«Той, хто глядзіць спакойна на гэты гвалт, не можа мець званне лекара». Педыятр з Бабруйска з’ехаў з краіны, каб не працаваць на КДБ
Статья
24 октября 2023, 17:34

«Той, хто глядзіць спакойна на гэты гвалт, не можа мець званне лекара». Педыятр з Бабруйска з’ехаў з краіны, каб не працаваць на КДБ

Міхаіл Самборскі. Фота: асабістая старонка ў Facebook

Актывіста і педыятра з бабруйскай паліклінікі Міхаіла Самборскага затрымалі і хацелі завербаваць супрацоўнікі КДБ. Пасля гэтага ў яго быў ператрус па «наркатычным» артыкуле і некалькі месяцаў жыцця з пастаяннай трывогай. У выніку лекар разам з сям’ёй з’ехаў з краіны. «Медыязона» паразмаўляла з ім — пра допыт у КДБ, пагрозы і рашэнне з’ехаць з краіны.

Працаваў лекарам, поглядаў не хаваў. Затрыманне ў паліклініцы

42-гадовы лекар Міхаіл Самборскі працаваў участковым педыятрам у адной з гарадскіх паліклінік Бабруйска. У 2020-21 гажах ён выходзіў на пратэсты, пазней — пісаў лісты палітвязням, быў валанцёрам у ByProsvet — друкаваў і распаўсюджваў улёткі, але ў поле зроку сілавікоў не трапляў — кажа, увесь час неяк абыходзілася.

Хоць падчас пратэстаў яму даводзілася ўцякаць ад міліцыі.

«Аднойчы я проста ўцёк ад амапаўцаў, натуральна, як заяц, таму і не затрымалі. А мне 40 год было, і вось так бегаць прыйшлося. Быў марш, потым пачаўся хапун. Не памятаю за ўсё сваё жыццё, каб я так хутка бегаў».

Узімку 2023 года Міхаіла затрымалі проста на працы. Супрацоўнікі КДБ прыйшлі ў кабінет да галоўнага лекара, туды ж выклікалі Міхаіла. З паліклінікі лекара забралі на допыт.

Міхаіл лічыць, што яго «здаў» нехта з паліклінікі. У размовах з калегамі, з ягоных слоў, ён ніколі не хаваў сваёй пазіцыі і ў 2020-2021 годзе смела распавядаў пра сваю актыўнасць.

«Я ніколі не хаваў сваіх поглядаў, асабліва спачатку. Тады ніхто не хаваўся. Я казаў, што той, хто глядзіць спакойна на гэты ўвесь гвалт, той не доктар, не можа мець званне лекара. Як такое мачыма — ты лекар, тваё прызванне — ратаваць людзей, а тут народ збіваюць, а ты адварочваешся, быццам цябе гэта не закранае. Вось такая ў мяне была палеміка з калегамі. Яны казалі: мы мусім быць па-за палітыкай. Ну па-за палітыкай, але не па-за сумленнем жа. І не па-за годнасцю чалавечай».

У мясцовым КДБ яго дапытвалі больш за 14 гадзін — з працы забралі ранняй раніцай, а адпусцілі глыбокай ноччу. Супрацоўнікі цікавіліся пратэсным рухам у Бабруйску і настроямі людзей. Пыталіся, чаго «не хапала ў краіне асабіста яму». Паводле слоў Самборскага, яму пагражалі крымінальнай справай «паводле наркатычнага артыкула» і ў выніку прапанавалі «супрацоўніцтва».

«І да 2020 года, і пасля ў мяне было шырокае кола знаёмых, з кім у мяне былі досыць давяральныя адносіны. Ну і вось яны хацелі, каб я стаў іх агентам», — кажа ён.

Сілавікам Міхаіл адказаў, што згодны на супрацоўніцтва — проста для таго, каб мець магчымасць выйсці на волю і эвакуявацца з краіны. Дапамагаць сілавікам ён не збіраўся.

На наступны дзень Міхаіл вярнуўся на працу. Аказалася, што там ужо рыхтаваліся звольніць яго, бо ніхто не разлічваў убачыць лекара на волі ў найбліжэйшы час.

Неўзабаве да Міхаіла прыходзілі з ператрусам па падазрэнні ў гандлі наркотыкамі. Ён лічыць, што гэта быў спосаб запалохвання і насамрэч усе выдатна разумелі, што наркотыкаў у яго кватэры няма. Пасля Міхаілу пачало здавацца, што нехта прыходзіў дадому ў яго адсутнасць. З ягоных слоў, рэчы ляжалі не на сваіх месцах, кнігі ў шафе стаялі не так, як звычайна.

З’ехалі, сядзелі без працы, патрацілі накапленні. Эміграцыя

У пачатку ліпеня Міхаіл з сям’ёй вырашыў з’ехаць з Беларусі.

«У нас проста не было іншых варыянтаў. Я ўпэўнены, што нават калі я б пайшоў на супрацу і пагадзіўся стаць шпіёнам у сваім асяроддзі (жахлівыя рэчы кажу), мяне ўсё адно б пасадзілі, я ўпэўнены. Проста калі б ужо стаў не патрэбны — для прафілактыкі пасадзілі б, каб нічога лішняга не распавядаў. Гэтыя іх метады працы даўно вядомыя».

Віз у сям’і не было, выязджаць давялося праз Расію ў Арменію, а адтуль — у Польшчу. У Расіі Міхаіл купіў новы тэлефон — у мэтах бяспекі стары ён выкінуў у балота яшчэ ў Беларусі: «Хай яны там цяпер за жабамі сочаць».

У Арменіі сям’я жыла крыху больш за два месяцы — чакалі польскія візы. За месяцы без працы Міхаіл з жонкай выдаткавалі ўсе накапленні.

У Польшчы Самборскі пасяліўся ў цэнтры для ўцекачоў у Варшаве. Магчымасці зняць кватэру ў сям’і не было. «Хочам з’ехаць, канечне, бо тут зусім не зручна. Адзін невялікі пакойчык на сям’ю, а ў мяне ж дзяўчаты», — кажа ён.

Міхаіл уладкаваўся працаваць на сельскагаспадарчае прадпрыемства рознарабочым: «Ніколі так не працаваў. Цяжкавата, я ж не такі ўжо і малады. Але што зробіш, праца чалавека корміць».

Жонка Міхаіла не можа ўладкавацца на працу — няма з кім пакінуць малодшую дачку. Дзіцячы сад для дзяўчынкі пакуль не знайшлі. У цэнтр бежанцаў часам прыходзяць валанцёры, якія застаюцца з дзецьмі, але звычайна толькі на пару гадзін на тыдзень.

Міхаіл плануе вывучыць мову, настрыфікаваць дыплом і працаваць у Польшчы па спецыяльнасці. Цяпер у вольны ад працы час ён займаецца польскай мовай разам з іншымі лекарамі.

«Такіх людзей, як я, даволі багата. Ёсць калега з Бабруйска, таксама педыятр. Яна жыве ў Беластоку, мы з ёй разам займаемся. Яшчэ некалькі знаёмых дактароў, вось і змагаемся разам».

«Ты павінен абслугоўваць паўтары тысячы чалавек, а абслугоўваеш шэсць». Беларуская медыцына

Пра сітуацыю ў беларускай медыцыне ў 2023 годзе лекар кажа коратка: «Усё жахліва». У невялікім горадзе ў першую чаргу адчуваецца недахоп кадраў. Міхаіл працаваў у аддзяленні, дзе павінна было быць сем дактароў, а насамрэч працавала двое.

«Уся нагрузка размяркоўвалася паміж мною і жанчынай за 60. Якая ўж тут уважлівасць і якасць меддапамогі, калі ты павінен абслугоўваць паўтары тысячы чалавек, а абслугоўваеш шэсць».

На думку Міхаіла, лекараў не стае праз міграцыю і звальненні. Ёсць і тыя, хто сыходзіць сам ці не вяртаецца на працу пасля дэкрэта — праз стасункі з кіраўніцтвам, нагрузак і пастаянных «пабораў».

«Мы ж здаем грошы на ўсё — на папяровую прапаганду, на дапамогу тым і гэтым, на азеляненне месяца, карацей. Можаш не плаціць, канечне, але гэта будзеш мець наступствы ў выглядзе поўнамаштабнай вайны з усёй адміністрацыяй».