Не вайне. Ад рэдакцыі «Медыязоны. Беларусь»
Статья
27 февраля 2022, 21:57

Не вайне. Ад рэдакцыі «Медыязоны. Беларусь»

Фото: Tolga Akmen / AFP / East News

Сёння, на чацверты дзень вайны ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна прызнаў, што з Беларусі па суседняй краіне запускалі ракеты. Яшчэ ён сказаў, што «ніякай вайны з тэрыторыі Беларусі не ідзе». Мы не разумеем, як два гэтыя выказванні маглі прагучаць у адной і той жа прамове.

Ужо некалькі дзён украінскія тэлеграм-каналы са спасылкай на ананімныя крыніцы пішуць, што пасля рэферэндума Аляксандр Лукашэнка рыхтуецца адправіць беларускіх салдат ваяваць ва Украіне. Мы не ведаем, ці праўда гэта.

Мы хочам, каб гэта аказалася няпраўдай. 

І мы бачым, што гэтага хочуць і іншыя беларусы. Упершыню за год у нашай краіне адбываюцца вулічныя акцыі пратэсту – няхай і невялікія, але мы выдатна разумеем, з якімі рызыкамі яны звязаныя для кожнага ўдзельніка. СК ужо распачаў крымінальныя справы, і застаецца толькі гадаць, ці стануць іх фігурантамі ўсе, каго затрымаюць з лозунгам «Не вайне!» каля выбарчага ўчастка.

Тым не менш пратэстоўцы не баяцца. Магчыма, таму што перспектыва вайны, якая адкрылася перад Беларуссю, страшнейшая за суткі і “хімію”. Чалавек, галоўным абяцаннем якога ўсе 26 гадоў было захаваць “мірнае неба над галавой”, гатовы адправіць беларусаў паміраць у бессэнсоўнай вайне, развязанай супраць блізкага нам народа.

Народа, які даў прытулак тысячам беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны пасля пратэстаў 2020 года. Народа, з прадстаўнікамі якога мы цудоўна разумеем адзін аднаго, калі размаўляем кожны на сваёй мове.

Беларусь і беларусы не павінны ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны.

Не вайне.