Фота: Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London
На поўначы Лондана, па адрасе Холдэн Роўд, 37, знаходзіцца «акно ў Беларусь» — так бібліятэку імя Францыска Скарыны называе адзін з яе апекуноў Павел Шаўцоў. «Скарынаўка» — гэта самая вялікая бібліятэка беларускай эміграцыі, у якой ёсць нават музей і архіў. Распавядаем, што цікавага можна ўбачыць у самым беларускім месцы Вялікабрытаніі.
Аформленая беларуская дыяспара з’явілася ў Вялікабрытаніі пасля Другой сусветнай вайны. Утваралі яе, у асноўным, выхадцы з Заходняй Беларусі. Многія з іх былі жаўнерамі польскага войска, якім дазволілі застацца ў Брытаніі.
Беларусы за ўласныя грошы пачалі ствараць свае арганізацыі і будаваць грамадскія дамы, нягледзячы на тое, што ў большасці эмігрантаў сродкаў было няшмат — без валодання англійскай і адпаведнай кваліфікацыі ім плацілі мала. Праз некалькі гадоў беларускія цэнтры з’явіліся ў Лондане, Брэнтфардзе і Манчэстэры.
— Былі беларусы, якія марылі, што Сталін памрэ, заўтра яны вернуцца ў сваю вёску, і таму нічога не рабілі. Былі людзі, якія толькі сварыліся ўвесь час, але было шмат людзей, якія думалі, што трэба неяк будаваць беларускае жыццё і тут, — кажа адзін з апекуноў бібліятэкі Павел Шаўцоў.
Павел пераехаў у Лондан з Гомеля больш за 30 гадоў таму і далучыўся да мясцовых арганізацый беларусаў. Цяпер ён найстаршы апякун бібліятэкі: у 1999 годзе на пасаду яго прызначыў адзін з заснавальнікаў бібліятэкі Аляксандр Надсан.
— Калі я быў студэнтам, мяне айцец Аляксандр папрасіў залю прапыласосіць, а цяпер я вяду нашыя зборкі апекуноў. Так што, як у амерыканскай мары, я зрабіў кар'еру ад пыласошання да кіраўніка паседжанняў рады.
Сярод беларускіх эмігрантаў былі і святары. Адзін з іх, Часлаў Сіповіч, у 1960 годзе стаў першым за 150 гадоў беларускім грэка-каталіцкім біскупам. Ён пачаў збіраць кнігі па царкоўнай і беларускай тэматыцы — да гэтага далучыліся іншыя святары — Леў Гарошка і Аляксандр Надсан. Жылі яны ў асобным доме на поўначы Лондана, «Марыян-Хаўзе», дзе і захоўвалі кнігі.
— Сабралі столькі кніг, што ў доме правалілася столь. Тады яны вырашылі купіць асобны будынак і зрабіць бібліятэку. У 1971 годзе ўсё аформілася, у траўні быў урачыста адкрыты будынак бібліятэкі, — распавядае Павел Шаўцоў.
Кнігі шукалі на аўкцыёнах і букіністычных крамах — напрыклад, у Манака купілі старадрукі, выдадзеныя самім Скарынам. «Айцец Аляксандр Надсан любіў жартаваць, што паехаў у Монтэ-Карла і патраціў шмат грошай», — смяецца Павел.
— Там быў аўкцыён, дзе прадавалася шмат гэтых усходнееўрапейскіх старадрукаў. У тыя часы іх было яшчэ лягчэй купіць, таму што не было алігархаў, якія гэта ўсё куплялі.
Беларусы вывезлі ў эміграцыю мноства кніг рэпрэсаваных дзеячоў 1930-х гадоў, якія ўнутры краіны проста знішчалі, дадае Шаўцоў. У Скарынаўцы захоўваюцца рэдкія выданні Браніслава Тарашкевіча, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка і Усевалада Ігнатоўскага.
Цяпер у біблятэчным фондзе ад 30 да 40 тысяч кніг на беларускай мове ці мовах розных краін, але абавязкова па беларускай тэматыцы. Усе яны патрабуюць каталагізацыі — агульнымі высілкамі валанцёры і апекуны апрацавалі каля 16 тысяч асобнікаў.
З пошукам новых цікавостак дапамагаюць валанцёры, якія ўвесь час манітораць букіністычныя крамы і аўкцыёны. Апошнія некалькі гадоў кнігі набывалі не так актыўна, як маглі, бо накіравалі высілкі на захаванне таго, што ўжо ёсць у бібліятэцы.
— Купілі ў апошнія часы некалькі рэдкіх выданняў Міцкевіча і Сыракомлі. Таксама франкамоўнае «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча. Ён быў спецыяліст па артылерыі і феерверках, паходзіў з Віцебшчыны, быў папулярны па ўсёй Еўропе.
Вялікая задача бібліятэкі — алічбоўка калекцый, на гэта шукаюць сродкі і ахвочых дапамагчы. «Да нас прыходзяць сотні людзей у год, а мы хочам, каб гэта бачылі тысячы і дзясяткі тысяч», — кажа Павел.
Нядаўна Скарынаўка пашырылася і адкрыла новае памяшканне для перыёдыкі на падземным паверсе.
— Хочам яшчэ больш месца. Можа, яшчэ адзін паверх зрабіць на гарышчы, каб ладзіць беларускія выставы. Яны вельмі тут паспяховыя. Прыходзяць глядзець шмат ангельцаў і іншых замежнікаў.
Адна з найпаспяховейшых выставаў — экспазіцыя «Няскораныя», якая праводзіць паралелі паміж рэпрэсіямі ў 1930-я гады і ў сучаснай Беларусі. Цэнтральныя экспанаты — кашуля Ларысы Геніюш з ГУЛАГу, перададзеная яе сынам, і турэмная вопратка Наталлі Хершэ, якую атрымалі праз Швейцарскую амбасаду.
— З аднаго боку стаіць кашуля Ларысы Геніюш і экспанаты, прысвечаныя рэпрэсаваным у 1930-х гадах — кнігі і іншае. Злева — вопратка Наталлі Хершэ і кнігі людзей, рэпрэсаваных у сучаснасці: Бяляцкі, Пушкін, Севярынец, Знак і астатнія. Тут жа стаяць плакаты з пратэстаў дыяспары і фатаздымкі затрыманых у Беларусі.
На выставе, прысвечанай дню нараджэння Янкі Купалы, Скарынаўка ўпершыню экспанавала ягоныя рукапісы і асобнікі самых ранніх выданняў. Музейная калекцыя бібліятэкі багатая — вось няпоўны пералік таго, што можна тут знайсці:
— У нас ёсць старадрукі яшчэ з часоў Скарыны, некалькі статутаў ВКЛ: адзін на старабеларускай мове, а другі — на польскай. Брытанцы прыходзілі і казалі: «Мы думалі, вы там сяляне забітыя былі, а вы заканадаўства пісалі ў 16 стагоддзі». Гэта Беларусь у іх свядомасці падымае на некалькі ўзроўняў, што там была досыць sophisticated культура, — кажа Павел.
Скарынаўка захоўвае мноства цікавостак 19 і пачатку 20 стагоддзя, сярод якіх сямімоўны слоўнік часоў Першай сусветнай вайны, выдадзены немцамі. Беларуская яго частка напісана лацінкай, зазначае Павел.
— Я так думаю, што на акупаваных тэрыторыях беларусы ўжывалі больш лацінку, бо немцы — прагматычныя людзі. Гэта быў такі прагматычны слоўнік, зроблены для таго, каб нямецкае войска ведала, пра што на акупаваных тэрыторыях гавораць.
У бібліятэцы ёсць займальныя ўзоры беларускамоўнага самвыдату, надрукаванага ў эміграцыі, такога як падручнік па аўтамабілезнаўстве са схемамі і тэхнічнымі малюнкамі дэталяў, зробленымі ад рукі. Ён быў выдадзены ў 1947 годзе ў Германіі.
— У нас вельмі добрая калекцыя таго, што ў дыяспары выдавалася, а таксама ў Заходняй Беларусі, Вільні ў 1930-ыя гады. Што выдавалася ў савецкай Беларусі, у постсавецкія часы, ёсць і ў нас. Але ў Беларусі вы не знойдзеце дыяспарныя выданні, выданні Заходняй Беларусі, некаторыя старадрукі, — тлумачыць Шаўцоў.
У Скарынаўцы можна паглядзець на карціны старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы і мноства мастакоў беларускай дыяспары, якія перадалі свае працы ў Вялікабрытанію з Францыі, Бельгіі і іншых краін.
Яшчэ адзін скарб бібліятэкі — архіў, у якім захоўваюцца запісы дыяспарных арганізацый і персанальныя архівы выбітных дзеячоў. Зноў жа, не толькі тых, што жылі ў Вялікабрытаніі.
Летам працаваць у архіў прыязджала заснавальніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская. Музыка адсканавала сотні нотных лістоў беларускай музыкі і алічбавала дзясяткі кружэлак. Сярод знаходак Галіны — адзіны захаваны зборнік Уладзімера Тэраўскага «Беларускі лірнік», пяць «Пагонь» і ноты да оперы «Усяслаў Чарадзей».
— Я выхавалася як харавік і ведала, што ў Куліковіча ёсць опера «Лясное возера». Але пра оперу «Усяслаў Чарадзей» ніколі не чула. І ў архіве ёсць гэтыя ноты! І цяпер, калі я згадваю, як мы ў кансерваторыі дырыжавалі на экзамене операмі Рымскага-Корсакава… А маглі б вучыцца на творах Куліковіча, — распавядала яна «Радыё Унэт».
Казіміроўская ўпэўненая, што архіўных скарбаў хопіць на асобны музычны аддзел музея, і марыць аб яго стварэнні.
Бібліятэка — гэта вялікі цэнтр беларусазнаўства, яна ніколі не была проста сховішчам, падкрэслівае Павел Шаўцоў. Пры Скарынаўцы стварылі некалькі арганізацый, сярод якіх Anglo-Belarusian Society — суполка для падтрымкі сувязяў паміж беларусамі і замежнікамі, якія цікавяцца Беларуссю.
— Гэта было вельмі паспяхова, тут стварыўся клуб брытанцаў, якія цікавіліся беларусамі. Сярод іх — Вера Рыч, Джым Дзінглі, Арнольд Макмілін, Гай Пікарда, якія шмат што напісалі, шмат што пераклалі на англійскую мову.
У 1960-ыя гады Англа-беларускае таварыства заклала акадэмічны часопіс Journal of Belarusian Studies, які быў адзінай перыядычнай публікацыяй пра Беларусь на англійскай мове і дасылаўся ў розныя краіны, нават у БССР.
У Скарынаўку прыязджаюць навукоўцы-беларусазнаўцы з іншых краін. Для іх уладкавалі асобны пакой, дзе можна спыніцца. Павел кажа, што ён ніколі не пустуе.
— Нядаўна прыязджала навукоўца з Кембрыджа, якая займаецца некалькімі краінамі былога СССР, а мы, вядома, яе заахвочвалі, каб яна больш Беларуссю займалася. Мы любім тых, хто намі цікавіцца. Яна была ўражаная. Да гэтага Беларусь была адной са шматлікіх краін былога СССР, а пасля візіту для яе Беларусь стала больш адчувальная і цікавая.
Акрамя шматлікіх кантактаў з навукоўцамі ўсяго свету, у бібліятэкі ёсць сувязі з рознымі брытанскімі арганізацыямі. Сярод іх Discovering London, што праводзяць туры па горадзе. Госці прыходзяць глядзець на ўніяцкую царкву святога Кірылы Тураўскага і ўсіх апекуноў беларускага народа, што знаходзіцца праз дарогу ад Скарынаўкі. Гэта першая ў Лондане драўляная царква з часоў Вялікага пажару.
— Яна занесеная ў розныя турыстычныя кнігі пра Лондан. Мы робім такія комплексныя візіты для брытанцаў, якія глядзяць на царкву, і прыходзяць у бібліятэку.
Пасля пратэстаў 2020 года візітаў стала больш — многія беларусы адчулі, што трэба шукаць сваё, і прыходзяць па гэта ў Скарынаўку, мяркуе Павел. Некаторыя нават прыязджаюць з іншых краін. Брытанцаў у бібліятэцы таксама паболела — яны кажуць, што візіты ў Скарынаўку дапамагаюць ім лепей зразумець сітуацую ва ўсходнееўрапейскіх краінах у цэлым. «Калі мы тлумачым пра ВКЛ, гісторыю, людзі кажуць, што іх адукавалі ўвогуле, што яны не толькі пра Беларусь даведаліся».
— Такая сітуацыя была і падчас халоднай вайны — бібліятэка была акном у Беларусь. Калі навукоўцы не маглі дастаць візы ў СССР, то маглі сюды прыйсці. Пасля 2020 года людзі менш ахвотныя ехаць у Беларусь па зразумелых прычынах, таму бібліятэка зноў становіцца такім акном у Беларусь, якая зачынілася ад свету.