«Калі чытаць навіны — жопа, калі быць тут, то бачыш магчымасці». Беларускія актывісты — пра тое, чаму застаюцца ў краіне і падполлі
Олег Грицкевич
Статья
13 февраля 2024, 13:40

«Калі чытаць навіны — жопа, калі быць тут, то бачыш магчымасці». Беларускія актывісты — пра тое, чаму застаюцца ў краіне і падполлі

Иллюстрация: Леон Анин / Медиазона

Затрыманні, рэпрэсіі, вайна, санкцыі і размовы пра тое, што Беларусь пераўтварылася ў канцлагер. А як яно адчуваецца ўнутры краіны? «Медыязона» пагутарыла з грамадскімі і культурніцкімі актывістамі, якія дагэтуль застаюцца ў Беларусі, пра страхі, адносіны да «Новай Беларусі» і матывацыю працягваць рух.

Імёны ўсіх герояў гэтага тэксту — змененыя, іх гісторыі — зашыфраваныя. Усе трое да рэпрэсій кіравалі культурнымі пляцоўкамі і арганізацыямі. Зараз героі застаюцца ў Беларусі, працягваюць займацца культурай і прасоўваннем беларускай мовы, толькі падпольна.

Ігар, культурніцкі прадпрымальнік: «Любая культура развіваецца толькі на сваёй зямлі»

Колькі часу таму я зрабіў выбар застацца ў Беларусі. Прысвяціўшы сваю працу сферы культуры, разумею, што па-за межамі Беларусі для беларускай культуры нічога не зробіш. Гэта справядліва і для любой іншай краіны, любога народа. У эміграцыі можна толькі культурныя здабыткі захоўваць. Як музейныя экспанаты, але не болей. А вось развіццё, эвалюцыя, наогул жыццё культуры магчымае толькі на той зямлі, дзе яна нарадзілася і развівалася тысячагоддзямі.

Я люблю свой горад, зямлю, краіну. Тут пахаваныя ўсе мае продкі, я хачу каб мае дзеці раслі і выхоўваліся мной тут. Каб у іх было сапраўднае адчуванне дома, каб іхнія карэньчыкі ўрасталі адразу ў тую зямельку, куды дзяды клаліся, і пераемнасць пакаленняў існавала не на словах, а насамрэч. З Беларусі я з’еду толькі калі будзе смяротная небяспека.

Зараз у Беларусі цяжка зарабляць грошы: кошты растуць, узровень камфорту зніжаецца, некаторыя тавары ці зніклі, ці выраслі ў цане. Але радыкальнага абвалу не адбываецца. У Беларусі ніколі не было лёгкага жыцця. Прынамсі, не на маім вяку. Але дзе лёгка? Дзе добра? Лёгка і хутка зарабляюцца грошы за кошт чужога гора. Гэта не шлях сумленнага чалавека.

Наконт таго, што Беларусь — канцлагер: лухта. За канцлагер нам ужо адно кінахронікі раскажуць. І нягледзячы на ўсю трэшаніну, нават сучаснай Беларусі да адпаведнасці гэтаму статусу яшчэ вельмі далёка.

Што датычна свабодаў і магчымасцяў — я не памятаю часоў, калі радыкальна адрознівалася сітуацыя. Заўжды любая ініцыятыва знізу праварочвалася з жудасным рыпеннем і праз цяжкасці. Але у выніку — вынаходлівасць у крыві кожнага беларуса. Мы звыклі знаходзіць магчымасці там, дзе іх нібы няма і быць не можа. І апошнія гады проста змянілі ўваходную стартавую раскладку.

Крыху часу спатрэбілася, каб агледзецца ў абноўленых умовах і далей існаваць у штатным рэжыме. Спрабуем, прабіваемся, дзе можам, дасягаем дробных поспехаў, цешымся, робім наступны крок. Колькі асфальтам поле не закатвай, а трава ўсё адно праб'ецца.

Вось што прыемна — за апошнія гады шмат да каго дайшло, што сама схема закаткі поля ў асфальт — ненармальная.

Так, зараз актыўных і неабыякавых стала меньш, шмат хто з’ехаў. Мы ўсе звыклі існаваць у сваіх колах, якія не з’явіліся проста так, а фарміраваліся цягам часу. І зараз нашы мікрасусветы разбіты па розных прычынах. Але ідзе працэс перабудовы, фарміруюцца новыя колы стасункаў, формы ўзаемадзеяння і ўзаемадапамогі. І гэтых формаў стала нашмат больш, бо зачапіла амаль усіх. І новыя мікрасусветы — прасунутыя і ўдасканаленыя версіі папярэдніх. Таму не усё так кепска, як можа падавацца.

З 2020 года прайшло тры гады. Тыя падлеткі, што былі падлеткамі, скончылі школы і паступілі ў ВНУ. Я бачу новых людзей, іх цікавасць да беларускасці. І гэта ў сённяшніх рэаліях працэс падпольны, звонку нябачны. Але ён ідзе, ён нікуды не знік і хутчэй набраў моцы. Але людзі баяцца выносіць гэтыя свае цікаўнасці і схільнасці ў публічную прастору — абгрунтавана баяцца. Таму і ствараецца ўражанне, што ўсё заціхла, заглохла і ўсе сталі абыякавымі. Гэта ілюзія.

Мяркуючы па ўсім, з таго боку мяжы не тое, каб асабліва цікавіліся рэальнасцю тут. Складаецца ўражанне, што вымушаных эмігрантаў цалкам задавальняе прадстаўленне Беларусі як канцлагера, дзе ўсё жывое вынішчана, выпалена і закатана пад асфальт. Так, паўздыхаць над магілкай ды чарачку падняць на якім чарговым «з'ездзе», тужліва і пафасна пра страчаную радзіму пастагнаць.

Якім бы жорсткім не былі падзеі і наступствы 2020 года, лічу, што гэта на карысць развіцця беларускасці ў Беларусі. А вось ўся гэтая двіжуха вакол новай Беларусі ў эміграцыі — вазюканне віламі па балотнай вадзе. Людзей яднае агульная радасць, агульнае гора і супольная праца. І звычайна гэтае яднанне — вымушаная мера.

Таму хоць зярнятка-зародыш і можна сфармаваць недзе там, у Вільнях-Варшавах-Тбілісі, але кідаць яго можна толькі ў тутэйшую глебу. Тады і вырасце з яго нешта. А так — існуюць дзве Беларусі: рэальная і прыдуманая. І мала дзе паміж сабой перасякаюцца. Хацелася б паменей крывадушша, драматызма, ды паболей супольнай працы. А тужліва чарачкі ўздымаць лепей ужо тут, пасля.

Станіслаў, культурніцкі актывіст: «Галоўнае, што ёсць у Беларусі — гэта людзі»

У Беларусі мяне натхняюць людзі. З аднаго боку, калі ты сядзіш дома і чытаеш навіны, то ўсё пужае. Але калі выходзіш на вуліцу, бачыш людзей, як добра яны рэагуюць на беларускую мову ў крамах, як яны табе ўсміхаюцца — гэта натхняе і дае энергію. Я зараз сядзеў еў салат каля вакзала і побач праходзіў мінак, які сказаў мне «Смачна есці». Вось такое натхняе: людзі побач, што яны ёсць, што для іх можна адкрываць Беларусь. Гэта мне дае энергію нешта рабіць у Беларусі.

Нейкі час я жыў не ў Беларусі, і ў мяне нібыта апускаліся рукі. А тут я бачу сторыс людзей, якія нешта робяць, паказваюць сябе, і мне хацелася быць побач з гэтымі людзьмі. Едзеш каля поля, бачыш лес і разумееш, што зараз ты можаш зрабіць усяго 1% са сваіх магчымасцяў. Але гэты 1% ты можаш зрабіць у Беларусі — і вось гэта галоўная матывацыя тут заставацца.

Так, самае складанае ў Беларусі зараз — адсутнасць магчымасцяў, што іх становіцца ўсё менш і менш. І гэта не адбываецца адначасова, усё паступова.

У Беларусі людзі адчуваюць страх, адчуваю яго і я. Шмат людзей у Беларусі вымушаны быць у эміграцыі не толькі ад уладаў, але нават ад сваіх знаёмых. З-за мяжы падзеі ў Беларусі па-рознаму ўспрымаюцца. У тым ліку і з-за падачы навін.

У 2022 годзе быў на канцэрце-трыб'юце «Нейра Дзюбель». Усё было супер: поўны зал, слэм, атмасфера кайф. Пасля ў СМІ з’яўляецца інфармацыя, што АМАП разагнаў канцэрт. Але па праўдзе было інакш. Так, АМАП прыехаў, але на іншае мерапрыемства, якое было пасля. Канешне, гэта жудасна, але калі ты сядзіш з-за мяжы і чытаеш навіны пра тое, як АМАП разагнаў канцэрт «Нейрадзюбеля», то думаеш, які жах. А насамрэч канцэрт прайшоў проста супер.

Таму калі чытаць навіны, то здаецца — жопа, але калі быць тут, то бачыш магчымасці. Канешне, адчуваецца, што жыццё замерла, шмат чаго робіцца непублічна. Але галоўнае, што ў Беларусі ёсць — гэта людзі. І нават не актывісты, галоўнае, што ёсць аўдыторыя. Таму нават калі ў Беларусі застанецца адзін актыўны чалавек: не праблема, галоўнае, каб ён рабіў нешта для тых, хто ў Беларусі.

Я перыядычна выязджаю за мяжу і ведаю людзей, якія выязджаюць і вяртаюцца. Для некаторых гэта як глыток свабоды: выехалі, калі складана, патусілі і вярнуліся. Разумею, што да гэтага можна па-рознаму ставіцца, але гэта трэба прызнаць як факт, такія людзі ёсць.

За палітычным жыццём у эміграцыі я не сачу і не бачу тых, хто гэтым цікавіцца. У людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, ёсць уласныя праблемы выжывання і многім проста па барабану, што адбываецца за мяжой.

Я адчуваю боль з кожным вымушана з’ехаўшым чалавекам. І праз год людзі працягнуць з’язджаць, нават тыя, хто зараз не збіраецца. А вось праз пяць гадоў я бачу пазітыў: спадзяюся на перамены і вяртанне беларусаў.

Аляксандр, грамадскі дзеяч: «Застаюся, каб на месцы ўплываць на будучыню Беларусі»

Унутраны фон у Беларусі зараз зусім не натхняльны: надзвычай небяспечны і дэпрэсіўны. Сітуацыю зараз можна параўнаць са знаходжаннем закладніка у тэрарыстаў. Трэба рабіць выгляд, што ты іх слухаеш, старацца не зліць і паменш трапляцца на вочы, бо прыстрэляць. З іншага боку, разумееш, што ў цябе ёсць свая краіна і, канешне, хочацца жыць у ёй. Хочацца, каб у Беларусі былі змены. Таму зараз натхняе адзінае: заставацца, каб на месцы ўплываць на будучыню Беларусі, калі адкрыецца тая самая фортка магчымасцяў.

Тэзіс пра Беларусь-канцлагер зараз распаўсюджаны. Але што мы маем на ўвазе, калі кажам пра гэта? У канцлагеры людзей масава знішчаюць — і вось у гэтым адрозненне. Улада не хоча знішчыць усіх абсалютна, яна проста хоча загнаць людзей у стойла, каб тыя паслухмяна выконвалі загады. Людзі, якія знаходзяцца і знаходзіліся ў гэтым стойле, могуць шчыра казаць, што нічога амаль і не змянілася ў Беларусі.

Куды цяжэй тым людзям, унутраныя свабоды каторых выходзяць за межы паесці і паспаць. Яны адчуваюць гэты канцлагер, бо пазбаўлены магчымасці выконваць і адстойваць свае грамадзянскія правы. Людзей прымушаюць маўчаць, і гэтае самае цяжкае. Бо нават у сваім коле сярод сваіх знаёмых не прынята гучна выказваць свае думкі. Хто ведае, як гэтыя словы могуць абярнуцца пасля.

Гэта, дарэчы, фенаменальна, бо раней такога не было. Я ў грамадскім актывізме з 2001 года, і ніколі не было такога, што ты не можаш выказаць сваю думку. Заўсёды можна было выказаць сваё меркаванне ў коле знаёмых, унутры партыі, у сеціве і гэта не лічылася нечым страшным.

Зараз цяжка ўсім: і тым, хто з’ехаў, і тым, хто застаўся. Частка маіх родзічаў у эміграцыі, і я ведаю, што гэта. Вельмі няпроста ўладкоўвацца за мяжой і пражываць ад’езд з радзімы.

Калі казаць пра палітычнае жыццё, то ўсе спрэчкі — цалкам нармальная з’ява. Людзі з абсалютна розным узроўнем палітычнай культуры і адказнасці спрабуюць аб’яднацца. Канешне, будзе шмат спрэчак, гэта безумоўна.

Што наконт будучыні Беларусі, то я заўжды прыгадваю прымаўку. Спачатку памерлі тыя, хто думаў, што гэта ўсё ненадоўга. Пасля памерлі тыя, хто думаў, што гэта назаўжды. Засталіся толькі тыя, хто нічога не думаў і рабіў, што мог.