«Мы ўсе траўмаваныя гістфакам». Беларусы ставарылі ў Беластоку гістарычны клуб, дзе чытаюць лекцыі ў бары
Статья
13 февраля 2023, 12:39

«Мы ўсе траўмаваныя гістфакам». Беларусы ставарылі ў Беластоку гістарычны клуб, дзе чытаюць лекцыі ў бары

Фота: Beer&History

Сустрэчы гістарычнага клубу Beer&History праходзяць у беларускім бары ў Беластоку з лета 2022 года. Наведнікі і лектары любяць гэтае месца за нефармальную і лёгкую атмасферу, за адсутнасць нуднай акадэмічнасці падчас лекцый. «Медыязона» пагутарыла са стваральнікамі клубу і наведала адну з лекцый.

Этнаастраномія і гісторыя спажывання піва ў ВКЛ

Паслухаць лектара ў гістарычным клубе можна бясплатна, без папярэдняй рэгістрацыі кожную сераду а 19.00. Арганізатары і пачынальнікі Beer&History Алесь Кіркевіч, Дар’я Палынская і Аляксей Трубкін прыходзяць у бар на вуліцы Легіановай значна раней. Усе трое, 33-гадовы Алесь, 28-гадовая Даша і 36-гадовы Лёша, у розныя часы вучыліся на гісторыкаў. Пакуль шуміць кавамашына, а барман працірае куфалі, ім трэба паспець усё падрыхтаваць: расставіць мэблю, наладзіць святло, выставіць праектар, падрыхтаваць нейкія дадатковыя рэчы, якія прывёз з сабою лектар.

Бліжэй да сямі вечара ў паб пачынаюць прыходзіць людзі, звычайна ахвочых паслухаць лекцыю шмат. Здаралася такое, што людзі проста прыходзілі і адразу сыходзілі — не было месца нават дзе стаць.

Слухачы замаўляюць напоі і рассаджваюцца ў чаканні лекцыі. Нечыя дзеці за адным са столікаў ціха рыпяць алоўкамі і шамацяць паперай з альбому. Бацькі прыходзяць сюды нават з малымі дзецьмі.

У вечар нашай сустрэчы ў гістарычным клубе выступала Святлана Куль, доктар гістарычных навук, прафесар Беластоцкай палітэхнікі. Святлана распавядае пра беларускае вымярэнне часу ў розныя эпохі, пра календары і наогул пра тое, як нашыя продкі лічылі час. Адзначае, што ёсць такі варыянт вымярэння, як дыскрэтны час, гэта калі час успрымаецца і адлічваецца ад нейкай значнай падзеі.

«Напрыклад, як і шмат хто з нас зараз, адлічвае час — пасля 2020 года. Ці ўжо пасля 2022-га», — прыводзіць прыклад Святлана.

Сімвалічна, што лектарка — былая настаўніца Алеся Кіркевіча. Яна ўжо дзевяць год жыве ў Беластоку. Раней яшчэ магла прыязджаць на радзіму, але пасля 2020-га для яе гэта стала небяспечна.

Дарэчы, запрашаюць выступаць з лекцыямі не толькі былых настаўнікаў. Тут праходзіла творчая сустрэча з пісьменнікам-гісторыкам Уладзімірам Арловым. Гісторык і дакументаліст Яўген Сурскі расказваў пра гісторыю алкагольных напояў. Этнограф Цімафей Авілін ладзіў лекцыю па этнаастраноміі, то бок распавядаў аб тым, як нашыя продкі бачылі неба, зоркі ды ўяўлялі космас. Гісторык і ўдзельнік руху «Салідарнасць» Алег Латышонак прачытаў лекцыю пад назвай «Збройнае змаганне за БНР».

«Мы пісалі адной лектарцы, запрашалі выступіць, а яна кажа: чаму ж вы толькі зараз мне напісалі, я паўгода чакала. А мы не ведалі, як падступіцца да яе з усімі навуковымі рэгаліямі», — узгадвае Алесь.

Час ад часу ў якасці выступоўцаў бываюць і самі стваральнікі клубу, калі цікавіць тэма і багаж ведаў дазваляе выказвацца па ёй.

Фота: Beer&History

Культура піцця і культура дыскусіі

«Мы ўсе ўтраіх траўмаваныя гістфакам, — жартуе Алесь. — А траўмаваныя таму, што гэта такое дэматывуючае месца. Нават калі там і распавядаюць нешта важнае і цікавае, то робяць гэта вельмі сумна, з агрэхамі і памылкамі, з фармалізмам. Гэта варта выпраўляць», — кажа ён.

Гістарычны клуб Beer&History быў прыдуманы ў чэрвені мінулага года. Стваральнікі жывуць цяпер у Беластоку. Алесь у эміграцыі з сакавіка 2022 года, Даша — з канца 2021 года, а Лёша жыве ў Беластоку ўжо шмат год.

«Мы з сябрамі заўжды любілі чаго-небудзь выпіць і паразмаўляць на тэмы каляінтэлектуальныя і гістарычныя. І вось мы падумалі: а чаму гэта не можа быць цікава іншым людзям? Вось так прыйшла ідэя, што мы будзем выступаць, запрашаць гасцей, казаць нешта разумнае, але без такой нуднай акадэмічнай атмасферы, дзе ўсе павінны сядзець роўна і слухаць», — кажа ён.

Так беларусы прыдумалі канцэпцыю гістарычнага клубу, дамовіліся з беларускім барам у Беластоку, і 22 чэрвеня 2022 года адбылася першая сустрэча. Як кажа Алесь, спачатку людзей прыйшло на поўную, але малую залу бара, і з часам прыйшлося «пераехаць» у вялікую, бо людзям «зайшло».

«Гэта прыкольна, гэта такая старая еўрапейская традыцыя. Як героі Томаса Мана, студэнты збіраліся пасля ўніверсітэцкіх лекцый недзе ў пабе, каб пагутарыць пра Арыстоцеля. Старая традыцыя, нямецкая, чэшская, брытанская. Гэта адначасова і культура піцця, і культура дыскусіі», — кажа Алесь.

З таго часу пачалася вялікая праца. Для таго каб лекцыя адбылася, трэба вызначыцца з тэмай, знайсці і ўсё ўзгадніць з лектарам, напісаць некалькі пастоў і абвестак у сацсеткі, усё арганізаваць і зрабіць у дзень лекцыі, а потым прыбраць усё пасля яе. Шмат розных арганізацыйных справаў, патроху нешта трэба рабіць кожны дзень.

«Лектар можа ехаць здалёк, з якой Прагі, Кракава ці Варшавы. Усё трэба арганізаваць. А яшчэ бываюць складанасці, калі чалавек вязе з сабою нешта цікавае, а гэта здараецца часта. У нас аднойчы быў момант, чалавек вёз з сабою друкарскі станок часоў Скарыны, вось гэта была прыгода», — кажа Алесь.

Час ад часу выступаюць і лектары з Беластока. Тады з лагістыкай і арганізацыяй сустрэчы прасцей.

Тэму звычайна вызначае сам лектар. Пры гэтым, як заўважыў Алесь, шмат людзей прыходзіць на лекцыі, тэмы якіх неяк звязаныя з «класічным наборам» — смерцю, грошамі ці сэксам. А вось калі тэма нейкая больш абстрактная, но слухачоў прыходзіць менш.

Лекцыі ў Beer&History арганізатары спрабуюць зрабіць максімальна інтэрактыўнымі і нагляднымі. Практычна ўсе яны праходзяць з дэманстрацыяй фота, спачатку для гэтага кожны раз трэба было думаць, дзе пазычыць праектар. З часам атрымалася набыць свой уласны за данаты, якія пакідаюць тыя, хто прыйшоў паслухаць лекцыю.

На лекцыі пра беларускі нацыянальны строй, напрыклад, Кацярына Ваданосава, якая даўно вывучае гэтую тэму, прыйшла ў самаробным строі, каб прадэманстраваць вышыўку і прадметы адзення. На лекцыі пра пітны мёд у ВКЛ адбылася дэгустацыя сапраўднага пітнога мёду, зробленага па традыцыйным рэцэпце, яго прадставілі вырабнікі з адной невялікай польскай майстэрні. На лекцыі пра беларускія грошы і грашовыя сістэмы Алесь Кіркевіч дэманстраваў беларускіх манет.

На лекцыі пра важныя для Беластока месцы Аляксей Трубкін паказваў каштоўныя архіўныя фоты горада. Ужо пасля лекцыі, восенню, арганізатары Beer&History зладзілі па гэтых фота экскурсію непасрэдна ў горадзе, яна тады сабрала багата наведнікаў. У найбліжэйшым цёплым сезоне такія экскурсіі працягнуцца.

Гісторыя ўплывае на ўспрыманне сучаснасці, і цяпер ёй цікавіцца ўсё больш людзей

Цікавасць да гісторыі з часам расце, заўважае Алесь. У тым ліку і сярод беларусаў у эміграцыі. Пра гэта сведчыць рост наведнікаў лекцый ужывую, і актыўнасць падпісантаў клубу ў сацсетках.

«Гэта дысцыпліна, якая моцна ўплывае на ўспрыманне сучаснасці. Звязаная і з палітыкай, і з ідэалогіяй, і філасофіяй, і з усім тым, што адбываецца навокал. Нават калі паглядзець на падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе і пазней — заўжды кожны бок апелюе да гісторыі. Таму людзям, якія думаюць, цікава разабрацца ў тым, як яно было насамрэч», — кажа Алесь.

Фота: Beer&History

Паводле словаў стваральніка клубу, чым больш людзей пачынае цікавіцца гісторыяй, тым больш з часам становіцца запатрабаваны менавіта афлайн-фармат. Многія цяпер глядзяць дакументальнае кіно па гісторыі ці нейкіх блогераў. Але пры такім фармаце няма магчымасці задаць пытанне і аператыўна атрымаць на яго адказ, няма магчымасці падыскутаваць з лектарам. Але такая магчымасць з’яўляецца падчас афлайн-сустрэч.

Мама двух дзетак, якія малявалі на лекцыі, — Таццяна. Яна прыехала ў Польшчу з Беларусі летам 2022 года і з таго часу бывае практычна на кожнай сустрэчы клубу.

«Сюды іду як проста да матулі на каву. Таму што працуеш дома — і людзей не бачыш. А тут — сёння пра часавымярэнне, тым разам пра этнаграфію, раней — пра Грунвальд ці яшчэ пра што. Гэта такая факультатыўная гісторыя ў любімага выкладчыка», — дзеліцца яна ўражаннямі.

Па адукацыі Таццяна эканаміст, па працы таксама не мае ніякага дачынення да гісторыі. Але кажа, што некалькі апошніх год стала цікавіцца. Спачатку беларускай мовай — праз курсы «Мова Нанова» яшчэ ў Беларусі. Потым — беларускай гісторыяй.

«Я часта званю сябрам пасля лекцыі і расказваю, пра што мы размаўлялі, дзялюся цікавымі фактамі, інсайтамі», — кажа яна.

Святлана Куль пасля лекцыі застаецца адказваць на пытанні слухачоў, а пасля — на размову са сваім студэнтам і яго сябрамі.

«Я іх вучыла, а мне цяпер ёсць чаму павучыцца. Тое, што яны тут робяць, гэта канечне… я б паставіла пяць з плюсам па пяцібальнай сістэме. Гэтага не хапае ў Беластоку», — кажа яна.

Святлана называе гістарычны клуб працягам таго, што адбывалася ў Беларусі, але было знішчана рэпрэсіямі пасля падзей 2020 года, маючы на ўвазе гродзенскі Цэнтр гарадскога жыцця, у якім адбываліся падобныя імпрэзы, а таксама і дзейнасць іншых грамадскіх арганізацый.

Выкладчыца лічыць, што такія сустрэчы неабходныя, і не толькі для таго каб папулярызаваць гісторыю, а хутчэй для таго каб людзі мелі магчымасць вызначыцца з важным.

«З каранямі, мы, здаецца, ужо разабраліся. Трэба вызначацца, разбірацца, куды тыя карані растуць, на чым мы стаім, у чым наш культурны і гістарычны код», — кажа яна.

Святлана выкладае Беларускай акадэміі ў Беластоку. Яна заўважыла, што апошнім часам цікавасць да гісторыі вырасла і там. Кіраўніцтва акадэміі мае магчымасць крыху змяняць праграму навучання і дадаваць прадметы. Навучэнцы акадэміі выбралі гісторыю Беларусі ў якасці дадатковага прадмета, хаця маглі папрасіць увесці больш гадзін па профілі, напрыклад, менеджменту ці права.