«Нашым сем’ям скажуць, што мы ваенныя лётчыкі, якія загінулі». Што расказалі вызваленыя палонныя Алэніўкі

«Нашым сем’ям скажуць, што мы ваенныя лётчыкі, якія загінулі». Што расказалі вызваленыя палонныя Алэніўкі

Ганна Воражава, Канстанцін Вялічка і Станіслаў Глушкоў (злева направа). Фота: «Медыязона»

У канцы сакавіка ў Марыупалі і яго ваколіцах зніклі 32 украінскія валанцёры, якія дастаўлялі ў абложаны горад гуманітарную дапамогу і дапамагалі эвакуявацца яго жыхарам. Як высветлілася пазней, іх выкралі і больш за сто дзён утрымлівалі ў калоніі на тэрыторыі ДНР. Увесь гэты час родныя палонных дамагаліся іх вызвалення, засыпаючы лістамі чыноўнікаў Украіны, Расіі і самаабвешчанай Данецкай рэспублікі. Нарэшце, у пачатку ліпеня большасць выкрадзеных адпусцілі. Карэспандэнты «Медыязоны» пабывалі на першай прэс-канферэнцыі валанцёраў у Варшаве і запісалі іх аповеды пра перажытае.

Выкраданне, допыты, пратаколы

У прэс-канферэнцыі ўдзельнічалі трое валанцёраў — Ганна Воражава, Канстанцін Вялічка і Станіслаў Глушкоў. Да вайны Ганна працавала арганізатарам святаў у Марыупалі, Канстанцін — айцішнікам, а Станіслаў, паводле яго ўласных словаў, быў «звычайным вадзілам» — займаўся міжнароднымі перавозкамі. З пачаткам вайны ўсе трое сталі валанцёрамі. Да канца сакавіка кожны з палонных быў дасведчаным кіроўцам, які ўжо не раз прывозіў у Марыупаль прадукты, лекі, дзіцячае харчаванне і памперсы, а зваротным рэйсам эвакуяваў адтуль мірных жыхароў.

Ніхто з траіх не чакаў, што апынецца ў палоне. «Спачатку нам здавалася, што гэта будзе цяжкае падарожжа, мы думалі, што мы можам трапіць пад абстрэл. Разглядаўся варыянт узяць ровар і ехаць за людзьмі на гэтым ровары, калі мы не зможам праехаць на нашым бусе. Але мы не маглі прадбачыць, што з намі здарыцца», — казаў Канстанцін Вялічка.

Трансляцыя прэс-канферэнцыі: Telewizja Obywatelska

На апошнім блокпосце па дарозе з Марыупаля яго аўтобус спынілі расійскія вайскоўцы. Падняўшы аўтаматы, яны пад канвоем адвялі валанцёраў у пасёлак Нікольскае. «Наш бус быў абсталяваны ўсімі неабходнымі знакамі. У нас былі бэйджыкі валанцёраў, у нас былі дакументы, пашпарты. Усё неабходнае, каб зразумець, што мы грамадзянскія і што мы займаемся эвакуацыяй», — расказаў Вялічка.

У Нікольскім расійцы перадавалі палонных вайскоўцам з самаабвешчанай ДНР. Тыя прыступілі да допытаў валанцёраў. «Яны расказвалі нам, што мы вывозім людзей за грошы, мы вывозім байцоў ЗСУ, мы даем свае дакументы, каб нехта з вайскоўцаў, у тым ліку байцы "Азова", маглі пакінуць Марыупаль і трапіць на тэрыторыю Украіны», — пераказваў Станіслаў Глушкоў версіі сілавікоў з ДНР.

Адказы валанцёраў іх не пераканалі. Палонных адправілі ў былую Валнавахскую папраўчую калонію № 120, дзе з пачаткам вайны абсталявалі фільтрацыйны лагер. Шлях да калоніі выявіўся няблізкім, на прэс-канферэнцыі валанцёры казалі, што «прайшлі некалькі чэкпоінтаў» — з Нікольскага іх адправілі ў пасёлак Старабешава, а пасля — у Данецк, у мясцовае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (УБАЗ). У УБАЗе валанцёры бачылі і іншых выкрадзеных людзей, ваенных і грамадзянскіх. Паводле словаў Станіслава Глушкова, вайскоўцы ў УБАЗе распавялі, што іх катавалі — «чаплялі электроды на пальцы ног».

У УБАЗе на валанцёраў склалі пратаколы, якія «ў прымусовай форме вымушалі падпісваць». У гэтых паперах не было ні даты, ні тэрміну затрымання, але гаварылася, што валанцёры «на падкантрольных ДНР тэрыторыях рабілі нейкія тэрарыстычныя акцыі». З УБАЗу палонных павезлі ў мясцовы следчы ізалятар, а ўжо адтуль — у калонію.

«Амаль на ўсіх этапах нас перамяшчалі з завязанымі вачыма. Нам замітвалі вочы і рукі скотчам, надзявалі мяхі на галаву. Нас вадзілі тварам да падлогі, як тэрарыстаў. Калі мы не так сядзелі, не так стаялі ці нешта не падабалася нашым канваірам, нас білі. Калі я няправільна сядзеў, мяне білі па нагах. Калі я апускаў рукі, мяне білі па руках», — успамінаў на прэс-канферэнцыі Канстанцін Вялічка.

Цесната, смага, антысанітарыя

Валанцёраў трымалі ў былой украінскай папраўчай калоніі — паводле словаў Ганны Воражавай, цяпер гэта закінутая тэрыторыя з некалькімі двухпавярховымі бетоннымі будынкамі, якія не эксплуатаваліся з 2010 года. Адзін з іх выкарыстоўваецца як ДІЗА — дысцыплінарны ізалятар.

«Гэтая тэрыторыя не магла быць прызначаная для ўтрымання нікога абсалютна, асабліва людзей», — казала на прэс-канферэнцыі Воражава. У першыя тыдні палонных ахоўвалі сілавікі з самаабвешчанай ДНР, пазней з’явіліся вайскоўцы з Расіі — і над калоніяй паднялі расійскі сцяг.

Выкрадзеных валанцёраў размясцілі ў адным з двухпавярховых карпусоў — з часам яны змаглі падлічыць, што ў будынку было прыкладна 19 камер. Паводле словаў Воражавай, ён быў разлічаны максімум на 100 чалавек, але новых палонных прывозілі амаль кожны дзень, і ў нейкі момант у іх корпусе трымалі амаль 800 чалавек.

Паводле словаў валанцёркі, аднойчы ахоўнікі абудзілі яе ў дзве гадзіны ночы і загадалі правесці перапіс у камерах. «Такім чынам я змагла трапіць на другі паверх дысцыплінарнага ізалятара і на ўласныя вочы ўбачыць, што ў камеры, якая разлічаная на восем-дзесяць чалавек плошчай не больш за 20 квадратных метраў адначасова ўтрымлівалася 55 мужчын. Яны спалі па чарзе. Усе камеры былі абсалютна перапоўненыя, і туды кожны дзень дадавалі і дадавалі людзей», — казала Ганна Воражава.

«Нас атачаў бруд, заняпад і пранізлівы холад кожную секунду. Не ў кожнай камеры былі так званыя паліцы, якія замянялі спальныя месцы, у многіх камерах гэтыя паліцы адсутнічалі наогул. І нам даводзілася — і хлопцам, і дзяўчатам — спаць на халоднай бетоннай падлозе. Адзінае, чым мы маглі скарыстацца — гэта ў нас у нямногіх былі цёплыя рэчы, якія мы падсцілалі пад сябе», — расказвала яна. Паводле яе слоў, месца ў камерах было так мала, што спаць даводзілася па чарзе.

Самі ахоўнікі называлі месца, у якім трымалі выкрадзеных валанцёраў, «ямай».

«Асаблівым дэфіцытам была пітная вада. Мы маглі разлічваць на ваду ў аб’ёме 150-200 мілілітраў на чалавека ў дзень. Часам і гэтага нам не даставалася, — успамінала Воражава на прэс-канферэнцыі.  — Таксама асобна самімі зняволенымі ў руках, у баклашках па 30 літраў разносілася тэхнічная вада. Гэта таксама быў дэфіцыт. Мы не маглі чысціць прыбіральні, вадаправод адсутнічаў».

Ад холаду і стрэсу выкрадзеныя хварэлі, у кожнай камеры чуўся «брахлівы кашаль», але ні лекаў, ні лекараў у калоніі не было.

«Нікому не давалі абязбольвальнае, нават тым, у каго была раздробленая сківіца, паламаныя ногі. Мне давялося пачаць паліць, бо гэта быў адзіны спосаб зняць боль. У мяне выйшлі дугі ад брэкетаў, праз гэта ўсе шчокі знутры ў шнарах», — расказала Воражава.

Жанчынам не выдавалі пракладкі. «Некаторым з нас давялося прайсці па тры-чатыры цыклы там. Гэта было асобнае катаванне, па-іншаму не скажаш», — прызнавалася на прэс-канферэнцыі валанцёрка. Паводле яе словаў, некаторыя яе суседкі па камеры былі цяжарныя.

Усе лекі, прадукты, асабістыя рэчы і нават ваду, якая была ў валанцёраў з сабой у момант выкрадання, канфіскавалі. «Ежа — асобная сумная гісторыя. У першыя тыдні я бачыла ў якасці ежы каля 150 грамаў шэрага хлеба. І ежа пераносілася ў брудным, выкарыстаным посудзе, якога таксама не хапала. Разварваныя макароны, нейкая колькасць дробнай марской рыбкі. Гэта страшнае халоднае месіва, жыжка, якую неабходна было для выжывання ўжываць», — успамінала Ганна.

Паборы, пабоі, пераарышт

Праз некалькі тыдняў валанцёры даведаліся, што на тэрыторыі калоніі ёсць і іншыя баракі, дзе ўмовы крыху лепшыя, чым у ДІЗА або «яме» — палонныя, якія разносілі па камерах ежу, расказвалі, што там «можна спаць лежачы, а не седзячы, а яшчэ дыхаць паветрам».

Валанцёры паспрабавалі высветліць, як туды трапіць. Тады начальнік аператыўнага аддзела Вячаслаў Мікалаевіч Якурноў (на прэс-канферэнцыі адзначылі, што ў Алэніўцы ён адказвае ў асноўным за працу з інфарматарамі) прапанаваў палонным закупіць некалькі ноўтбукаў, будматэрыялы і аргтэхніку для калоніі. Ім дазволілі зрабіць па адным тэлефонным званку дадому — перадаць спіс пакупак. Так родныя валанцёраў упершыню за некалькі тыдняў атрымалі пацверджанне, што тыя жывыя.

«У гэтым удзельнчаў начальнік калоніі — Еўсюкоў Сяргей Уладзіміравіч, ён патураў гэтаму. Большасць з нашых хлопцаў, якім удалося трапіць у баракі, у іх вымагалі грошы на будматэрыялы, яны павінны былі гэтыя баракі напаўразваленыя рамантаваць, каб знаходзіцца на свежым паветры», — расказаў Канстанцін Вялічка.

«Еўсюкоў Сяргей Уладзіміравіч, на маю асабістую думку, адзін з найстрашнейшых катаў, які кіруе ўсім гэтым лагерам, які неаднаразова казаў нам, што мы застанемся там як мінімум на дзесяць гадоў, што нашым дзецям, нашым сем’ям скажуць, што мы паляцелі ў космас, або што мы ваенныя лётчыкі, якія загінулі», — дадаў Станіслаў Глушкоў.

Паводле яго словаў, у Еўсюкова «відавочна ёсць садысцкія схільнасці». Глушкоў успомніў, як начальнік калоніі на яго вачах ударыў па печані выпадковага арыштанта, якога канвойныя пераводзілі ў іншы корпус: «Проста ішоў міма і ўдарыў, захацелася». Паводле словаў валанцёраў, на тэрыторыі калоніі ў Еўсюкова разбіты вішнёвы сад. Калі некаму з палонных удавалася сарваць некалькі ягад, яго білі і адпраўлялі ў ДІЗА.

Вызваленыя з Алэніўкі валанцёры ўзгадваюць, што ў калоніі былі часта чутныя крыкі; мяркуючы па гуках, некага са зняволеных рэгулярна збівалі.

«Нам даводзілася бачыць, што гэтыя людзі робяць з палоннымі. На жаль, я не магу расказаць падрабязнасці, бо хвалююся за бяспеку тых людзей, якія засталіся ў калоніі. Але гэта былі катаванні, больш цяжкія, чым тыя, што ўжывалі да нас. І мы нічога не маглі зрабіць. Мы сядзелі. І першыя дні, тыдні мы перажывалі, што мы не можам нікому дапамагчы. Мы ехалі з місіяй дапамогі, нас арыштавалі, і мы сядзім у турме. Нічога не робім, а людзі гінуць. Гэта для мяне было для мяне самым вялікім грузам», — падзяліўся Станіслаў Глушкоў.

Праз некалькі тыдняў палонныя зразумелі, што ў той жа калоніі ўтрымліваюцца ўкраінскія ваеннапалонныя, якіх рыхтуюць для абмену. Валанцёры стараліся падзяліцца з імі адзеннем, кнігамі і прадуктамі, якія родныя цудам змаглі перадаць у Алэніўку.

Калі выкрадзеных везлі ў Алэніўку, ім абяцалі, што адпусцяць праз 30 сутак — паводле законаў самаабвешчанай ДНР, без суду нельга трымаць у няволі даўжэй за месяц. Але калі скончыліся 30 дзён, супрацоўнікі калоніі проста аформілі валанцёрам «пераарышт».

«У Данецкай Народнай Рэспубліцы я зразумеў, што не працуюць законы, нават іх законы. Калі падыходзіла гэтая дата, аказваецца, нас проста пераарыштоўвалі І гэта, па логіцы, магла быць бясконцая працэдура, таму што нас выпусцілі і праз дзве хвіліны прымусілі падпісаць зноўку такі ж пратакол», — згадаў Глушкоў.

Вызваленне

Ніхто з валанцёраў не можа адказаць, чаму некага трымаюць у Алэніўцы некалькі месяцаў, а некага адпускаюць адразу, і чаму вызвалілі іх саміх — нягледзячы на падазрэнні ў тэрарызме.

«Вельмі многія людзі — нашы родныя, блізкія, сябры, проста знаёмыя валанцёрскія арганізацыі, урад Украіны, — усе ўдзельнічалі ў гэтым працэсе, і ў нас няма адказу, чаму раптам прыйшла папера з пракуратуры. Мы думаем, што ўсе гэтыя фактары ў выніку сышліся ў адным месцы, і ўсе намаганні ўсіх гэтых людзей далі неабходны вынік і дазволілі нам апынуцца на волі», — выказаў меркаванне на прэс-канферэнцыі Станіслаў Глушкоў.

Валанцёраў вызвалілі ў пачатку ліпеня.

«Мы да апошняга не верылі. Думалі, гэта наступны этап нейкі, у іншую турму. Потым, калі нас выставілі за браму, пайшла нейкая адаптацыя і разуменне таго, што мы знаходзімся з таго боку, на які мы вельмі часта глядзелі на ўскраіне, скажам так, плота. Мы пачалі спрабаваць неяк выязджаць, спрабавалі сазваніцца са сваякамі, знаёмымі, неяк ехалі праз Данецк. Нехта застаўся на пару дзён, проста прывесці сябе ў парадак. Гэта самая першая была мэта — прывесці сябе ў парадак. Далей нам дапамагалі выехаць неабыякавыя людзі», — расказаў Глушкоў.

На волю з калоніі № 120 выйшаў 31 чалавек. Адзін з выкрадзеных украінскіх валанцёраў — Сяргей Тарасенка — усё яшчэ знаходзіцца ў Алэніўцы.