Дырэктар symbal.by, арганізатар 100‑годдзя БНР і Дня вышыванкі. Хто такі Павел Белавус, якога абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе
Статья
11 мая 2023, 13:35

Дырэктар symbal.by, арганізатар 100‑годдзя БНР і Дня вышыванкі. Хто такі Павел Белавус, якога абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе

Павел Белавус. Фота: @symbalby / Instagram

Павел Белавус — заснавальнік і былы дырэктар пляцоўкі «Арт Сядзіба», стваральнік крамы нацыянальнай сімволікі і сувеніраў Symbal.by, адзін з арганізатараў маштабнага святкавання 100-годдзя абвяшчэння БНР у Мінску ў 2018 годзе. Паводле версіі абвінавачвання, Павел Белавус «на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». «Медыязона» распавядае пра пяць праектаў, якія арганізаваў і развіваў у Беларусі Павел Белавус.

Сілавікі затрымалі Паўла Белавуса 15 лістапада 2021 года, суд тройчы прызначаў яму арышт па адміністрацыйных справах (на 15, 13 і 7 сутак). Пазней Паўлу было прад’яўленае абвінавачванне па чатырох артыкулах КК — аб грубым парушэнні парадку, закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і здрадзе дзяржаве.

«Арт Сядзіба», з якой усё пачалося

Павел Белавус з аднадумцамі стварыў культурную прастору «Арт Сядзіба» ў 2011 годзе, яна праіснавала 10 гадоў.

«Той факт, што "Арт Сядзіба" стала ў 2011 годзе, пасля таго як была разгромлена плошча 2010 года — гэта як кветка, якая праз афальт прабіваецца і пачынаецца квітнець. Некаторыя кажуць, што "Арт Сядзіба" зрабіла для беларускай культуры дзесьці нават больш, чым Міністэрства культуры», — расказвае «Медыязоне» сябра каманды «Арт Сядзібы» Аляксей Сапрыкін.

Пляцоўка аб’яднала мноства людзей: у «Арт Сядзібе» праводзіліся сустрэчы, канцэрты літаратурныя вечары, кінапаказы, школа арт-менеджменту і мноства іншых мерапрыемстваў. З кампаніі людзей, якія арандавалі памяшканне і давалі яго для выступаў, яна перарасла ў месца, якое дало старт мноству цікавых і важных праектаў.

Першапачаткова «Арт Сядзіба» размяшчалася ў пустым будынку завода «Гарызонт», пляцоўцы давялося перажыць некалькі пераездаў, часта актывістаў высялялі проста па надуманых падставах.

«Мяняліся адрэсы, таму што высялялі ўвесь час. Пэўны час "Арт Сядзіба" была ў падполлі. З памяшкання на Інструментальным завулку нас выселілі з-за таго, што там быццам бы павінна была аднавіцца вытворчасць вудаў і рабалоўных іншых рэчаў, бо памяшканне належала таварыству рабыловаў і паляўнічых. Але зрабілі там выставачны павільён з эратычнай прадукцыяй», — расказвае Сапрыкін.

«Такі фармат для Мінску быў абсалютна новым, таму гэта канечне выклікала вялікі ажыятаж», — узгадвае пра з’яўленне «Арт Сядзібы» кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Мерапрыемствы «Арт Сядзіба» праводзіла не толькі ў Мінску. Нейкі час пляцоўка была партнёрам ЕГУ, сустрэчы і семінары праходзілі ў Варшаве і Вільні. Паводле словаў Аляксея Сапрыкіна, у камандзе пляцоўкі за 10 гадоў былі сотні людзей, якія валанцёрылі, працавалі, дапамагалі ў шматлікіх арганізацыйных пытаннях.

У студзені 2022 года каманда «Арт Сядзібы» заявіла, што спыняе дзейнасць. Гэта было выклікана нарастаннем ціскам з боку беларускіх уладаў і асцярогамі за бяспеку каманды. Незадоўга да закрыцця культурная прастора адзначыла 10-годдзе.

100-годдзе БНР

Адным з вынікаў працы «Арт Сядзібы» стала правядзенне маштабнага святкавання 100-годдзя з дня абвяшчэння БНР 25 сакавіка 2018 года ў скверы ля Вялікага тэатра ў Мінску. Цяпер складана сабе ўявіць нешта падобнае, а тады гарадскія ўлады Мінска дазволілі правесці вялікі святочны канцэрт. На свяце выступілі Akute, РСП, «Дай Дарогу!», Nizkiz, Dzieciuki, Кася Камоцкая, Павел Аракелян і іншыя.

Белавус расказваў у інтэрв’ю «Радыё Свабода», што гэта была гістарычная падзея, і што свята не адбылося б без «Арт Сядзібы», а таксама скаардынаванай працы іншых беларускіх актывістаў і ініцыятыў.

«"Арт Cядзіба" і зрабіла БНР-100, я не магу сказаць, што гэта я зрабіў, Матолька ці Пальчыс. Нас была каманда як мінімум чалавек 50, якія гэтым усім займаліся. У нас была каманда, і мы падзяділіся хто за што адказны, хтосьці — за медыя, хтосьці — за агульную кардынацыю валанцёраў, хтосьці — за працу з артыстамі, хтосьці — за туалеты. <…> БНФ і "Арт Сядзіба" былі галоўнымі заўянікамі, галоўнымі арганізацыямі, якія ўзялі на сябе адказнасць. Без "Арт Сядзібы" не атрымалася б БНР-100, не атрымаўся б дзень вышыванкі, без "Арт Сядзібы" не было б symbal.by», — расказваў ён.

Паводле розных ацэнак, на святкаванне ў той дзень сабралася ад 20 да 50 тысяч чалавек.

У 2018-2019 гадах Павал Белавус паспрыяў адкрыццю у яго родным горадзе Лідзе помніка князю Гедыміну.

Дзень вышыванкі

Фестываляў «Дзень вышыванкі», арганізаваных «Арт Сядзібай», было два, абодва прайшлі ў 2014 годзе. Гэта былі кірмашы, на якіх можна было купіць беларускія тавары, паслухаць беларускую музыку, пазнаёміцца і пагутарыць з аднадумцамі. Як распавядае Сапрыкін, людзі ішлі на фестываль цэлы дзень. Клуб «ДК», у якім праходзіў першы дзень вышыванкі, быў разлічаны на 120 чалавек, і ён быў поўны пастаянна.

«Гэта была такая паслямайданная гісторыя, калі ўкраінцы пачалі больш цікавіцца ўкраінскім, і мы таксама зразумелі, што трэба, каб не згубіць сваю тоеснасць, вяртацца да нейкіх культурных кодаў», — успамінае Аляксей Сапрыкін.

Другі дзень вышыванкі вырашана было арганізаваць у Палацы мастацтваў. Туды прыйшло яшчэ больш народу, было больш мерапрыемстваў, больш гандлёвых кропак.

«Мне здаецца, вось гэтыя традыцыйныя кірмашы накшталт мядовага спасу, ці выставы футраў, што там праводзіліся, яны столькі людзей не збіралі, і такога масштабу палац мастацтваў не бачыў», — расказвае Аляксей.

Трэці дзень вышыванкі павінен быў адбыцца летам у парку Горкага. Аднак кіраўніцтва парку, спачатку само звярнулася ў «Арт Сядзібу», а потым само адмовілася ад гэтай задумы.

Мерапрыемства з назвай «Дзень вышыванкі» на плошчы ля Палаца спорту ў выніку правёў БРСМ. Вядома, ніхто не абмяркоўваў гэтага з камандай «Арт Сядзібы» і не прасіў дазволу на выкарыстанне ідэі і назвы.

«Яны забралі нашую назву, забралі нашае мерапрыемства. Але ж мы былі там — яны зрабілі усё гэта ў сваім класічным стылі агратрэшу», — успамінае ён.

Symbal.by

Symbal.by — камерцыйны праект, якім кіраваў Павел Белавус пасля таго, як сышоў з пасады кіраўніка «Арт Сядзібы». У краме, афлайн і анлайн прадаваліся розныя тавары з нацыянальнай беларускай сімволікай.

Як распавядае Сяргей Будкін, велізарная роля Паўла Белавуса ёсць у тым, што ў той час усе «ад мадэляў да Макея апраналіся ў вышымайкі».

«Я ведаю, што ў яго краме закупаліся і чыноўнікі, і супрацоўнікі пракуратуры, таму што кожны хацеў мець нешта з нацыянальнай сімволікай, нешта, што можа даць нейкі гонар, хай гэта будзе нейкі там кубак, ці майка. Але попыт быў вялізарны, і ён толькі разгортваўся. Гэта мусіў быць супер-паспяховы бізнэс у кожным абласным горадзе. Гэта гісторыя з нацыянальным каларытам, як можна будаваць сваю справу так, каб яна яшчэ прасоўвала і культуру краіны. Канечне, Пашу б зараз не ў турме сядзець, а выступаць з лекцыямі», — кажа ён.

Крама symbal.by зачынілася ў чэрвені 2020 года. Павел Белавус, тады яшчэ будучы на волі, растлумачыў гэтае рашэнне пастаяннымі праверкамі, праз якія працаваць стала немагчыма. Пытанні да дзейнасці крамы «нечакана» паўсталі, як пісаў Павел, у падатковай, АБЭЗ, санстанцыі. Першыя праблемы паўсталі ля крамы 12 чэрвеня, калі міліцыя канфіскавала ў кур’ера symbal.by больш за 400 футболак з надпісам «ПСІХО3%», якая абыгрывала два папулярныя мемы — пра рэйтынг Лукашэнкі і пра яго стаўленне да пандэміі.

У адзін з апошніх дзён працы крамы людзі сталі ў чаргу на праспекце Машэрава, каб паспець купіць нешта з яго асартыменту. Тых, хто сабраўся, разагнаў АМАП, каля 20 чалавек былі затрыманыя.

Годна

Разам з аднадумцамі Белавус запусціў грамадскую кампанію «Годна», якая аб’ядноўвае актывістаў, блогераў, прадпрымальнікаў. Кампанія працягвае дзейнасць да гэтага часу. Паводле словаў Сяргея Будкіна, ініцыятыва ўзяла найлепшае ад папярэднікаў і стала адным з самых прыкметных культурных праектаў.