Лайфстайл пад санкцыямі. Чаго беларусам не хапае ў крамах
Статья
15 марта 2023, 16:35

Лайфстайл пад санкцыямі. Чаго беларусам не хапае ў крамах

Иллюстрация: R.I. / Медиазона

Некаторыя антыдэпрэсанты, чыпсы Lays з крабам і дэзадарант Old Spice знікалі з паліц беларускіх крам праз санкцыі і спыненне паставак з Украіны пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Такія «згубы» паўтараюцца дагэтуль. Тавары з’яўляюцца па новых цэнах, а іх якасць можа адрознівацца. Або тавары не з’яўляюцца. «Медыязона» папрасіла беларусаў расказаць, на якія пакупкі яны цяпер палююць і чым замяняюць улюбёныя маркі. Нам адказалі 40 чалавек.

Прадукты. Сыр з цвіллю, Rafaello і «Мівіна»

Некалькі суразмоўцаў «Медыязоны» адзначаюць, што з крамаў зніклі еўрапейскія сыры, мясныя прадукты, шакалад і алкаголь. Замяніць іх пакуль няма чым, кажа жыхарка Мінска Юлія, падкрэсліваючы, што цяжэй за ўсё ёй знайсці аналаг сыру з цвіллю.

Жыхарка Берасця Галіна распавядае, што замест еўрапейскіх сыроў купляе фермерскія наўпрост у вытворцы. Яна дадае, што на змену сырам з Еўрасаюза ў крамы прыйшлі расійскія, тое ж самае адбываецца і з макаронай — «пасты італьянскія замяняюць расійскім прадуктам».

У крамах стала значна складаней адшукаць вяршкі нават беларускай вытворчасці — цяпер яны прадаюцца толькі ў маленькай упакоўцы, — звяртаюць увагу некалькі суразмоўцаў «Медыязоны».

— Раней у Milkavita можна было заказваць велізарныя партыі малака і вяршкоў у тэтрапаку. Пасля 24 лютага яны гэта адмянілі. У крамах значна зменшыўся выбар малочнага, вяршкі ў тэтрапаку знайсці наогул складана, вельмі хутка ўсё раскупляюць, — распавядае барыста Валерыя.

Складаней стала знайсці еўрапейскі шакалад — напрыклад, Ritter Sport на нейкі час наогул знік з продажу. Цяпер яго можна знайсці, але каштуе нямецкі шакалад значна даражэй, адзначае мінчанка Насця.

Зніклі прысмакі ўкраінскай фабрыкі Roshen, мармелад Haribo і цукеркі Raffaello. Некалькі беларусаў адзначылі, што на прылаўках не знайсці шакаладных батончыкаў KitKat. Замяніць папулярную слодыч ад Nestle ў нашых суразмоўцаў пакуль не выйшла, таму яны купляюць батончыкі за мяжой або просяць пра гэта знаёмых, якія ездзяць у Еўропу.

На прылаўках стала менш чыпсаў: у крамах цяжка знайсці Pringles, Estrella і некаторыя віды Lays, напрыклад, «з печкі з лісічкамі» або «з крабам». Жыхарка Мінска Крысціна распавядае, што Lays зніклі і праз «нейкі час» зноў з’явіліся ў продажы, праўда, «на смак сталі горшымі».

Мінчанка дадае, што падобная сітуацыя была і з украінскімі сухарыкамі Flint. Яны «надоўга зніклі» з крамаў, а калі вярнуліся на прылаўкі, моцна страцілі ў смакавых якасцях — «цяпер іх наогул есць немагчыма».

Вермішэль «Мівіна» не можа знайсці ў крамах гамяльчанка Аліса і таму купляе «нейкую ноўнэйм локшыну». Артур з Мінска сумуе па ўкраінскім піве «Абалонь», а мінчанцы Марыі стала складаней знаходзіць вегетарыянскую ежу.

Некалькі суразмоўцаў «Медыязоны» адзначаюць, што многія прадукты на час зніклі пасля пастановы Саўміна аб рэгуляванні коштаў — гэта закранула чыпсы Lays, шакаладкі Milka, шакаладныя батончыкі, некаторыя віды гарбаты і локшыну хуткага прыгатавання.

Касметыка і тавары для гігіены. «Карыстаюся цяпер расійскім гаўном Ola!»

На паліцах «Мілы» і «Вострава чысціні» прыкметна скараціўся асартымент дэзадарантаў, фарбаў і сродкаў догляду для валасоў, гігіенічных пракладак і тампонаў, — паведамляюць суразмоўцы «Медыязоны».

Некалькі дзяўчат распавялі, што з продажу зніклі тампоны фірмы o.b., пракладкі Kotex і Libresse.

— З пракладкамі жэсць поўная: альбо паўпустыя паліцы, альбо толькі адной маркі. Карацей, будзем хутка з агарода карміцца і ў капусныя лісты заварочвацца, — іранізуе жыхарка Мінска Аліса.

Мінчанка Алена кажа, што замест o.b. выкарыстоўвала тампоны польскай вытворчасці, пакуль яны былі ў крамах, а цяпер карыстаецца «расійскім гаўном Ola!».

Суразмоўцы «Медыязоны» заўважылі, што ў нейкі момант з паліц знікла фарба для валасоў Garnier, але праз месяц зноў з’явілася ў крамах. Стала цяжэй знайсці фарбу для валасоў Matrix, а ўкраінскай «Рабіны» больш няма ў продажы.

Менш стала і сродкаў догляду для валасоў: у крамах распрадаюць рэшткі тэрмаабароны «па 40 рублёў, хоць была максімум па 15». Не хапае нямецкіх лакаў Londa і Schwarzkopf got2b, але праблемы часам узнікаюць і з беларускімі прадуктамі.

— Мама нядаўна казала, што яе любімы лак «Беліта» больш не выпускае. Прадаўцы ёй сказалі, што няма спецыяльных бляшанак для іх, таму не робяць, — распавядае Аліса.

У фірмовай краме «Беліта» мінчанцы Арыне назвалі яшчэ адну прычыну скарачэння асартыменту беларускай касметыкі — адсутнасць сыравіны для яе вытворчасці. Крысціна распавядае, што беларускія касметычныя кампаніі змянілі формулы сваіх прадуктаў, і праз гэта «самыя класныя і вядомыя прадукты, напрыклад, гель для броваў Luxvisage, не працуюць зусім».

— Змены ў складзе спачатку хавалі, цяпер спісваюць на перабоі ў пастаўках і пішуць на ўпакоўцы: «У прадукце няма такога і такога сульфату, названага ў складзе», — кажа яна.

Суразмоўцы «Медыязоны» называюць некалькі касметычных брэндаў, асартымент якіх скараціўся — гэта, напрыклад, Maybelline, Essence, L’oreal і Eveline. Часам з паліц знікаюць асобныя прадукты — лінейка матавых памад або тонікі для твару.

— Было цяжка знайсці маю міцэлярную ваду Eveline, увогуле колькасць прадукцыі гэтай маркі значна скарацілася. «Ой, а мы не завозім. Ой, у нас праблемы з пастаўкамі», — гэта тое, што адказваюць у крамах, — расказвае Караліна з Магілёўскай вобласці.

Мінчанка Крысціна адзначае, што з крамаў сеткі «Золотое Яблоко» зніклі невялікія брэнды, якіх раней «было багата»: «больш не возяць RAD, напрыклад, прадаюць рэшткі. Знайсці альтэрнатыву гэтай касметыцы я не змагла — выкручваюся іншай, але гэта зусім не тое».

Складаней стала знайсці ў крамах дэзадаранты Old Spice ў стыку і антыперспіранты Rexona, а каштуюць яны ў некалькі разоў даражэй, чым год таму.

Иллюстрация: R.I. / Медиазона

Лекі. «Беларускія аналагі дапамагаюць слаба»

Некалькі беларусаў расказалі пра праблемы з медыкаментамі — некаторыя з іх цяжка адшукаць, а іншыя ўжо не прадаюцца.

Жыхарцы Мінска Валерыі ад псарыязу дапамагае толькі ўкраінскі прэпарат «Бетасалік» — ён знік з продажу незадоўга да таго, як у дзяўчыны пачаўся рэцыдыў.

— Замяніла беларускімі аналагамі, але яны дапамагаюць слаба. П’ю заспакаяльныя лекі і спрабую менш хвалявацца, пакуль што так, — расказвае яна.

Суразмоўцы «Медыязоны» назвалі яшчэ некалькі прэпаратаў, якія цяжка знайсці ў аптэках: мазь ад дэрматыту «Пімафукорт», дэнтальная мазь «Солкасерыл», біядабаўка «Карнітон». Абязбольвальных таблетак «Параскафен» не было ў продажы каля года — у аптэкі яны вярнуліся зусім нядаўна, кажа жыхарка Гродзенскай вобласці Кацярына.

Медработніца псіхіятрычнага аддзялення Кася расказвае, што на працягу года знікаюць і зноў з’яўляюцца розныя транквілізатары і антыпсіхатыкі. Праз змену апошніх у некаторых пацыентаў здараюцца абвастрэнні, адзначае яна.

— Знікаў «Клоназепам», «Рысперыдон» у таблетках, уколы «Клапіксол Дэпо» траплялі раней, а цяпер зніклі «Мадытэн Дэпо», — пералічвае Кася. — Нядаўна з аптэк знікаў антыдэпрэсант «Флуаксетын», а перакідаць пацыента паміж антыдэпрэсантамі таксама непрыемна, і могуць здарыцца абвастрэнні.

Корм для жывёл. Заказваюць з-за мяжы

— Корм сярэдняга кошту больш-менш нармальнай якасці ўжо амаль не знайсці. Тое, што мы бралі па 18-20 рублёў за кілаграм, зараз каштуе 40-50 рублёў, — расказвае Караліна.

Некалькі суразмоўцаў «Медыязоны» сутыкнуліся з цяжкасцямі ў выбары корму для хатніх жывёл — адны маркі зніклі з рынку, іншыя знікаюць і зноў з’яўляюцца ў продажы, але каштуюць даражэй.

Гаспадары выходзяць з сітуацыі па-рознаму: шукаюць таннейшы корм, з запасам купляюць звыклы за мяжой або пераводзяць хатніх гадаванцаў на змяшанае харчаванне — у большай ступені гэта тычыцца сабак.

— Недзе ліверку купілі, недзе кансервы ўзялі, тушонку ў страшных крамах кшталту «Светофора». Пераводзіць сабаку са спецыяльнага харчавання на змяшанае — не лепшы варыянт, але ў людзей няма грошай. Купляць зусім танны корм — таксама вар’яцтва, бо зусім хутка жывёліна атрымае хваробу нырак ці запаленне, — гаворыць Караліна.

Яна адзначае, што аднойчы з крамаў зніклі нават «распіяраныя і не вельмі якасныя» Whiskas і Kitekat.

Жыхар Мінска Дзмітрый не можа знайсці ў крамах корм для марскіх свінак, таму робіць сумесь сам.

iPhone купляюць у Instagram

Мінчанка Дзіяна звярнула ўвагу на «цяжкасці з імпартам», калі спатрэбілася знайсці дэталі для аўтамабіля і садовай тэхнікі — у продажы іх не аказалася.

— Зразумелі, што прасцей купіць новую тэхніку і берагчы машыну да апошняга, дэталі замяніць няма чым, — кажа яна.

Паводле слоў жыхаркі Гродзенскай вобласці Кацярыны, вырабленую ў Еўропе бытавую тэхніку яшчэ можна знайсці, але гарантыю на яе не даюць і прапануюць кітайскія ці расійскія аналагі.

Фатографка Ксенія кажа, што некаторыя камеры цяпер можна купіць толькі пад заказ, а кошты на фотатэхніку моцна выраслі.

Купіць iPhone і камплектуючыя да яго таксама стала складаней: у буйных крамах іх няшмат або няма зусім, таму іх шукаюць у профільных Instagram-акаўнтах або за мяжой.

Суразмоўцы «Медыязоны» сутыкаюцца з цяжкасцямі пры куплі гульняў на прыстаўку і некаторых праграм. Гэта датычыцца і падаўжэння падпіскі на ПЗ — напрыклад, кампаніі Adobe.

Мінчук Артур заўважыў, што пасля пачатку вайны «прыкладна на 300 рублёў» выраслі кошты абутку Dr. Martens, а цяпер ён паступова знікае з продажу.

— Кошты павысіліся амаль на ўсё, і гэта вельмі добра адчуваецца. Як паслухаеш нашых палітыкаў, то ўсё нармальна, усё цудоўна, а санкцыі робяць нас больш моцнымі, — гаворыць Караліна.

Большасць апытаных беларусаў кажуць, што крамы не пустуюць, але іх асартымент зменшыўся. Паводле слоў нашых суразмоўцаў, некаторыя тавары знікаюць з паліц і праз нейкі час зноў з’яўляюцца ў продажы.