Ілюстрацыя: Mari Msukanidze / Медыязона
З таго часу як Лукашэнка забараніў цэнам расці, Генпракуратура і КДК завялі больш за 40 крымінальных спраў па артыкулах аб перавышэнні паўнамоцтваў і бяздзейнасці службовай асобы за парушэнне новаўвядзення. «Медыязона» папрасіла юрыстаў пракаментаваць гэтыя справы і растлумачыць, наколькі апраўдана іх існаванне.
Пра першыя крымінальныя справы за павышэнне коштаў КДК даў справаздачу ўжо 8 кастрычніка: напрыклад, у Лідзе прадавалі каўбасу амаль на 2 рублі даражэй, чым пасля ўведзенай Лукашэнкам забароны.
Парушэнне заканадаўства ў гэтым выпадку следчыя кваліфікуюць як перавышэнне службовых паўнамоцтваў (артыкул артыкул 426 КК) і бяздзейнасць службовай асобы (артыкул 425 КК). У Камянецкім раёне па гэтым артыкуле распачалі справу супраць пяцярых кіраўнікоў неназванага ААТ — за павелічэнне кошту на хлеб, сыр «і іншую прадукцыю» ў іх гандлёвай сетцы.
— Прымяненне артыкула 425 [аб бяздзейнасці службовай асобы] у дадзеным выпадку — гэта наогул глупства несусветнае, таму што аб’ектыўны яе бок выяўляецца ў адсутнасці дзеяння, лічыць былы следчы Ігар Лобан. — Можна, вядома, уявіць такую сітуацыю: таваразнаўца вырашыў падняць кошты, а дырэктар, ведаючы пра гэта, наўмысна не перашкодзіў. Тады з нацяжкай можна казаць пра нейкую бяздзейнасць.
Адвакат, які папрасіў не называць яго імя, адзначае, што артыкулы аб бяздзейнасці і злоўжыванні паўнамоцтвамі сфармуляваны ў КК даволі абстрактна, і ў іх «размыты аб’ектыўны бок дзеяння». На яго думку, пад такія фармулёўкі ў тэорыі можна так ці інакш падвесці практычна любыя дзеянні.
— Можна ўзяць інструкцыю службовай асобы (кіраўніка, напрыклад) і паглядзець, што ён павінен рабіць. І калі ён нешта з гэтага не зрабіў, то фармальна атрымліваецца, што ён не выканаў нейкае дзеянне, якое мусіў, — тлумачыць ён.
Ігар Лобан лічыць, што фармальна дзеянні супрацоўнікаў крамаў могуць падпадаць пад перавышэнне службовых паўнамоцтваў, бо яны прымаюць рашэнне аб павышэнні цэн насуперак заканадаўству.
— Я ўпэўнены, што менавіта такой логікай органы, якія некалі былі праваахоўнымі, кіруюцца на дадзены момант, — кажа ён.
На думку адваката, павышэнне коштаў не выходзіць за межы правоў і паўнамоцтваў службовай асобы.
— Такія паўнамоцтвы [у кіраўніка] ёсць. Але цяпер гэта, мабыць, трактуецца так, што калі заканадаўствам уведзеныя нейкія абмежаванні для суб’ектаў гаспадарання, то кіраўнік, які спрабуе абысці гэтыя абмежаванні, перавышае свае паўнамоцтвы, — адзначае ён.
10 кастрычніка Савет міністраў выдаў пастанову, якая забараняе крамах прадаваць «свежыя, ахалоджаныя або замарожаныя часткі тушкі птушкі», калі яны не былі разабраныя на мясаперапрацоўчым прадпрыемстве. Гэта здарылася пасля нарады Лукашэнка з эканамічным блокам. На ім кіраўнік Белстата Ірына Мядзведзева расказала пра «шчыліну», якую вытворцы выкарыстоўваюць, каб «падымаць цэны і абыходзіць антыінфляцыйнае заканадаўства».
«Яны пастаўляюць у крамы традыцыйную прадукцыю пад выглядам новай, усталёўваючы на яе больш высокі кошт», — сказала яна.
Лукашэнка заявіў, што ведае пра гэтую схему. Паводле яго звестак, так рабілі вытворцы хлеба, малака, мяса і птушкі.
— Расчлянілі дохлую курыцу, запіхнулі ў поліэтыленавы пакет — новы тавар! Разумееце, да чаго дайшлі: цэлая тушка кураня каштуе два рублі, а напалову раздзеленая — пяць рублёў, да прыкладу. А што здарылася, чаму у два-тры разы падаражэў тавар? Таму што вы яго разрэзалі напалову? — абурыўся ён.
Пакуль што пра крымінальныя справы за раздзелку курыцы ў крамах невядома. Тым не менш, Генпракуратура адчыталася пра крымінальную справу за павышэнне цаны на разабраную курыцу супраць службовых асоб птушкафабрыкі «Дружба». Яны распарадзіліся разрабіць тушку кураня-бройлера на дзве часткі і прадаваць іх «па завышаным кошце без уліку уведзеных абмежаванняў». Пры гэтым Генпракуратура спасылалася не на дырэктыву аб забароне павышэння коштаў, а на вясновую пастанову ўрада, якая ў тым ліку забараняе штомесяц павышаць цэны на пералічаныя ў ім тавары больш чым на 1,2%.
Былы следчы перакананы, што «такіх спраў у прынцыпе не павінна быць», таму не гатовы адказаць, як бы сам кваліфікаваў дзеянні тых, каго выкрылі ў павышэнні коштаў.
— Нібыта яны правільна кваліфікуюць з пункту гледжання гэтага 426 артыкула, але сама сітуацыя абсурдная. Цяпер у Беларусі рэпрэсіўныя органы, а не праваахоўныя. Заўтра, дапусцім, забароняць левы шнурок завязваць, і знойдзецца артыкул, па якім прыцягваць людзей, — лічыць ён.
На думку адваката, дзеянні прадаўцоў можна вырашаць у межах адміністрацыйнага права — напрыклад, артыкулам аб парушэнні парадку ўстанаўлення і прымянення цэн. Ужыванне ўладамі крымінальных артыкулаў у гэтых выпадках, лічыць ён, абумоўлена тым, што «пад іх можна падагнаць што заўгодна».
Адвакат удакладняе: злачынства адрозніваецца ад адміністрацыйнага правапарушэння менавіта наяўнасцю грамадскай небяспекі, і таму сітуацыя, калі прадаўцоў «саджаюць за парушэнне нейкіх эканамічных патрабаванняў» не адпавядае сэнсу, які ўкладваецца ў паняцце злачынства.
— Адміністрацыйнае дзеянне ад крымінальнага можа адрознівацца тым, што яны палічаць, што павышэнне коштаў не проста было здзейснена, а яшчэ пацягнула істотную шкоду. І таму яны не па адміністрацыйнай прыцягваюць, а па крымінальнай. Але ў рэчаіснасці тыя наступствы, якія яны спрабуюць абвінаваціць — гэта, я думаю, шмат у чым могуць быць надуманымі, — падсумоўвае ён.
Лобан звяртае ўвагу, што ў прэс-рэлізах КДК і Генпракуратуры часта выкарыстоўваецца наступная фармулёўка — «дзеянні службовых асоб пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, а таксама правам і законным інтарэсам грамадзян».
— Любы эканаміст скажа, што забарона на павышэнне коштаў прывядзе да дэфіцыту тавараў, паколькі ніхто імпартаваць або вырабляць тавар сабе ў страту не будзе. Што прынесла б большую шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам — падаражанне гэтага тавару або яго адсутнасць? — задаецца пытаннем экс-следчы. — Я так думаю, што адсутнасць гэтага тавару зрабіла б большую шкоду. Вось таму тут у мяне ўзнікае пытанне: гэтая прыкмета [перавышэння паўнамоцтваў] улічаная ці не?
Ён называе дырэктыву «Аб недапушчальнасці росту цэн» папулізмам і дадае, што пасля прыняцця пастановы Саўміна, якая ўсталёўвае жорсткае рэгуляванне цэн, а не поўную забарону на іх павышэнне, сілавікі не будуць «даваць назад».
— Гэта каб не сапсаваць рэпутацыю Лукашэнкі — маўляў, сёння кажа адно, заўтра іншае. Хоць мы ведаем, што ў рэчаіснасці так і адбываецца, — кажа Лобан.