Замяніў сабой аддзел беларускай культуры ў Гомелі. Хто такі Яўген Меркіс, якому прысудзілі 4 гады калоніі
Наста Кривошеева
Статья
30 мая 2023, 16:21

Замяніў сабой аддзел беларускай культуры ў Гомелі. Хто такі Яўген Меркіс, якому прысудзілі 4 гады калоніі

Яўген Меркіс. Фота: асабістая старонка ў Facebook

Гомельскі журналіст Яўген Меркіс шмат год займаўся развіццём свайго горада — папулярызаваў беларускую мову і культуру, прасоўваў змены ва ўрбаністыцы рэгіёна, стварыў альтэрнатыўную мапу Гомеля. Сёння суд прызначыў яму 4 гады пазбаўлення волі. «Медыязона» распавядае, хто такі Яўген Меркіс і што ён зрабіў для развіцця гомельскага рэгіёна.

Тлумачыў праблемы з сучаснай беларускай ідэнтычнасцю

Паводле словў сябра і калегі Меркіса Міколы Бенька, шмат год асноўная яго дзейнасць была скіраваная на развіццё Гомельскай вобласці, папулярызацыі там беларускай мовы і культуры.

У Гомелі Меркіс займаўся арганізацыяй «Талака», якая дабівалася выкарыстання беларускай мовы ў садках і школах, арганізоўвала гістарычныя рэканструкцыі і ладзіла святы на важныя для беларускай гісторыі даты, кажа сябра.

Бенька пазнаёміўся з Меркісам у канцы 2000-х гадоў, калі той быў яшчэ студэнтам гістфака БДУ. «Тады я яго заўважыў, што ён вельмі такі актыўны, неабыякавы студэнт, які цікавіцца беларускай гісторыяй і заўсёды падключаецца да нейкай канструктыўнай прабеларускай дзейнасці», — узгадвае журналіст.

Стварыў альтэрнатыўную мапу Гомеля

Разам з іншымі актывістамі «Талакі» Меркіс распрацаваў альтэрнатыўную мапу горада — на ёй адлюстравалі месцы, якіх у Гомелі яшчэ няма, але яны маглі б зрабіць яго цікавейшым.

«Ён прапагандаваў ідэю стварэння заапарка ў Гомелі, на другім баку ракі Сож. Ці ўшанаваць месца, дзе праводзіўся першы футбольны матч у Беларусі. Гомель з’яўляецца сталіцай беларускага футбола, горадам, дзе ў першы раз узгадваецца гульня ў мяч, менавіта ў футбол», — тлумачыць задуму Бенька.

Паводле словаў прыяцеля, Меркіс абараняў драўляную спадчыну Гомеля, выступаў супраць інтэнсіфікацыі руху аўтамабіляў у цэнтры горада, распавядаў пра «белыя плямы» гісторыі рэгіёна — з апошнім яму дапамагала профільная адукацыя.

Сябра кажа, што Меркіс «фактычна замяніў па сваёй актыўнасці аддзел беларускай культуры» ў Гомелі.

«З падачы ўладаў і прапагандысцкай машыны ўсім уяўляецца, што Гомель да праходу расійскіх каланізатараў нічога з сябе не ўяўляў», — кажа Бенька. Насамрэч на Гомельшчыне быў даволі цікавы населены пункт на ўсходнім рубяжы ВКЛ, дадае ён.

«Тут былі ўнікальныя майстэрні па вырабе зброі, замак, разбураны расійцамі ў 17 стагоддзі. Вельмі шмат якія факты ён папулярызаваў, гэта дазваляла патлумачыць праблемы з нашай беларускай ідэнтычнасцю на дадзены момант».

Быў затрыманы за журналісцкую працу

Прыкладна ў 2017 годзе Яўген Меркіс пачаў працаваць у журналістыцы. Яго затрымлівалі падчас асвятлення пратэстаў «недармаедаў» на Гомельшчыне. Як распавядае калега Меркіса, журналіст Андрэй Мядзведзеў, тады рэгіён «выбухнуў сваімі акцыямі, яны аказаліся больш шматлікімі, чым, напрыклад, у Мінску альбо ў іншых абласных цэнтрах».

Паводле словаў калегі, журналіст і ў тыя гады не баяўся «проста ісці і размаўляць з тымі ж самымі чыноўнікамі, міліцыянерамі, іншымі супрацоўнікамі дзяржаўнай сферы. Яго не спыняла небяспека быць затрыманым».

Агулам за ўсе гады за журналісцкую дзейнасць Меркісу прысудзілі 50 сутак арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.

Перад затрыманнем па крымінальнай справе сілавікі прыходзілі да Меркіса з вобшукамі ў лютым і ў ліпені 2021 года. У жніўні 2020 журналіста арыштавалі на 5 сутак, але па якім артыкуле, не ўдакладнялася.

Рабіў сайт пра краязнаўства, затрыманы за «экстрэмізм»

Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года — на наступны дзень пасля гэтага дома ў ягонага бацькі сілавікі правялі вобшук па крымінальнай справе. Яўгена Меркіса ў выніку абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім і ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Падрабязнасці справы журналіста невядомыя, а паседжанні праходзілі то ў адкрытым, то ў закрытым рэжыме.

Да свайго апошняга затрымання журналіст займаўся развіццём краязнаўчага сайта пра Гомельшчыну «Наш край». Там публікаваліся артыкулы пра абрадавасць рэгіёна, ягоную мову, культуру і этнаграфію. Паводле словаў Міколы Бенька, Меркіс займаўся ім некалькі год, а пасля арышту сілавікі спрабавалі знішчыць партал. Аднавілі старонку знаёмыя журналіста, але частка інфармацыі згубілася.

Зараз за кратамі журналіст знаходзіцца «ў інфармацыйнай блакадзе», сцвярджае ягоны сябра. Тым не менш трымаецца бадзёра — шмат чытае, займаецца спортам. Дома яго чакае бацька і брат, які мае цяжкае захворванне і патрабуе дагляду. Жонка журналіста, даследчыца этнаграфіі Наталля Маркевіч, памерла ў 2012 годзе ад анкалогіі.

«Думаю, у ініцыятараў пераследу Яўгена склаўся вобраз яго як жыццярадаснага і лёгкага чалавека — быццам бы яны змогуць лёгка яго зламаць. А насамрэч яны сутыкнуліся з вельмі ідэйным, перакананым грамадзянінам, які мае каштоўнасці жалезныя і не здраджвае сабе, сваім прынцыпам», — упэўнены Мікола Бенька.