Ніякіх фінансавых справаздач я не зацвярджаў і не падпісваў. Доступаў да рахункаў у арганізацыі ў Літве я не меў, грашовымі сродкамі не распараджаўся, не выдаваў іх іншым асобам, не інструктараваў іх, ніякіх указанняў і парадаў, як перавозіць грошы праз мяжу, я не даваў».

Старшыня «Вясны» і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, які выступіў другім, пацвердзіў, што Стэфановіч не меў дачэнення да фінансавых пытанняў Pavasaris і самога праваабарончага цэнтра. Ён даваў паказанні ў вольнай форме: «Бо, на жаль, дыялогу ў нас не атрымліваецца, бо пракурор не ведае беларускую мову, зневажае яе, таму прыходзіцца даваць паказанні ў адвольнай форме».

Бяляцкі растлумачыў, чаму рэгістрацыя літоўскай арганізацыі была неабходнай.

У 2011 годзе Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года за ўхіленне ад уплаты падаткаў, а менавіта за «адкрыццё прыватных рахункаў у Польшы і Літве, на якія паступалі грошы за праектную дзейнасць Праваабарончага цэнтра "Вясна"». Паводле праваабаронцы, «фінансаванне атрымлівалася вось такім нейкім крывым чынам», бо «Вясну» ў Беларусі пазбавілі рэгістрацыі, легальна ў Беларусі працаваць было немагчыма: «Замест таго каб грошы паступалі на рахунак, яны акумаляваліся на прыватных рахунках за мяжой».

Ён нагадаў, што праваабаронцы некалькі разоў звярталіся па рэгістрацыю ў Мінюст, але да «адкрытага сігналу, што "Вясна" будзе зарэгістраваная, справа так і не дайшла». У 2014-2016 гадах праваабаронцы вынеслі амаль усю адукацыйную і асветніцкую дзейнасць (семінары, школы па правах чалавека) на тэрыторыю Літвы, беларускае заканадаўства гэта не парушала, кажа Бяляцкі.

«Такім чынам, рэгістрацыя Pavasaris была надзённай і зразумелай. Мы хацелі легалізаваць сваю фінансавую дзейнасць, каб другі раз не натыкацца на тыя камяні, на якія я натыкнуўся ў 2011 годзе. Так, фінансаванне на прыватныя рахункі на дзейнасць Праваабарончага цэнтра "Вясна" было спыненае, бо была зарэгістравана арганізацыя, якая мела легальны статус згодна літоўскаму заканадаўству паводле закона аб няўрадавых арганізацыях і асацыяцыях Літвы».

Фінансавая дзейнасць Pavasaris была «законнай і легальнай», прэтэнзіяў з боку літоўскіх уладаў яна не мела, сцвярджае Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі звярнуў увагу на тое, што арганізацыя Pavasaris была зарэгістраваная ў 2015 годзе, а дакументы былі пададзеныя напрыканцы 2014-га, «калі крымінальнай адказнасці за так званую кантрабанду, у якой нас цяпер абвінавачваюць, не было».

«Наша арганізацыя [Pavasaris] працавала без штату, я быў кіраўніком гэтай арганізацыі на грамадскіх пачатках. Грошы за дырэктарства Pavasaris я не атрымліваў. Гэта здымала багата пытанняў, датычных і літоўскага заканадаўства, і абвінавачванняў у мой адрас у матэрыяльнай зацікаўленасці. Pavasaris працаваў як звычайная няўрадавая арганізацыя. Гэта датычылася і фінансавай дзейнасці: 100% фінансавання Pavasaris грунтавалася на праектах і грантах. Але гэтае фінансаванне не было пастаяннае», — растлумачыў Бяляцкі.

«Pavasaris — гэта некамерцыйная арганізацыя, мы не мелі ні капейкі даходаў. Грошы, якія былі атрыманыя па грантах, расходваліся згодна іх прызначэнню», — дадаў ён.

Нобелеўскі лаўрэат распавёў, што як дырэктар арганізацыі Pavasaris ён «не займаўся кантролем перадачы» наяўных заробкаў.

«З улікам тых папер, якія ёсць у матэрыялах справы, відавочна, што 90% усіх сродкаў з гэтых 300 тысяч, якія інкрымінуюцца нам, гэта заробкі. Гэта значыць, што людзі атрымлівалі прыватныя заробкі за нейкую працу. Як яны атрымлівалі — я не ведаю. З матэрыялаў справы відавочна, што значная частка грошай была атрыманая ў Літве, што таксама адзначыў Стэфановіч пра свае сродкі. І казаць, што ён атрыманыя грашовыя сродкі за выкананне нейкай працы вёз кантрабандай… Мы ж ведаем суму, якая складае склад кантрабанды. І ці правільна складаць усе заробкі, якія атрымаў той жа Стэфановіч за гэтыя чатыры-пяць гадоў існавання Pavasaris, у адну суму?» — задаўся пытаннем Алесь Бяляцкі.

Ён называе «лухтой» сцверджанне следства пра тое, што «грошы спецыяльна дзяліліся, перавозіліся, а потым збіраліся ў адно».

«Можна меркаваць, што іх дронамі перавозілі ці выводзілі крыптавалютай, але ж прычым тут трое тых, хто знаходзіцца ў гэтай клетцы? Я не меў ніякага дачынення да гэтых грошай. Людзі, атрымаўшы грошы ў той жа Вільні, багата выдаткоўвалі іх на ўласныя патрэбы. Тым не менш, следствам гэта ніяк не ўлічвалася, ды іх і ўлічыць немагчыма, бо гэта прыватныя грошы чалавека. Што тут крымінальнага? Відавочны палітычны падтэкст усяго гэтага артыкула».

Бяляцкі яшчэ раз падкрэсліў, што не адказваў за фінансы. Ён лічыць, што гэта вынікае і з матэрыялаў справы: «Я ні з кім, хто пералічаны ў абвінавачванні, не дамаўляўся перавозіць гэтыя грашовыя сродкі. Нідзе не бачна, каб я даваў нейкія ўказанні на перамяшчэнне грашовых сродкаў праз мяжу Беларусі. Не было арганізаванай групы, звязанай з арганізацыяй перамяшчэння грашовых сродкаў».

«Я іх не здымаў з карткі. Я іх не здымаў з рахунку Pavasaris у банку, бо фізічна не мог гэта рабіць. Я даволі рэдка быў у Літве — два-тры разы на год, і тое гэта было звязана з нейкімі адукацыйнымі ці асветніцкімі мерапрыемствамі. Мая роля ў Pavasaris не патрабавала прысутнасці, бо ўсе фінансавыя пытанні вырашаліся без майго ўдзелу. Я не даваў ніякіях даручэнняў па супрацьдзенням праваахаоўным органам. І карыслівых памкненняў у мяне не было. Грашовых сродкаў для Pavasaris я не шукаў, праекты не падпісваў і не кіраваў імі», — тлумачыць Алесь Бяляцкі.

Уладзімір Лабковіч, які даваў паказанні ў судзе апошнім, падтрымаў сказанае калегамі Стэфановічам і Бяляцкім.

«Па сутнасці тых абвінавачванняў, якія мне былі прад’яўленыя, хачу звярнуць увагу, што з усіх матэрыялаў справы бачна, што паводле часткі 4 артыкула 228 КК, я ніякім чынам грашовых сродкаў не перамяшчаў, нікому такіх указанняў не даваў, не аб’ядноўваўся ў ніякую злачынную арганізаваную групу дзеля таго, каб гэтыя грошы перавозіць. У 2014 годзе я сапраўды меў дачыненне да рэгістрацыі літоўскай арганізацыі Pavasaris, я рыхтаваў, вёў перапіску з грамадскім юрыстам літоўскай арганізацыі»

Лабковіч распавядае, што ўспрымаў рэгістрацыю арганізацыі ў Літве «менавіта як сродак легалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, вяртанне ў межы прававога поля Рэспублікі Беларусь, каб абмінуць наступствы 2011 года, калі Аляксандр Бяляцкі быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці».

«Таму гэтая ідэя і ўзнікла, і гэтая арганізацыя заснавалася як сродак атрымання грошай для таго, каб яны маглі потым дэкларавацца як даход. Іншай ніякай дзейнасці з маім удзелам не было. У дзейнасці арганізацыі я не прымаў удзел, на мерапрыемствы арганізацыі не запрашаўся, калі яны былі, мне пра гэта проста нічога не вядома. І тыя подпісы ад Pavasaris, якія ёсць у матэрыялах справы, я не рабіў», — сказаў Лабковіч.

Ён звярнуў увагу суда на тое, што з пачатку 2015 года не ўваходзіў у Раду «Вясны» і не меў у цэнтры ніякіх функцый, акрамя як у кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» (падрыхтоўка афіцыйных аналітычных матэрыялаў, якія публічна былі размешчаны на сайце «Вясны»).

Фінансаванне пратэстаў. «Крыміналізацыя дапамогі»

Праваабаронцы выказаліся і пра абвінавачванне ў фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Валянцін Стэфановіч заявіў, што «катэгарычна не згодны з гэтай кваліфікацыяй» і адмовіў, што аплочваў штрафы і працу адвакатаў. Алесь Бяляцкі сказаў, што «збор сродкаў асабіста я не арганізоўваў, пацярпелым грошы не перадаваў, сам не аплочваў патрэбы, звязаныя з дапамогай ахвярам палітычных рэпрэсій».

«Я цалкам падтрымліваю тое, што пашырэнне часткі 2 артыкула 342 КК, якое адбылося ў 2020 годзе, абсурднае, і так нельга рабіць. А то да траўня гэта было магчыма, а пасля траўня 2020-га стала злачынствам. Што гэта такое? Дык як жыць тады, па якіх законах? У вас закон як дышла, куды павярнула, туды і выйшла? Ці што? Крыміналізацыя дапамогі, якая адбылася пасля здзяйснення так званых злачынстваў, не адпавядае логіцы. Спачатку конь, а потым воз, а не наадварот. Гэта амаральна і бессардэчна», — лічыць Бяляцкі.

Уладзімір Лабковіч падкрэсліў, што ў матэрыялах крымінальнай справы «няма ніводнага ўзгадвання, што я нейкім чынам узаемадзейнічаў наконт аплаты штрафаў і іншых выплат, размаўляў пра гэта, меў нейкія зносіны».

«Салаўёў нейкім спосабам спешна пакінуў Рэспубліку Беларусь»

У працэсе абвінаваўца агучыў тры пратаколы допыта праваабаронцы Змітра Салаўёва, якога судзяць па гэтай справе ў межах спецыяльнай вытворчасці.

2 сакавіка 2021 года Салаўёва дапыталі як падазраванага ў фінансаванні пратэстаў. Тады ён адзнаачыў, што ўсё запісанае ў пастанове — няпраўда. Ён растлумачыў, што дзейнасць «Вясны» не мае дачынення да фінансавання пратэстаў, сам ён не браў удзелу ў інкрымінаваных дзеяннях. У выніку Салаўёў адмовіўся даваць паказанні, скарыстаўшыся артыкулам 27 Канстытуцыі.

«Далей, як вядома, Салаўёў нейкім спосабам спешна пакінуў Рэспубліку Беларусь», — сказаў пракурор.

Судовыя спрэчкі па справе «Вясны» прызначаныя на 9 лютага.