100 гадоў Васілю Быкаву. Падборка экранізацый твораў культавага пісьменніка
Статья
19 июня 2024, 11:18

100 гадоў Васілю Быкаву. Падборка экранізацый твораў культавага пісьменніка

Ілюстрацыя: Марыя Талстова / Медыязона

100 гадоў таму, 19 чэрвеня 1924 года, нарадзіўся класік беларускай літаратуры Васіль Быкаў. Апошнім часам творчасць пісьменніка была калі не пад забаронай, то пад пільным кантролем ўладаў. Выставу да ягонага юбілею ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры закрылі на чатыры месяцы раней запланаванага, чыноўнікі з адукацыі цікавяцца, якія кнігі Быкава ёсць у школьных бібліятэках, а прафесійная даносчыца Вольга Бондарава называе яго «нацыстам». «Медыязона» спытала ў паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча, якія фільмы па кнігах Васіля Быкава варта паглядзець.

«Знак бяды»

Фільм зняты ў 1986 годзе рэжысёрам Міхаілам Пташуком па аднайменнай аповесці Быкава. Частка сцэн здымалася ў роднай вёсцы рэжысёра пад Баранавічамі. Галоўную гераіню Сцепаніду сыграла расіянка Ніна Русланава. Галоўнага героя Пятрока — беларус Генадзь Гарбук. Фільм мог не выйсці ў пракат з-за сцэны з раскулачваннем, у гэтым убачылі крытыку савецкага рэжыму. Але пасля прагляду фільму Гарбачовым стужку ўсё ж узялі ў пракат. У 1987 годзе фільм атрымаў міжнародную прэмію BBC за лепшы іншаземны фільм.

Сюжэт

Сцепаніда і Пятрок Багацькі жывуць на хутары Яхімоўшчына, у трох кіламетрах ад вёскі Выселкі. Іх сын служыць у танкавых войсках, дачка вучыцца «на доктаршу» у Мінску. Пачынаецца вайна, фронт прасоўваецца на ўсход, і ў Выселкі прыходзяць нямецкія акупанты.

«Надыходзіць страшнае ў непрадказальнасці новых бедаў жыццё», — сказана ў апісанні «Беларусьфільма», які выпусціў стужку.

Глядзець тут.

«Узыходжанне»

Фільм зняты ўкраінскай рэжысёркай Ларысай Шапіцька ў 1976 годзе паводле аповесці Быкава «Сотнікаў». Галоўныя ролі сыгралі Барыс Плотнікаў (Сотнікаў) і Уладзімір Гасцюхін (Рыбак). Стужка атрымала некалькі кінапрэмій у 1977 годзе — на фестывалях у Рызе, Берліне і Сопаце. У 1979 годзе Ларыса Шапіцька атрымала дзяржаўную прэмію СССР пасмяротна (яны загінула ў аварыі праз 3 гады пасля выхаду стужкі). У 1990 і 2010 гадах фільм узнагародзілі на міжнародным берлінскім кінафестывалі ў праграме Retrospektive.

Сюжэт

Гісторыя двух партызан Рыбака і Сотнікава, якія трапілі ў палон у акупаванай беларускай вёсцы. Сотнікаў стойка трымаецца і нават не называе сваё сапраўднае імя. Рыбак з перапуду расказвае ўсё, каб пазбегнуць расстрэлу. Разам з партызанамі ў палон да нацыстаў трапляюць мясцовая жыхарка, стараста сяла і габрэйская дзяўчына, якая не хоча выдаваць чалавека, што яе схаваў.

Глядзець тут.

«У тумане»

Фільм зняты ў 2012 годзе рэжысёрам Сяргеем Лазніцай на «Беларусьфільме» сумесна з MA.JA.DE. Fiction, Rija Films, Lemming Film. Галоўныя ролі сыгралі Уладзімір Свірскі (Сушчэня), Уладзіслаў Абашын (Бураў), Сяргей Калесаў (Войцік). Фільм атрымаў прэмію Міжнароднай федерэрацыі кінапрэсы (FIPRESCI) у межах асноўнага конкурсу на 65-м Канскім кінафестывалі.

Сюжэт

1942 год, акупаваная тэрыторыя Беларусі. Недалёка ад хутара з рэйкаў сыходзіць цягнік. Па абвінавачанні ў дыверсіі немцы затрымліваюць чатырох пуцявых абходчыкаў. Траіх караюць смерцю, аднаго — Сушчэню — адпускаюць. Партызаны, што дзейнічаюць у рэгіёне, вырашаюць, што ён здраднік і пагадзіўся супрацоўнічаць з нацыстамі. Сушчэню пастанаўляюць пакараць смерцю, такое заданне атрымліваюць двое партызан — Бураў і Войцік. Сушчэня спрабуе ўсё растлумачыць і давесці, што яго адпусцілі, бо ён не мае дачынення да дыверсіі.

Глядзець тут.

«Доўгія вёрсты вайны»

Трохсярыйны фільм, зняты ў 1975 годзе рэжысёрам Аляксандрам Карпавым паводле твораў Быкава «Жураўліны крык», «Атака з ходу», «На ўсходзе сонца». Галоўныя ролі сыгралі Вадзім Якаўлеў (Ананьеў), Юрый Дуванаў (Клімчук), Святлана Кручкова (Зіна Багданава).

Сюжэт

Тры серыі фільму — гэта тры гісторыі, што адбываюцца з 1941 па 1945 год. У першай гісторыі разбіты савецкі батальён атрымлівае заданне ахоўваць чыгуначную станцыю да прыходу новых сіл.

У другім фільме роце савецкіх байцоў прыходзіцца двойчы ісці ў атаку: з ходу байцы ўзялі пазіцыі нацыстаў на горцы, аднак пасля начных баёў прыйшлося адступіць. Але данясенне пра ўзяццё пазіцый ужо паслалі, а значыць трэба атакаваць ізноў.

Сюжэт трэцяга фільму разгортваецца ў 1945 годзе ў Берліне. Маёр Ананьеў вяртаецца са шпіталя, вымушана разам з іншымі афіцэрамі затрымліваецца на нямецкай віле і ізноў трапляе ў бой.

Глядзець тут.

«На Чорных лядах»

Фільм зняты ў 1995 годзе рэжысёрам Валерыем Панамаровым па аднайменнай аповесці Быкава. Галоўныя ролі сыгралі Генадзь Гарбук, які раней здымаўся ў экранізацыях Быкава, Аляксандр Лабуш, Аляксандр Цімошкін, Аляксандр Беспалы.

Нягледзячы на тое, што фільм быў зняты ў 1995 годзе, ён так і не выйшаў у шырокі пракат, прайшло ўсяго некалькі паказаў у Мінску і Маскве. У 2020 годзе «Беларусьфільм» выклаў «На чорных лядах» у шырокі доступ на ютубе, стужку апрацавалі, палепшылі якасць відэа і гуку.

Сюжэт

Дзеянне фільму разгортваецца ў 1920 годзе, пасля падаўлення антыбальшавісцкага Слуцкага паўстання. Паўстанцы трапляюць у аблогу бальшавікоў. Яны даведваюцца, што «чырвоныя» забіваюць палонных, пакутуюць іх сем'і.

Глядзець тут.

«Васіль Быкаў. Вяртанне»

Андрэй Хадановіч парэкамендаваў паглядзець і зняты ў 2002 годзе дакументальны фільм «Васіль Быкаў. Вяртанне» рэжысёра Віктара Корзуна.

У аснову фільму пакладзеныя матэрыялы інтэрв'ю Быкава 1996 года, запісанага перад ягонай эміграцыяй у Фінляндыю. У фільме ёсць кадры з развітання з пісьменнікам, якое перарасло ў вялікі мітынг.

Глядзець тут.