Леанід Судаленка. Фота: асабістая старонка ў Facebook
Пасля вызвалення Леанід Судаленка прабыў у Беларусі толькі 11 дзён. Ён разумеў, што займацца праваабаронай тут небяспечна і ў любы момант можна зноў трапіць за краты. «Лепш я буду ездзіць да цябе ў Вільню, чым у Віцьбу», — так сказала яго жонка, калі Судаленка паведаміў, што вырашыў з'ехаць з краіны. Праваабаронца распавёў «Медыязоне», як працянуў сваю справу ў калоніі, пра спосабы атрымання навін і вязня, які праз доўгі тэрмін зняволення не ведае, што такое інтэрнэт.
56-гадовы праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка быў затрыманы ў студзені 2021 года, пазней суд прыгаварыў яго да трох гадоў зняволення па артыкуле аб грубым парушэнні парадку. Год Судаленка правёў у СІЗА.
У зняволенні Леанід працягваў займацца праваабаронай: цішком дапамагаў вязням у напісанні скаргаў, складанні дакументаў. Пры гэтым абараняць уласныя правы і правы іншых палітвязняў Судаленка не мог.
«Там, дзе я быў, любое маё пытанне да адміністрацыі ў галіне выканання правоў мае пэўныя наступствы. Калі ты трапляеш у лагер, ты павінен падпісаць дакумент аб тым, што будзеш выконваць правілы распарадку, то бок — любыя іх патрабаванні. Адміністрацыя ведала, што я за асоба, мяне папярэдзілі, што калі я буду дапамагаць, нават проста кансультаваць, то адразу ШІЗА будзе для мяне. Але я ўсё роўна дапамагаў».
Часцей за усё вязні ў калоніі прасілі дапамагчы скласці наглядную скаргу ці так званую «памілуху», то бок прашэнне аб памілаванні.
«Дапамагаў, кансультаваў крыху. Бо там у людзей шмат пытанняў узнікае: скаргі, у кагосьці маёмасць няправільна апісалі і гэтак далей. Там ёсць людзі, якім проста ўзровень адукацыі не дазваляе зрабіць гэта самім, яны проста не ведаюць як».
Аднойчы Леанід Судаленка спрабаваў дабіцца ад адміністрацыі калоніі, каб яму аддавалі ўсе лісты, якія прыходзілі на яго імя. З гэтага, чакана, нічога не выйшла.
«Схадзіў адзін раз да намесніка начальніка калоніі з пытаннем пра тое, што ў мяне няма ў прысудзе такога — сядзець без права перапіскі. А мне аддавалі лісты толькі ад блізкіх. І мае лісты таксама не ўсе даходзілі. На што ён адказаў: "Ад жонкі атрымліваеш — і то добра. Тэлефонны званок маеш — і дзякуй скажы. А то і гэтага пазбавім". І вось так я прасядзеў у калоніі, мне ніводнага ліста, апроч як ад жонкі, не прыйшло. А калі быў у СІЗА — прыходзіла і па 5, і 10, бывала і 18 лістоў у дзень, ад розных людзей, ад незнаёмых», — узгадвае ён.
Для таго каб мець магчымасць працягваць працу пасля вызвалення, Судаленку прыйшлося з’ехаць з краіны. Апроч таго, ён баяўся, што зноўку можа трапіць за краты.
«У лагеры я бачыў, па якіх артыкулах людзі туды траплялі. За наведванне "няправільных" каналаў, за лайкі ці каментары. Проста за актыўнасць у сацсетках. Усе мае сацсеткі заўсёды былі публічныя, любы мой пост бяры — і ён цягне на крымінальны артыкул. Таму я разумеў, што прад’яўленне мне новых абвінавачванняў — проста пытанне часу».
Пасля выхаду з калоніі ён правёў дома толькі 11 дзён, пакуль рабіўся новы пашпарт. Сям’я Леаніда — жонка і трое дзяцей — паставілася да таго рашэння з разуменнем.
«Яны, канечне, не былі да гэтага гатовыя, роўна як і я. Вырашылі так, што гэта будзе "часовая камандзіроўка". Жонка сказала: "Лепш я буду ездзіць да цябе ў Вільню, чым у Віцьбу"».
Таго, што адбывалася з праваабаронцам апошнія гады, не ведала толькі яго 84-гадовая маці. Калі Леаніда затрымалі, ёй сказалі, што ён паехаў працаваць за мяжу.
«У нас есць сямейная традыцыя наведваць могілкі на Радуніцу. Калі я адзін год не змог прыехаць, другі — яна захвалявалася і нават думала, што я памёр, а блізкія проста не хочуць ей пра гэта казаць. У яе ёсць пэўныя праблемы са здароўем, і ёй не казалі толькі таму, каб не пагоршыўся стан».
Пасля вызвалення Леанід пабачыўся з маці, але не казаў ёй, дзе быў. Перад ад’ездам паведаміў ёй, што зноўку вымушаны ехаць у Літву і «працаваць па кантракце», бо ў Беларусі няма працы.
«Ну і я з ёй ужо развітаўся. Час ідзе, калі я змагу вярнуцца ў Беларусь — невядома. А ўзрост ужо, ёй 84 гады».
У вымушанай эміграцыі Леанід Судаленка працягвае займацца праваабаронай. Цяпер ён разумее праблемы вязняў яшчэ лепей.
«Трэба працаваць шмат над чым. Над тым, напрыклад, каб сваякі палітвязняў не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі. Я бачыў выпадкі, калі ў сем’ях нават не было грошаў, каб сабраць харчовую перадачу на 50 кг, якая дазволена раз на чатыры месяцы. А там без перадач вельмі цяжка, ты проста будзеш пастаянна галодны».
Леанід распавядае, што даведаўся аб Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму ад іншага палітычнага вязня, а той — «па турэмным радыё».
«Мы ішлі ў сталоўку, а насустрач — іншы атрад. Там таксама быў нехта палітычны, і вось ён крыкнуў нешта пра прэмію, і дадаў "Леанідавіч, з узнагародай". А пазней мне жонка ў лісце пацвердзіла гэтую інфармацыю».
Паводле праваабаронцы, цэнзар, які аддаваў яму ліст, паставіўся да навіны пра прэмію «быццам бы яе не Нобелеўскі камітэт, а гарвыканкам выпісаў».
«Я тады не вытрымаў, сказаў — дык пакажыце, куды ў чаргу па такую прэмію стаць».
Наогул у калоніі віруе шмат інфармацыі, часам яна сапраўдная, часам — проста чуткі. Асноўная яе крыніца — гэта непалітычныя вязні, якім больш вольна дазваляецца гутарыць з адвакатамі і сваякамі.
«Палітычных усе дазволеныя 10 хвілін слухае аператыўны супрацоўнік, ён жа і кажа, якія тэмы забароненыя. Вагнер, вайна ва Украіне, любыя палітычныя тэмы. Можна толькі пра сям’ю і здароўе. А ў мяне трое сыноў, я пакуль у жонкі пра кожнага распытаю, ужо і часу не застаецца».
Навіны ў калонію прыходзілі і пасля спатканняў зняволеных з роднымі.
«Палітычным спатканняў амаль не давалі. Я наогул прасядзеў увесь час без спатканняў, як "злосны парушальнік"».
Пры гэтым сярод навін, якія прыходзілі ў калонію, хапала і плётак. Таму патрабаваўся час і намаганні для таго, каб усё праверыць.
У калоніі Судаленка выпісваў дзяржаўную газету «Беларусь сегодня» і глядзеў дзяржаўнае і расійскае тэлебачанне.
«Мне прынцыпова было атрымліваць хоць нейкую інфармацыю. Нават Мукавозчыка паміж радкоў пачытаць, каб зразумець, куды імкнецца краіна. Куды Лукашэнка паляцеў, куды Качанава паехала. Так хоць троху было больш зразумела, што ў Беларусі адбываецца. З часам нават іншыя да мяне падыходзілі, пыталіся — ну што, Леанідавіч, што адбываецца, чаго нам заўтра чакаць».
Па тэлевізары звычайна глядзелі нейкія баявікі ці кліпы расійскай папсы. Навіны можна было паглядзець адну гадзіну. Часцей за ўсё ўключалі СТВ ці расійскі РТР. Па расійскім тэлебачанні атрымлівалася даведацца хаця б нейкія навіны пра вайну.
«Там распавядалі, як Расія ў белых пальчатках вядзе гэтую "спецыяльную ваенную аперацыю і знішчае ва Украіне неанацыстаў". Хаця нават там гэтаму не верылі, і казалі, што тэлевізар хлусіць».
Палітычнымі навінамі збольшага цікавіліся толькі «экстрэмісты», кажа Судаленка. Большасці звычайных зняволенных былі цікавыя бытавыя справы.
«Мне неяк казалі: сядзець яшчэ 10-15-18 год. Які сэнс гэтым цікавіцца, калі за гэты час усё паспее змяніцца».
Пры гэтым амаль усе, як кажа Судаленка, у калоніі былі супраць улады. Любой — беларускай, расійскай. Бо ў асноўным лічылі сябе несправядліва пакрыўджанымі дзяржавай.
Тых, каго саджалі ў калонію на два-тры гады, называлі «турыстамі». Маўляў, тры гады, гэта так — паглядзець што як і дадому паехаць.
У калоніі Судаленка сустрэў мужчыну, асуджанага на 25 год зняволення за забойства. На той момант яму заставалася сядзець яшчэ тры гады. Яго, распавядае праваабаронца, не цікавіла палітыка, ён не ведаў, што такое інтэрнэт і мабільны тэлефон, не бачыў, як выглядаюць сучасныя беларускія грошы.
«Ён сеў пры Лукашэнку, і выйдзе пры ім, верагодна. Але яго гэта не надта турбавала. Ён марыў толькі пра тое, каб хапіла здароўя выйсці і наведаць магілы сваякоў. А потым, кажа, можна хоць паміраць. Доўгае знахожданне там моцна змяняе асобу».