Ілюстрацыя: Марыя В. / Медыязона
У Беларусі штодзень працягваюцца затрыманні і суды па палітычных матывах. Шмат навінаў прыходзіць ад праваабаронцаў — без іх працы мы не даведаліся б пра многіх ахвяр рэпрэсій. Яны не толькі пішуць пра пераслед, але і дапамагаюць рэпрэсаваным і іх сваякам. «Медыязона» паразмаўляла з маладымі праваабаронцамі «Вясны» — чаму яны застаюцца ў гэтай сферы, нягледзячы на стрэсы і рызыкі.
Імёны гераінь змененыя. Іх дадзеныя ёсць у рэдакцыі.
У асноўным у праваабарону як у прафесійную дзейнасць прыходзяць з валанцёрства. Так было ў Вольгі, якая ў 2020 годзе вучылася ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнту на апошнім курсе. Дапамагаць «Вясне» яна пачала яшчэ ў 2019 годзе падчас пратэстаў супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. У 2020 годзе назіранне ў судах і юрыдычныя кансультацыі сталі займаць увесь яе вольны час. Праваабаронцы, з якімі пагутарыла «Медыязона», раней працавалі ў Мінску і іншых гарадах краіны. Самай старэйшай з іх 33, астатнім — за 20.
Ксенія прыйшла ў «Вясну» перад выбарамі ў 2020 годзе, Ірына — пасля Дня Волі ў 2019-м, а Наста падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў была назіральніцай. Хутка дзяўчына змяніла кірунак дзейнасці — перайшла з IT у праваабарону. Наста ўзгадвае: у дзень выбараў яе калегу-назіральніцу затрымалі нягледзячы на тое, што яна гадуе малое дзіцё.
«Я прыйшла да яе на суд і сустрэла там юрыста «Вясны». А ў яго проста разрываўся тэлефон ад паведамленняў пра затрыманні. І вось я спачатку дапамагла проста хаця б зрабіць тэхнічную працу — адказаць на званкі, запісаць дадзенныя. А потым закруцілася. Рабіла першаснае кансультаванне, дапамагала з пошукам людзей, запісвала гісторыіі», — кажа Наста.
У кожнай з праваабаронцаў, з якімі паразмаўляла «Медыязона», быў свой «пункт невяртання», пасля якога было вырашана застацца ў праваабароне.
«На судзе над двума братамі ў Чэрыкаве, якім вынеслі смяротны прысуд за тое, што яны забілі настаўніцу, людзі ў зале сталі пляскаць у далоні пасля выраку. Такі маленькі горад, усе ведалі тую настаўніцу, тых братоў і хацелі, каб іх растралялі», — распавядае Ірына.
«Я была на судзе над Сцяпанам Латыпавым, калі ён праткнуў горла ручкай. Гэта я запомню на ўсе сваё жыццё. Бачыла і бацьку Сцяпана, які сачыў за гэтым, бачыла, як збег суддзя, як пракурор не мог сысці з месца, гэта быў самы жорсткі момант», — прыгадвае Ксенія.
«На суды ды і наогул паўсюль хадзілі гатовыя да затрымання. Заўжды з сабою бялізна, сродкі гігіены, зубная шчотка. Калі ахоўнікі ў судзе глядзелі заплечнік, то пыталіся: а навошта гэта вам? Я заўжды казала — да сяброўкі на ноч іду. Але ўсе ўсё разумелі», — працягвае Ксенія.
Вядомых палітвязняў, паводле яе, з часам на суд сталі прывозіць супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Яны самі правяралі тых, хто прыходзіў на працэс, і нават заносілі ў асобны спіс пашпартныя дадзеныя назіральнікаў.
Паводле слоў Насты, на судовых паседжаннях суддзі часам зусім «не саромеліся»:
«Я была на судзе па 23.34, і ў міліцэйскім пратаколе была нейкая відавочная памылка. Не сыходзіўся ці то час, ці то месца затрымання. І вось суддзя проста падчас паседжання паказвае міліцыянтам, дзе ім што трэба выправіць — і яны проста на судзе перапісваюць пратакол так, як ім патрэбна», — кажа яна.
Акрамя назірання за судамі (з якім цяпер усё больш складана), праваабаронцы рабілі і працягваюць рабіць шмат розных рэчаў — кансультуюць сваякоў палітвязняў і аказваюць ім дапамогу ў розных пытаннях, фіксуюць факты катаванняў і жорсткага абыходжання ў зняволенні. Запісваюць гісторыі зняволеных, дапамагаюць скласці скаргі, звароты. І яшчэ шмат розных, непублічных спраў.
У змрочнай руціне бадзёраць і дапамагаюць маленькія перамогі. Аднойчы праваабаронцам удалося паспяхова аспрэчыць у судзе другой інстанцыі прысуд за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
«Мы напісалі скаргу, і пастанову ў выніку адмянілі. Сітуацыя абсурдная: чалавека прыцягвалі да адказанасці за распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу, хаця ён не быў уключаны ў спіс. Адметна, што ў першым судзе праблемы не бачылі», — расказвае Ксенія.
Ірына прыйшла ў праваабарону для таго, каб запісваць гісторыі людзей, назірала ў судах па адміністратыўных і крымінальных справах і потым пісала пра гэта артыкулы. Паводле яе слоў, больш за ўсё запамінаюцца і ўражваюць рэчы, пра якія не напішаш у інфармацыйным артыкуле.
«Памятаю, на суд да Аляксея Сцерлікава, на якім я назірала, прыйшла жонка. Спачатку яна не мела на гэта права, бо была сведкай на працэсе, але потым удалося. Не перадаць, з якім болем ён на яе глядзеў. Ці другі позірк — Івана Зубко. Ён сустракаўся з дзяўчынай Рэнатай, і калі яго затрымалі, яна пайшла за ім у аўтазак. Ёй далі хатнюю хімію, яму — з накіраваннем. І вось яна прыйшла да яго на суд, села бліжэй да клеткі. Як яны адно на аднаго глядзелі», — узгадвае праваабаронца.
У кожнай з праваабаронцаў ёсць свае метады, каб захаваць псіхіку сярод навінаў пра затрыманні, катаванні і вялікія тэрміны.
Ірына піша артыкулы на сайт «Вясны»: гэта той напрамак дзейнасці, ад якога яна не стамляецца, а значыць, можа займацца гэтым доўга.
Іншыя дзяўчаты кажуць, што варта прыслухоўвацца да сябе, памятаць пра сон і ежу і хаця б старацца не быць у працы круглымі суткамі.
«Трэба пакідаць сабе час на іншае жыццё, на маленькія радасці. Інакш можна звар’яцець. Я чытаю навіны і кожны раз думаю, што прабіваецца нейкае чарговае дно. Пенсіянерцы далі некалькі год калоніі. А для яе гэта калонія — тое самае, што смяротны прысуд. І кожная такая навіна робіць вельмі балюча.
Але рэцэпт просты — нават ад гэтага трэба адпачываць і часам абстрагавацца, бо інакш ніяк. Мне, як чалавеку, які ў гэтым нядаўна, цяжка асэнсаваць, як працуюць праваабаронцы, якія ў гэтым з заснавання "Вясны". Як можна гэтым так доўга займацца і заставацца неабыякавым чалавекам», — кажа Наста.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» існуе з дзевяностых і з дзевяностых падвяргаецца нападкам з боку ўладаў Беларусі. Праваабаронцаў рэгулярна затрымлівалі, адпраўлялі на суткі. Мінгарвыканкам рэгулярна выносіў папярэджанні праваабарончаму цэнтру, у 2003 годзе «Вясна» юрыдычна была ліквідаваная. Яе заснавальніка Алеся Бяляцкага двойчы судзілі па крымінальных справах. У сакавіку яму прысудзілі 10 год зняволення, а калегам па «Вясне» Валянціну Стэфановічу і Уладзю Лабковічу — 9 і 7 год адпаведна.
«Ад пачатку ў 2020 годзе не было страшна, пра гэта неяк не думалася. Я, на жаль, не вельмі моцна і цікавілася тым, як пераследвалі арганізацыю да 2020 года. Але калі ўжо масава пачаліся крымінальныя справы, калі да мяне самой прыйшлі з вобшукам, стала зразумела, што давядзецца з’язджаць з краіны, хоць я і не хацела да апошняга», — кажа Наста.
Падобныя гісторыі былі і ў іншых праваабаронцаў. Аднак зараз яны працягваюць сваю працу, нягледзячы на тое, што праз рызыку пераследу ім давялося пакінуць Беларусь.
«Я асабіста камунікавала з вясноўцамі, якія цяпер палітвязні. Яны — мае старэйшыя калегі, якімі я натхняюся. А яшчэ яны вельмі спадзяюцца на нас, таму я ніяк не магу кінуць гэтую справу», — кажа Вольга.