Тавары, цэны, паслугі і вакансіі Марыупаля. Гід па выжыванні ў разбураным і акупаваным горадзе
Перевод
18 июля 2022, 23:09

Тавары, цэны, паслугі і вакансіі Марыупаля. Гід па выжыванні ў разбураным і акупаваным горадзе

Ілюстрацыя: Mari Msukanidze / Медыязона

Паводле дадзеных ААН, Марыупаль разбураны амаль цалкам — знішчаны 90% шматпавярховак і 60% прыватных дамоў. Украінская выведка прарочыць яму ўспышку халеры і дызентэрыі, а расійскі віцэ-прэм’ер Марат Хуснулін разважае аб рэнавацыі тэрыторый «Азоўсталі». «Медыязона» паразмаўляла з пяццю марыупальцамі, якія не змаглі выехаць з горада альбо вярнуліся ў яго і цяпер спрабуюць адаптавацца да жыцця ў акупацыі.

Дзе жыць, як знайсці інтэрнэт, каму скардзіцца

Пенсіянер Яўген і яго жонка жывуць у прыватным сектары непадалёк ад «Азоўсталі». Дом моцна пацярпеў падчас баёў, у яго разбураная адна з вонкавых сцен і дах.

«Збіраем дажджавую ваду проста ў доме. Усё аскепкамі пабіта — як змаглі, прыкрылі. З аднаго боку наогул даху не было, яго выбухам прыўзняла, там усе цвікі павыляталі з шыферу», — апісвае сваё жыллё Яўген.

Ні вады, ні электрычнасці, ні газу ў доме няма. Муж і жонка доўга гатавалі ежу на вогнішчы, але нядаўна купілі партатыўную газавую плітку і цяпер разводзяць агонь, толькі калі трэба нагрэць адразу шмат вады — напрыклад, памыцца або папраць.

Пенсіянеры ўжо думаюць пра зімоўку: пачалі нарыхтоўваць дровы і раскансервавалі старую печку, у якой «гадоў 50 ніхто не паліў». Яўген спадзяецца, што з аднаўленнем дома дапамогуць чыноўнікі самаабвешчанай ДНР — напісаў у адміністрацыю заяву.

«Павінна камісія абследаваць жыллё, ацаніць шкоду. Дах, здаецца, перакрыюць, можа быць, адновяць сцяну. Вокны не абяцаюць, дзверы таксама, пра склеп наогул гаворкі няма. Можа, нейкая кампенсацыя будзе, можа... Яшчэ толкам нічога не вядома», — кажа ён.

Святлана разам з мужам змагла выбрацца з Марыупаля 25 сакавіка. Яны вырашылі вярнуцца ў разбураны горад пасля таго, як прачыталі ў інтэрнэце, «што ў людзей будуць адбіраць ацалелае жыллё».

Гэтыя чуткі аказаліся няпраўдай — і муж і жонка ўсяліліся ў сваю кватэру ў дзевяціпавярховым доме.

«У нас жыллё, можна сказаць, ацалела. Павыляталі вокны, дзе-нідзе расколіны на сценах, на столі», — кажа Святлана.

Цяпер у Цэнтральным раёне, расказвае яна, «паціхеньку даюць святло і ваду». У шматпавярхоўках без электрычнасці не працуюць помпы, таму вада ёсць толькі на першым паверсе. Зрэшты, помпа таксама не заўсёды дапамагае — у пацярпелых ад абстрэлаў шматпавярхоўках часта цякуць трубы, тлумачыць Святлана.

«Усе гэтыя праблемы людзі павінны ліквідоўваць за свае грошы. Вокны людзі ставяць таксама за свае грошы. Улады — якія тут ёсць — абяцалі правесці работы па ўсталяванні вокнаў, але яны пакуль не вядуцца», — кажа яна. Скардзіцца «абсалютна няма куды», лічыць Святлана. Яна ўспамінае, як дэпутат гарсавета Канстанцін Івашчанка, якога кіраўнік самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін у красавіку прызначыў кіраваць Марыупалем, аднойчы сказаў ёй на прыёме: «Мне няма калі вамі займацца, я не буду з вамі размаўляць».

«Гэта той чалавек, які пры ўкраінскай уладзе краў —мясцовыя пра гэта выдатна ведаюць», — рэзюмуе яна.

Разбураны дом у Марыупалі. Фота: асабісты архіў Валерыі

Дамы ў раёне Марыупальскага чыгуначнага вакзала дагэтуль застаюцца без святла і вады, кажа 20-гадовая Валерыя. Прыватны дом, палову якога займае сям’я дзяўчыны, яна называе «адносна цэлым»: у іх няма акна ў спальні, а на суседскай палове «вельмі моцна пабіла» кухню і гасціную.

«Ежу гатуем на вогнішчы, як і многія цяпер. За чатыры месяцы ўжо прывыклі насамрэч», — кажа Валерыя.

Сувязь у горадзе нестабільная: «Фенікс» працуе з перабоямі, але ёсць месцы, куды можна прыйсці «на інтэрнэт» — там сігнал з’яўляецца.

«Часцей за ўсё, вядома, па два, па тры разы трэба набіраць кагосьці, каб датэлефанавацца. Інтэрнэт ёсць не ўсюды. Я выходжу ў іншую частку раёна, каб скінуць галасавыя паведамленні», — дзеліцца сваім ноў-хаў Святлана.

Валерыя кажа, што шмат перамяшчаецца па горадзе і бачыць, у якіх умовах жывуць іншыя марыупальцы.

«Я ездзіла да людзей, у іх дом разбіты, выгаралы. Жывуць проста ў падвалах дамоў і ў нейкіх рэштках кватэр», — расказвае яна.

Дзяўчына не чула, каб новыя ўлады займаліся рассяленнем гараджан, якія засталіся без даху над галавой. «У мяне ёсць знаёмыя, у якіх дамы пад знос. Ім казалі, што ў іх ёсць некалькі дзён, каб сабраць рэчы, і не казалі, куды ісці», — сцвярджае Валерыя.

Паводле словаў Святланы, марыупальцы, якія страцілі свае дамы, жывуць цяпер у асноўным «па знаёмых». Але яна ведае адзін выпадак, калі людзей засялілі ў ацалелы пусты дом — яго пабудавалі для супрацоўнікаў СБУ недалёка ад крамы «Тысяча дробязяў» у Цэнтральным раёне і збіраліся ўвесці ў эксплуатацыю перад пачаткам вайны.

Што піць і есць, колькі для гэтага трэба прастаяць у чарзе

Доступ да пітной вады ў Марыупалі да гэтага часу абмежаваны. Валерыя ходзіць да найбліжэйшай крыніцы, але значна больш пашыраны спосаб — набіраць ваду з цыстэрнаў, якія развозяць па раёнах горада.

«Кажуць, што пітная, але лепш кіпяціць», — папярэджвае Яўген.

Часам ваду выдаюць у цэнтры гуманітарнай дапамогі разам са штомесячным пайком — па пяць літраў на чалавека, расказвае Святлана.

Раней у такіх цэнтрах можна было атрымаць «зэтку» — гуманітарны набор у скрынцы з літарай Z. Зараз гуманітарку выдаюць у звычайных пакетах раз на 20 дзён — па яе трэба прыходзіць у цэнтр, да якога прымацаваныя жыхары таго ці іншага раёна.

«Па факце выходзіць раз на 22 дні, таму што трэба прыходзіць на 22 суткі з дня атрымання гуманітарнай дапамогі. На гэтыя 20 дзён выдаецца пакет рысу, грэчкі або гароху, пара пакетаў макароны, бляшанка згушчонкі, 800 грамаў цукру, недзе кілаграм мукі, пара бляшанак тушонкі, рыбных кансерваў і бохан хлеба, якім можна спакойна забіваць цвікі», — пералічвае змесціва набору Святлана.

Яна кажа, што марыупальцы не заўсёды паспяваюць атрымаць прадукты ў дзень выдачы, таму прыходзяць у цэнтр некалькі дзён запар. Гэта не гарантуе поспеху —некаторыя «махаюць рукой і наогул адмаўляюцца ад гуманітарнай дапамогі».

«Стаўленне ў працоўнага персаналу, у прыватнасці, аховы, не вельмі прыемнае. Хамяць, груба, абражаюць людзей», — незадаволеная жанчына.

Што колькі каштуе і як улетку гандляваць мясам без лядоўняў

У горадзе цяпер маюць хаджэнне і грыўні, і расійскія рублі. Валерыя скардзіцца, што моцна падаражэлі «пячэнькі і цукеркі», якія яна любіць — кілаграм «самых чмошных смактальных цукерак» каштуе 200 грыўняў.

«Калі ты хочаш нейкія мяккія цукеркі, шакаладныя, то аддай за іх 350-400 грыўняў. Гародніна цяпер патаннела, а мяса дарагое. На ўсе круцяць кошты: 25 грыўняў хлеб цяпер каштуе, малако хатняе — у раёне 50-60 грыўняў за паўтара літра. Сёння мы з мамай былі на рынку — персікі каштуюць недзе 130 грыўняў за кілаграм, бананы — 120. Куплялі сабаку абрэзкі — 200 грыўняў з капейкамі каштуюць, а раней было грыўняў 80», — з ходу пералічвае дзяўчына.

Падчас размовы з «Медыязонай» Валерыя заходзіць у найбліжэйшую краму і зачытвае цэннікі з прылаўка. «Каўбаса вараная недзе 300-400 грыўняў за кілаграм. Марозіва па 65 грыўняў — гэта наогул кранае маё сэрцайка. Філе курынае — 265 грыўняў. Мякаць катлетная — 250 грыўняў. Мякаць свініны — 240 грыўняў. Яна, вядома, выглядае сумнеўна, вельмі-вельмі дрэнная, відаць, што гэта будзе жорсткае мяса. Але 240 грыўняў — гэта яшчэ можна жыць, яшчэ паўмесяца таму каштавала і 400 грыўняў», — тлумачыць яна.

З крамамі ў Марыупалі дрэнна — у адносна прымальных умовах працуюць толькі тыя, што адкрываюць новыя ўлады, кажа Святлана. Прадпрымальнікі, якія спрабуюць аднавіць свой бізнэс самастойна, гандлююць у напаўразбураных памяшканнях з забітымі фанерай вокнамі. Электрычнасць у такіх крамах калі і ёсць, то ад генератара, таму халадзільнае абсталяванне звычайна не працуе, расказвае яна і дадае, што ў горадзе цяпер прадаецца шмат крадзенага тавару.

«Ёсць такія некалькі кропак. Я падыходзіла і глядзела. Я ведаю, з якіх гэта крам, чый гэта тавар», — прызнаецца Святлана.

Ілюстрацыя: Mari Msukanidze / Медыязона

Жыхары найбліжэйшых да разбуранага горада пасёлкаў і тыя з марыупальцаў, у каго ацалелі машыны, гандлююць на стыхійных рынках. Па тавар яны ездзяць у Данецк, Новаазоўск, Бярдзянск і Мангуш, расказвае Валерыя.

«Каўбасы, сасіскі, сыры — усё гэта прадаецца пад пякучым сонцам. Гэтак жа сама мяса прадаецца, аблепленае мухамі», — апісвае рынкі Святлана.

Дзе выдаюць гуманітарную дапамогу і каму яна належыць

У адным з пунктаў, якія выдаюць гуманітарную дапамогу, разам з маці працавала 20-гадовая Вольга. Да працы прыступілі ў красавіку, уладкавацца дапамагла суседка па двары. Дзяўчына называе ўстанову «валанцёрскім цэнтрам» і кажа, што спачатку працавала за ежу і без афармлення.

«Першапачаткова за гэта нікому нічога не плацілі», — успамінае яна. Заробак пачалі выдаваць зусім нядаўна — у расійскіх рублях. Па кантракце гэта амаль 12 тысяч, але на рукі «з падаткамі» маці далі крыху больш за 10 тысяч, кажа Вольга і дадае: «Заробак нам плаціць тыпу як бы Пушылін».

У першай размове з «Медыязонай» дзяўчына казала, што «цэнтр» арганізавалі самі жыхары навакольных двароў — яшчэ да таго, як горад захапілі расійскія вайскоўцы.

«Пачыналася ўсё з таго, што прывозілі гуманітарку фурамі на адрасы. Там было ўсё ўперамешку — і ўкраінская прадукцыя, і з Расіі ці з ДНР, я не ведаю, адкуль яна. Потым знайшлі мэблевую краму ў двары, павыганялі адтуль бамжоў, прыбралі і знайшлі людзей, якія могуць даць генератар, бензін, камп’ютар і іншыя ўсякія патрэбы», — расказвала Вольга.

Паводле яе слоў, калі горад перайшоў пад кантроль расійцаў, гуманітарная дапамога стала паступаць толькі з самаабвешчанай ДНР, ад партыі «Адзіная Расія» і часам — па лініі «Чырвонага Крыжа». З 1 чэрвеня «цэнтр» абмежаваў выдачу гуманітарнай дапамогі, і цяпер на яе могуць разлічваць толькі льготнікі: інваліды I групы, пенсіянеры старэйшыя за 65 гадоў «афганцы» і іншыя. Вольга лічыць, што «ўсе астатнія павінны працаваць, атрымліваць заробак і купляць прадукты».

Пункт выдачы гуманітарнай дапамогі. Фота: асабісты архіў Валерыі

На просьбу «Медыязоны» Валерыя схадзіла ў адзін з пунктаў выдачы гуманітарнай дапамогі. Памяшканне, якое яна сфатаграфавала, тут называюць «сэканд-хэндам». Калі пункт толькі адкрыўся, у «сэканд» прывезлі новыя рэчы з біркамі — іх раздавалі пагарэльцам.

«Цяпер рэчы ў "сэканд" ніадкуль не прывозяць, іх проста людзі прыносяць, за кошт гэтага і працуе», — кажа дзяўчына.

У горадзе ёсць валанцёры, якія не супрацоўнічаюць з «цэнтрамі»; такіх Валерыя называе «цімураўцамі». Адзін з іх — марыупалец Аляксандр Шаўчук. Разам з жонкай Шаўчук выбраўся на тэрыторыю самаабвешчанай ДНР 16 сакавіка — «ад’ехаў ад драмтэатра за 20 хвілін да таго, як на яго скінулі бомбу». Цяпер муж і жонка жывуць у сваякоў, а Аляксандр на сваім мікрааўтобусе некалькі разоў на тыдзень прывозіць у Марыупаль прадукты, пітную ваду і лекі. Цэны на прадукты ў горадзе ў некалькі разоў вышэйшыя, чым у самаабвешчанай ДНР, адзначае ён.

Якую-небудзь сувязь з новай адміністрацыяй Шаўчук адмаўляе.

«Гэтая адміністрацыя таксама часовая, гэта ўсе ведаюць», — лічыць ён.

Як з’ехаць і вярнуцца, ці лёгка прайсці фільтрацыю

Святлана з мужам вярнуліся ў Марыупаль 8 чэрвеня. Для гэтага муж і жонка тыдзень пражылі ў машыне ў Запарожжы. Выехаць можна было пры наяўнасці рэгістрацыі на акупаваных расійскімі войскамі тэрыторыях. Потым трэба было атрымаць нумар у спісе, падпісаць паперу аб тым, што ты едзеш на свой страх і рызыку, і чакаць, пакуль адправіцца гуманітарная калона, у якой табе знойдзецца месца.

Відэа прадастаўленыя гераіняй гэтага тэксту Вольгай. Яе імя і голас змененыя

«Умовы чакання прымушаюць спадзявацца на лепшае: некалькі біяпрыбіральняў, якія не чысцяцца, напэўна, ніколі, вада з-пад крана і і пара разетак. У краму хадзілі па прадукты, якія можна з’есці адразу», — расказвае Святлана.

З Запарожжа да Марыупаля яны з мужам дабраліся за дзень. На ўездзе ў горад ваенныя з самаабвешчанай ДНР і Расіі некалькі разоў правяралі дакументы і аглядалі машыну.

«Натуральна, спынялі на кожным блокпосце, глядзелі дакументы. Мы заехалі без якіх-небудзь фільтрацый, проста сказалі, што вяртаемся дадому. Нас папярэдзілі, што ў далейшым яе трэба праходзіць», — успамінае Святлана.

Аляксандр Шаўчук, паводле яго слоў, прайшоў фільтрацыю, каб бесперашкодна абмінуць блокпасты расійцаў у сваіх рэйсах з гуманітаркай. Але пра самую працэдуру валанцёр распавядаць «Медыязоне» не стаў, адзначыўшы толькі, што «там няма нічога страшнага, проста глядзяць, што ты не ваеннаабавязаны».

Падчас першага гуманітарнага рэйса ў Марыупаль ён паказаў на блокпосце даведку аб фільтрацыі і чэкі — даказаць вайскоўцам, што прадукты не крадзеныя. Цяпер, кажа Шаўчук, яго прапускаюць без стараннага надгляду, хоць іншыя кіроўцы праходзяць «жорсткія праверкі, каб не было нелегальнага гандлю».

«Мяне запомнілі з першых дзён, таму мяне ўжо асабліва не чапаюць», — сцвярджае ён.

Валерыя ведае пра фільтрацыю са слоў знаёмых — сама дзяўчына яе яшчэ не праходзіла. Марыупальцы павінны атрымаць даведку, каб свабодна перамяшчацца па тэрыторыі самаабвешчанай ДНР, распавядае яна.

«Цяпер ёсць некалькі фільтрацыйных пунктаў за горадам — гэта Старабешава і Мангуш, калі я не памыляюся. Вы прыходзіце, уносяць вашыя дадзеныя, здымаюць адбіткі пальцаў, задаюць пытанні, а потым выдаюць даведку», — кажа дзяўчына.

Яна лічыць, што вынік фільтрацыі шмат у чым залежыць ад капрызу правяральніка. Валерыя ведае выпадкі, калі людзі, «звязаныя з украінскімі ваеннымі напрамкамі», без праблем атрымлівалі даведку, а да мірных абывацеляў з’яўляліся пытанні.

Паводле словаў Святланы, выехаць з Марыупаля на падкантрольныя Украіне тэрыторыі наўпрост цяпер складаней, чым месяц таму, а абыходны шлях, які праходзіць праз самаабвешчаную ДНР, Расію, Беларусь і Еўрасаюз, па кішэні нямногім.

«Я не ведаю, ці змагу я ўбачыць сваю дачку і ўнучку, якія засталіся на тэрыторыі Украіны. Сюды яны вярнуцца не могуць і не будуць. Ці будзе ў мяне магчымасць праехаць на Украіну? Фінансава я відавочна не пацягну праз замежжа катацца», — непакоіцца Святлана.

Валерыя лічыць складанасці абыходнага маршруту неапраўданымі — прыватныя перавозчыкі «дастаткова рэгулярна» курсуюць паміж Запарожжам і Марыупалем, ведае яна. Знайсці такіх кіроўцаў можна ў мясцовых чатах у вайберы, кажа дзяўчына.

Яна і сама задумваецца над тым, каб з’ехаць з Марыупаля, прызнаецца Валерыя — надзеі на хуткае аднаўленне горада ў яе не засталося: «Я, на жаль, не гатовая выдаткаваць гады жыцця на тое, каб проста сядзець і чакаць цуду».

«Калі б у мяне быў выбар, я б яшчэ зваліла ў лютым. Я не паехала, таму што мае бацькі не захацелі. Па-першае, я залежу ад іх, па-другое, я б не магла з’ехаць, ведаючы, што мае бацькі засталіся тут і невядома, што з імі», — кажа Вольга.

Святлана лічыць, што многія марыупальцы не з’язджаюць на падкантрольныя Украіне тэрыторыі «не таму, што там Украіна, а проста таму, што тут наш дом».

Як знайсці працу, на што жыць і якая пенсія ў ДНР

Валерыя кажа, што многія жыхары Марыупаля падзарабляюць прыватным возніцтвам, робяць манікюр ці чыняць сантэхніку. Зрэшты, паводле яе ж словаў, у горад цяпер прыходзяць будаўнічыя кампаніі, таму працоўныя месцы з’яўляюцца.

Разбураны будынак у Марыупалі. Фота: асабісты архіў Валерыі

Аднак самай даступнай працай пакуль застаецца разбор завалаў і прыборка вуліц.

«Як правіла, гэта шэсць дзён на тыдзень, 9-10 гадзін працоўны графік. Плацяць, наколькі я чула, максімум 15 тысяч рублёў. Ёсць некаторыя працы, дзе плацяць за пайком. Натуральна, людзі адмаўляюцца ісці працаваць на гэтыя прадпрыемствы», — расказвае Святлана.

Разам з рознарабочымі з ліку гараджан разбіраюць завалы ратавальнікі. Са словаў Вольгі, сярод іх ёсць як «марыупальскія хлопцы», якія служылі ва ўкраінскай ДСНС, так і супрацоўнікі МНС з самаабвешчанай ДНР ці Расіі. Целы з-пад завалаў дастаюць прафесіяналы — яны шукаюць дакументы загінулых або просяць суседзяў іх апазнаць.

«Я бачыў вынас трупаў — выносілі з-пад завалаў тыя, што па тры-чатыры месяцы ляжалі. Гэта не праз тое, што нехта добры ці дрэнны, а толькі таму, што фізічнай магчымасці ахапіць увесь горад проста ні ў каго няма», — кажа Шаўчук.

Вольга распавядае пра загінулых са словаў свайго знаёмага, якога называе «эмэнэснікам». «Ён кажа, што больш за ўсё трупаў рускіх салдат — ЗСУ нашмат менш, чым рускіх і дээнэраўцаў. Мірных грамадзян даволі шмат, асабліва тых, хто ў спальных раёнах жыў», — пераказвае дзяўчына тое, што чула ад ратавальніка.

Валерыя прызнае, што многія марыупальцы пры гэтым жывуць на сацыяльныя выплаты ад Украіны.

«Ёсць у мяне знаёмыя, сям’я з чатырох чалавек, якія былі перасяленцамі да дзеянняў у лютым. Яны да гэтага часу атрымліваюць дапамогу з тэрыторыі Украіны і рэальна дзякуючы гэтаму жывуць, бо гуманітарнай дапамогі на харчаванне не хапае», — расказвае яна.

Сацыяльныя выплаты, тлумачыць Валерыя, прыходзяць на карткі ўкраінскіх банкаў; іх можна абнаяўніваць з дапамогай «нейкіх людзей і арганізацый з ДНР». Яшчэ адзін спосаб — выехаць на падкантрольныя Украіне тэрыторыі і проста зняць грошы ў банкамаце.

Марыупальскім пенсіянерам пачалі выплочваць грошы ад самаабвешчанай ДНР — гэта выплата за некалькі месяцаў, «пенсіяй» яе яшчэ не называюць. «Пакуль 7 тысяч расійскіх рублёў, але абяцаюць перагледзець», — расказвае Яўген.

Дзе шукаць лекара, куды пайсці вучыцца і ці варта баяцца халеры

Паліклінікі і лякарні — сярод нешматлікіх будынкаў у горадзе, падлучаных да электрасеткі, але на ўсялякі выпадак там ёсць і генератары.

«Яшчэ не ўсе спецыялісты працуюць, але вядзецца прыём. Вядома, у параўнанні з тым, што было раней — паслугі, час прадстаўлення паслуг і сэрвіс — усё прымушае спадзявацца на лепшае, — кажа Святлана. — Складаныя абследаванні зрабіць нельга. Здаць складаныя аналізы нельга, толькі разгорнуты аналіз крыві і агульны аналіз мачы».

Валерыя чула ад знаёмых, што ў лякарнях цяпер у асноўным аказваюць платныя паслугі.

«Калі нешта больш сур’ёзна, чым проста агледзець і выпісаць накіраванне, то гэта платна. Стаматалагічныя паслугі платныя нават у гарадской лякарні», — распавядае дзяўчына.

Яна кажа, што некаторыя лекі «з наяўнасці» можна атрымаць у валанцёрскіх пунктах або лякарнях бясплатна. Паводле словаў Святланы, у горадзе працуе некалькі аптэк, дзе можна купіць «найпрасцейшыя медыкаменты».

«Калі чалавек, напрыклад, сядзіць на гармонах, то ён не можа купіць сабе прэпараты тут. Просяць знаёмых прывезці з Расіі і Данецка, з Украіны спрабуюць неяк перадаць з перавозчыкамі», — тлумачыць яна.

Паводле назіранняў Шаўчука, многія марыупальцы не могуць атрымаць патрэбныя ім медыкаменты, бо рэцэпты аказаліся знішчаныя або проста згубіліся падчас абстрэлаў.

«У мяне ёсць адзін чалавек з шызафрэніяй — яго дачка просіць мяне наведваць. Я яму лекі прывезці не магу, таму што яны па рэцэпце. Яшчэ ён страціў усе свае дакументы, я вось ксеракопіі яму прывёз. Аддаў іх суседзям, папрасіў, каб яны заняліся гэтым пытаннем, таму што я ў горадзе пастаянна не знаходжуся», — распавядае валанцёр.

Іншая праблема — антысанітарыя. У горадзе сабралася шмат смецця. Над стыхійнымі звалкамі з-за спякоты пастаянна ўюцца мухі, пазбавіцца ад іх пакуль не выходзіць, кажа Шаўчук, тут жа падкрэсліваючы: «праблема не праз тое, што ніхто нічога не робіць, а проста праз маштабы бедства».

Паведамленні ўкраінскай выведкі пра ўспышку халеры, якая пагражае гораду, валанцёр каментаваць адмаўляецца, але кажа, што, паводле яго звестак, лякарні Марыупаля ў сярэдзіне чэрвеня былі перапоўненыя. Вольга чула пра два выпадкі халеры ад свайго знаёмага ратавальніка — паводле яго словаў, «людзей ніхто лячыць не збіраецца». Яўген чуткі пра халеру называе «лухтой», а Валерыя нагадвае, што ў марской вадзе халерны вібрыён знаходзяць кожны год.

Нягледзячы на тое, што ў Марыупалі паступова адкрываюцца цудам ацалелыя пасля бамбёжак лякарні, школы і дзіцячыя сады, Шаўчук не чакае хуткага аднаўлення горада.

Табель паспяховасці. Фота: асабісты архіў Валерыі

«Нейкія ўстановы адкрываюцца, але гэта адна назва: там няма ні святла, ні вады — нічога. Там да нармальнага адкрыцця яшчэ як да Парыжа ў нязручнай позе. 90% горада разбурана, камунікацый няма. Так, там праводзіцца праца, разграбаюцца завалы, але ўлічваючы маштаб разбурэнняў, гэта будзе вельмі доўга», — кажа ён.

У адной з адкрытых пасля пераходу горада пад кантроль расійцаў школ амаль два месяцы да вакацый правучыўся 12-гадовы брат Валерыі. Хлопчыку выдалі табель з адзнакамі па пяцібальнай сістэме і перавялі ў наступны клас.

«У іх памяняліся прадметы. Была гісторыя Украіны, а стала гісторыя роднага краю. У брата з нагоды як такіх пытанняў не было. Думаю, у сілу ўзросту. Ён не любіў школу да гэтага, не палюбіў яе і цяпер. Гэтак жа сама чакаў вакацый і не асабліва звяртаў увагі на прадметы», — кажа дзяўчына.