Кантрабанда, грубае парушэнне парадку і Нобелеўская прэмія міру. Хто такі Алесь Бяляцкі
Перевод
7 октября 2022, 14:42

Кантрабанда, грубае парушэнне парадку і Нобелеўская прэмія міру. Хто такі Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі. Фота: Michal Dolezal / CTK / AP

Заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі раздзяліў Нобелеўскую прэмію міру з расійскім «Мемарыялам» і ўкраінскім «Цэнтрам грамадзянскіх свабод». «Медыязона» расказвае пра асноўныя этапы біяграфіі беларускага праваабаронцы.

2021

Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча затрымалі 14 ліпеня 2021 года. Спярша праваабаронцаў абвінавачвалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (частка 2 артыкула 243 КК), але пазней гэта абвінавачванне знялі і прад’явілі новыя — у кантрабандзе (частка 4 артыкула 228 КК) і грубым парушэнні парадку (частка 2 артыкула 342 КК).

28 студзеня 2022 года суд не задаволіў скаргу Бяляцкага на падаўжэнне тэрміну арышту. Праваабаронцы ўтрымліваюцца пад вартай ужо 450 дзён.

Аднак гэта не першая крымінальная справа Алеся Бяляцкага.

2011

4 жніўня 2011 года праваабаронцу затрымалі і змясцілі ў СІЗА. Тады Мінюст Літвы даў Беларусі інфармацыю пра банкаўскія рахункі праваабарончага цэнтра «Вясна», а падатковыя органы палічылі сумы, якія захоўваліся там, асабістымі сродкамі праваабаронцаў і абвінавацілі іх ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (частка 2 артыкула 243 КК).

Алесь Бяляцкі падчас судовага пасяджэння ў Мінску, 24 лістапада 2011 года. Фота: Sergei Grits / AP

23 лістапада суд Першамайскага раёна Мінска прысудзіў Бяляцкаму 4,5 гады калоніі. У студзені 2012 года жонка праваабаронцы выплаціла шкоду памерам 757 526 717 недэнамінаваных рублёў, а 21 чэрвеня 2012 года яго вызвалілі.

1996

Праваабарончы цэнтр «Вясна» быў створаны ў красавіку 1996 года пасля «Чарнобыльскага шляху», калі, паводле ацэнак Бяляцкага, міліцыянты затрымалі каля тысячы чалавек.

«У той час мы стварылі групу дапамогі, збору інфармацыі пра тых, хто быў затрыманы і дапамогі тым, хто патрапіў пад адміністрацыйны арышт», — расказваў Бяляцкі.

Тады Бяляцкі працаваў дырэктарам музея Максіма Багдановіча. У будынку музея збіралі гуманітарную дапамогу для пратэстоўцаў.

«Я добра памятаю, як адзін мой добры знаёмы прыехаў сюды на мікрааўтобусе і прывез недзе паўтоны ежы. На той час гэта былі макароны, алей, кетчуп, аліўкі нейкія. Мы ўсё гэта раскладалі ў мяшочкі з подпісам Максіма Багдановіча. І калі людзі выходзілі з Акрэсціна, то мы сустракалі і давалі ім гэтыя мяшочкі», — успамінаў праваабаронца.

У 1997 годзе па адрасе музея быў зарэгістраваны Праваабарончы цэнтр «Вясна-96». У 1998 годзе Бяляцкі быў вымушаны сысці з пасады дырэктара музея.

28 кастрычніка 2003 года Вярхоўны суд пазбавіў арганізацыю рэгістрацыі. Падставай для гэтага стала папярэджанне Мінюста аб парушэнні выбарчага заканадаўства падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года.