Ілюстрацыя: Барыс Хмельны / Медыязона
З кастрычніка 2020 года ў камандзе тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі» знаходзіўся «бяспечнік», які захоўваў ананімнасць і не паказваў калегам свайго твару. Ён меў доступ да «прапановак» і ўнутраных чатаў некалькіх пратэсных рэсурсаў, меў зносіны і нават сябраваў з супрацоўнікамі ЧКБ, мог высветліць, ці не заведзеная на чалавека крымінальная справа, і быццам бы дапамагаў з'язджаць з краіны. У ліпені 2021 года адміністратары «Чорнай кнігі» зразумелі, што ўвесь гэты час працавалі поруч з супрацоўнікам ГУБАЗіК Артурам Гайко. «Медыязона» расказвае гісторыю самага паспяховага (на сённяшні дзень) укаранення міліцыянта ў асяроддзе апазіцыйных актывістаў.
У ліпені 2021 года аб’яднанне BYPOL выпусціла відэа з выкрыццём агента ГУБАЗіК Артура Гайко, які супрацоўнічаў з тэлеграм-каналам па дэананімізацыі сілавікоў «Чорная кніга Беларусі» — прабіваў супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і зліваў кантакты таварышаў па службе.
У лютым 2022-га дзяржканал СТБ расказаў, што «з самага першага дня існавання "Чорнай кнігі Беларусі" сярод адміністратараў канала быў супрацоўнік ГУБАЗіК».
Ніводная з гэтых публікацый не выклікала шырокага грамадскага абмеркавання. Гісторыя з губазаўцам здавалася завершанай. Але гэтай восенню тэлеканал «Белсат» правёў уласнае расследаванне, пацвердзіўшы, што Гайко не проста перадаваў ЧКБ звесткі, а быў адным з адміністратараў канала і адказваў за «бяспеку», правяраючы дасланыя карыстальнікамі файлы на наяўнасць вірусаў.
Паводле звестак «Белсата», губазавец мог атрымаць доступ да дадзеных блізу 10 тысяч беларусаў, якія пісалі ў сетку каналаў ЧКБ. Крыніца выдання «Зеркало», якая ўваходзіла ў каманду ЧКБ, удакладніла: толькі за той час, калі губазавец меў доступ да карэспандэнцыі, з праектам звязаліся больш за 8 тысяч чалавек. Былы супрацоўнік ЧКБ пацвердзіў «Медыязоне» гэтыя лічбы.
Увесну 2021 года адна з рэдактарак «Чорнай кнігі Беларусі» Вольга Высоцкая ў перапісцы з Артурам абмяркоўвала вучобу. У той момант дзяўчына пісала дыплом, а ён казаў, што пайшоў вучыцца на завочку ў айці. Раптам, каб «паказаць, што ў іх там поўны трэш, схемы і формулы на экране», ён скінуў Высоцкай скрыншот вучэбнай канферэнцыі ў зуме.
Спачатку актывістка не звярнула ўвагі, што адзін з удзельнікаў сазвону быў падпісаны «Артур Гайко». Але пазней, кажа Высоцкая, яна ўзгадала, што ў боце «Чорнай кнігі» адзін з карыстальнікаў расказваў пра чалавека з такім жа імем: той працаваў ахоўнікам у віцебскім клубе, а пасля ўладкаваўся ў ГУБАЗіК і з’ехаў у Мінск. Калі гэтыя паведамленні пераслалі ў адзін з чатаў, Артур адказаў, што яго цёзка з Віцебска «ганьбіць імя». Высоцкая напісала: «Ха-ха, потым акажацца, што гэта ты». Тады яны дружна пасмяяліся.
Высоцкая знайшла Артура Гайко ў базе са звесткамі супрацоўнікаў МУС, якую ўзламалі «Кіберпартызаны». Але Артур з ЧКБ казаў, што жыве ў Мінску, а міліцыянт Гайко з базы усё яшчэ служыць у Віцебску.
«Для мяне гэта было непадабенства, я падумала, што ў мяне паранойя і ад’ехала галава», — тлумачыць Вольга. Са слоў дзяўчыны, з лістапада 2020 года ў яе і «галоўнай рэдактаркі» ЧКБ Яніны Сазановіч не раз узнікалі падазрэнні, аднак уся астатняя каманда пераконвала іх, што трэба «не займацца хернёй, а працаваць». Высоцкая дадае, што атрымаўшы скрын з зуму з Артурам Гайко, яна не скінула яго Яніне — яны былі ў сварцы.
Высоцкая згадвае, што ў канцы траўня 2021 года, пасля пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам і Соф’яй Сапегай у Мінску, Сазановіч патэлефанавала ёй і сказала: BYPOL і «Кіберпартызаны» мяркуюць, што ў іх «хутчэй за ўсё пацук у камандзе».
На сайце «Витебских вестей» яны знайшлі нататку пра міліцыянта Артура Гайко, які выратаваў чалавека, які тануў. Артур з ЧКБ таксама расказваў калегам, што аднойчы гэтак выратаваў чалавека. У траўні Высоцкая перадала ўсё, што знайшла пра Артура, у BYPOL, але там на гэтую інфармацыю, з яе слоў, «шчасна забілі».
Дзяўчына працягнула пошукі самастойна і знайшла на сайце Віцебскага гарвыканкама старонку з фотаздымкамі ўчастковых. Сярод іх быў інспектар па справах непаўналетніх Артур Сяргеевіч Гайко.
Да гэтага ніхто ў ЧКБ не ведаў, як выглядае Артур: ён скідваў толькі зарэтушаваныя або пікселізаваныя фотаздымкі. «Умоўна, што вось, я жывы чалавек, але твар вы мой не ўбачыце», — тлумачыць Высоцкая.
23 траўня 2021 года ў мінскім аэрапорце здзейсніў экстраную пасадку самалёт, які ляцеў з Афін у Вільню і на борце якога былі супрацоўніца ЧКБ Соф’я Сапега і блогер Раман Пратасевіч. Са слоў Высоцкай, неўзабаве пасля гэтага Артур сказаў, што на адным з допытаў Пратасевіч згадаў «Артура-бяспечніка» з ЧКБ, таму яму трэба тэрмінова з’ехаць з Беларусі.
Яніна Сазановіч кажа, што ўжо праз тры гадзіны ён даслаў відэа з Кіева. Гэта яе насцярожыла.
«Ён сказаў, што ехаў 200 км/г па Беларусі. Гэта немагчыма. Ён сказаў, што ён паехаў нейкімі нелегальнымі шляхамі. Я пытаюся: «А як кот?» Ён кажа, што схаваў ката. А навошта ты хаваў ката, калі ты нелегальна пераязджаў?» — здзіўлялася Сазановіч.
5 ліпеня Артур павінен быў прыйсці ў Кіеве на сустрэчу з адным з актывістаў, каб пацвердзіць сваю асобу. Высоцкая згадвае, што яны з Янінай «гатовыя былі ставіць грошы» на тое, што Артур не прыйдзе.
За дзень да прызначанай сустрэчы ён сапраўды перастаў выходзіць на сувязь. Пазней «ягоная жонка» напісала Багдановічу і расказала, што Артура затрымалі — нібыта за тое, што ён на вяселлі пабіўся «за Беларусь». Сазановіч успамінае, што думала патэлефанаваць у паліцыю і даведацца, ці сапраўды Артур у аддзяленні, але так і не патэлефанавала.
Паводле слоў Высоцкай, ім з Янінай сітуацыя здавалася ўжо больш чым падазронай, але Багдановіч і актывіст, які павінен быў сустрэцца з Артурам, прасілі іх «не накручваць».
На наступны дзень пасля сустрэчы, якая не адбылася, Артур пагадзіўся на сазвон. Некалькі чалавек сабраліся на кватэры Багдановіча ў Вільні; Артур паставіў умову, што сярод іх не павінна быць Сазановіч, якой ён не давяраў.
«Я памятаю, што калі я сыходзіла, дзяўчына Багдановіча раскладвала на картах і такая: «Ды не, карты паказваюць, што ён [Артур] добры». Я такая: «Блядзь, вы чо?»» — успамінае Яніна. Эпізод з варажбой у размове з «Медыязонай» згадвае і сам Багдановіч, зрэшты, паводле ягонай версіі, тады карты паказалі, што Артур, наадварот, «дрэнны». Да гэтага, кажа ён, быў яшчэ адзін расклад, па якім карты паказалі, што Гайко «добры». Пасля публікацыі тэкста Данііл Багдановіч звязаўся з рэдакцыяй і ўдакладніў, што сам ён ніякіх высноваў на падставе варажбы не рабіў.
Падчас сазвону «бяспечнік» упершыню паказаў калегам па ЧКБ свой твар і пашпарт на прозвішча Бароеў. Высоцкая кажа, што скідвала Багдановічу знойдзены ў інтэрнэце фотаздымак Артура Гайко і здзівілася, калі даведалася, што той паказаў яе Артуру. Сам былы менеджар канала тлумачыць гэта «станам шоку».
«Я потым ужо падумаў, што, напэўна, не трэба было пісаць, але ў моманце такое было складана пракантраляваць, — кажа Багдановіч. — І ён мне скідвае свой фотаздымак. Тыпу, глядзі, не падобны я да яго. А я заскрыніў, абвёў сем радзімак на твары і кажу: «Ну падобны ж. Як гэта, не ты». Ён кажа: «Не, Не я». Я кажу: «Ну ладна, можа, памыліўся»».
Гэтыя падзеі адбываліся ў перыяд з 5 па 7 ліпеня 2021 года. Са слоў Багдановіча, ён напісаў пра сітуацыю з Артурам камандзе ЧКБ і крыху пазней — у BYPOL. Неўзабаве BYPOL пацвердзіў камандзе, што Гайко — супрацоўнік ГУБАЗіКа. 30 ліпеня аб’яднанне выпусціла расследаванне пра Артура Гайко, назваўшы яго пасаду, месца працы і кантактныя тэлефоны. У расследаванні сказана, што ён прабіваў для «Чорнай кнігі Беларусі» сілавікоў і «зліў» кантакты таварышаў па службе. Пры гэтым BYPOL змаўчаў пра тое, што Гайко быў сярод адміністратараў ЧКБ і меў доступ да паведамленняў чытачоў.
У сярэдзіне верасня 2020 года ў бот ЧКБ напісаў карыстальнік з нікам Damoklov_Sword. Паводле слоў Данііла Багдановіча, ён прадставіўся супрацоўнікам службы бяспекі «Белгазпрамбанка» і паказаў запыт з СК: ведамства нібыта цікавілі рахункі трох дзяўчат «у сувязі з распачынаннем крымінальнай справы». Багдановіч успамінае, што справа была «неяк звязаная са Сцяпанам Пуцілам». Паводле яго слоў, дзве дзяўчыны ўжо праз пару дзён былі ў Вільні. У размове з «Медыязонай» адна з іх сказала, што з’ехала да гэтага паведамлення. У сацсетках іншай пазначана, што яна была ў Вільні ўжо ў пачатку верасня.
К гэтаму часу ў бот ЧКБ стала прыходзіць шмат паведамленняў з вірусамі і трэкерамі, па якіх можна адсачыць IP. «Чалавек дасылае, кажа, што гэта важная інфармацыя. Незразумела, як гэта адкрыць, каб не трапіць у небяспеку», — тлумачыць Багдановіч. Ён ужо перапісваўся з Damoklov_Sword, і той прапанаваў сваю дапамогу ў праверцы уваходнай карэспандэнцыі.
Тады ж, у кастрычніку 2020-га, Nexta абвесціў узнагароду за базу дадзеных актуальных супрацоўнікаў ГУБОПіК. Паводле слоў Багдановіча, Damoklov_Sword яе даслаў і, магчыма, атрымаў узнагароду. Пасля гэтага нікому не вядомаму «бяспечніку» сталі давяраць і дадалі яго ў працоўныя чаты «Чорнай кнігі».
«Ці дастатковая гэтая верыфікацыя? Цяпер, гледзячы назад, здаецца, што недастатковая», — разважае Багдановіч.
«Пазней BYPOL сказаў, што гэта была мянтоўская база, і калі б яе ім паказалі адразу, яны сказалі б, што гэта не супрацоўнік банка, а супрацоўнік міліцыі», — кажа Высоцкая.
Яна ўспамінае, што спачатку новы член каманды выкарыстоўваў псеўданім, але ў асабістым паведамленні прадставіўся ёй Артурам і сказаў, што яго сапраўднае імя ведаюць толькі Сазановіч і Багдановіч.
«І я разумею, што ён столькі кантактаваў з Данікам, ведае, што ён у Вільні, што мы аднагрупнікі, [ведае], хто дзяўчына Даніка», — расказвае Высоцкая. Тады і яна назвала Артуру сваё сапраўднае імя.
«Калі мы антывірус называем «бяспекай», то тады ён быў «бяспечнікам»», — апісвае Багдановіч ролю пачаткоўца ў праекце.
Высоцкай Артур пісаў, што скончыў «юрыдычны+эканамічны», трапіў у банк і нават кансультаваў упраўленне «К», дзякуючы чаму меў доступ да баз МУС. З таго часу, сцвярджаў Артур, у яго застаўся сябар, які працягвае працаваць «на вярхушцы» адной з сілавых структур. Нібыта менавіта праз яго Артур мог даведвацца пра ўзбуджэнне крымінальных спраў і высвятляць, ці ёсць у канкрэтнага чалавека забарона на выезд за мяжу (насамрэч праверыць наяўнасць такой забароны можна на сайце МУС у асабістым кабінеце).
Артур склаў некалькі гайдаў па бяспецы для супрацоўнікаў ЧКБ: тлумачыў, якія спасылкі нельга адкрываць, нагадваў пра двухфакторную аўтэнтыфікацыю і прасіў, каб незнаёмыя файлы дасылалі яму на праверку.
Каб Артур мог аператыўна правяраць файлы на вірусы, яго дадалі ў агульны і абласныя чаты супрацоўнікаў «Чорнай кнігі». Ён атрымаў доступ да ўсіх «прапановак».
«Ва ўсіх ботах людзей прасілі, каб яны заўсёды карысталіся VPN і дасылалі інфармацыю ананімна. Пры мне быў выпадак, калі Артур асабіста прасіў у чат-боце чалавека перайменавацца і не пісаць пад сваім імем, бо гэта небяспечна і стрэмна», — кажа Багдановіч.
Акрамя ботаў Артур меў доступ і да адмін-панэлі, дзе можна ўбачыць усе паведамленні карыстальніка, яго ID і нік. Паводле слоў крыніцы «Медыязоны», блізкай да праекту, за час працы Артура ў «прапаноўкі» асноўнага і рэгіянальных каналаў «Чорнай кнігі» напісалі каля 8 500 карыстальнікаў.
З часам Артур стаў дапамагаць Яніне Сазановіч з іншымі яе праектамі. У канале «Усе парушэнні», дзе публікаваліся звесткі «памагатых рэжыму і фальсіфікатараў», ён атрымаў «на два-тры месяцы» доступ да чат-бота і магчымасць посціць паведамленні. У камандзе канала «Карнікі Беларусі» яго дадалі ў чат, куды перасылалі паведамленні ад падпісчыкаў. Праз тры месяцы Гайко сам выйшаў з чатаў — пасля папроку Сазановіч, што ён «не працуе».
Неўзабаве Артура дадалі ў чат пад назвай «Інфапоінт», дзе камунікавалі адміністратары буйных апазіцыйных каналаў і актывісты, якія «хацелі трымацца разам», расказвае Багдановіч. З ягоных слоў, адзінай задачай Артура і там заставалася праверка падазроных файлаў з «прапановак». Хто з адміністратараў каналаў скарыстаўся яго дапамогай, былому менеджару ЧКБ невядома.
Паводле слоў Багдановіча, Артур «прабіваў» інфармацыю пра крымінальныя справы прыкладна для дзесяці чалавек, яшчэ некалькім актывістам ён «дапамог выехаць». Суразмоўцы «Медыязоны» назвалі імёны некаторых з іх. Ні адзін не пацвердзіў, што звяртаўся да дапамогі «бяспечніка», некаторыя адмовіліся ад каментароў або папрасілі не згадваць іх у сувязі з гісторыяй Гайко.
«Чалавек хоча перасячы мяжу, яму страшна, ён не ведае, арыштуюць на мяжы ці не. Тады чалавек звяртаўся да Артура, і ён прабіваў. З дзвюх гісторый, што я чуў, абодва чалавекі выехалі», — сцвярджае Багдановіч. Яму невядома, ці былі супраць гэтых людзей насамрэч распачатыя крымінальныя справы, прызнае экс-менеджар ЧКБ.
«Нам здавалася, што гэта нармальна і магчыма. Можа быць, у яго насамрэч былі падвязкі ў органах. Калі людзі выязджаюць, значыць усё нармальна», — кажа Высоцкая.
«Рэжым сапраўды ахвяраваў вельмі многімі людзьмі, якія маглі цяпер сядзець. Той жа Касцюговай або Шрайбманам. Яны далі ім выехаць, таму што гэта азначала вельмі вялікі давер да Артура», — упэўненая Сазановіч.
Акрамя таго, у Артура быў доступ да чату «Хекста» — «супольнага чату з Nexta», які быў створаны пасля таго, як канал абвясціў узнагароду за звесткі пра супрацоўнікаў ГУБАЗа. Гэта пацвердзіў «Медыязоне» і былы супрацоўнік Nexta Ян Рудзік.
Адміністратары Nexta перасылалі ў чат паведамленні карыстальнікаў са свайго бота, на аснове гэтых паведамленняў супрацоўнікі ЧКБ пісалі пасты пра сілавікоў. Калі карыстальнік падпісваўся сваім сапраўдным імем, яго бачылі ўсе ўдзельнікі чата, уключаючы Гайко. Паведамленні з медыяфайламі перасылаліся з указаннем ID адпраўніка. «Медыязона» налічыла некалькі дзясяткаў паведамленняў, пераадрасаваных падобным чынам. У канале Nexta не было пазначана, што паведамленні падпісчыкаў аб супрацоўніках ГУБАЗіК могуць быць перададзеныя трэцім асобам.
За працу ў праекце ЧКБ Артур атрымліваў заробак на крыптагаманец; паводле слоў Яніны Сазановіч, яму плацілі ад 600 да 800 еўра. Багдановіч кажа, што зарплата была меншая — ад 300 да 500 еўра.
Акрамя ніка Damoklov_Sword Артур выкарыстаў іншы — Revenge iam.
«Мы з Оляй у перапісцы казалі: «А прыкінь, калі ён насамрэч супрацоўнік і яго нік Revenge». Ён нам кажа, што помста ўжо тут. Мы такія тады: «Ха-ха, хі-хі»», — успамінае Яніна Сазановіч.
Вольга Высоцкая кажа, што ў камунікацыі з Артурам прафесійнае заўсёды перапляталася з асабістым. «Бяспечнік» нікому не паказваў свайго твару, але ўмеў выбудоўваць сяброўскія стасункі з калегамі па ЧКБ. Ён сыпаў гісторыямі з жыцця; пазней высветлілася, што як мінімум адна з іх была праўдзівай — пра выратаванне чалавека, які тануў.
Артур казаў, што ён родам з Віцебска, там засталася маці, а ён з катом пераехаў у Мінск. Высоцкай ён распавядаў, што яго бацька цяжка піў і збіваў іх з мамай; актывістка звяртае ўвагу, што на той момант у яе самой былі дрэнныя стасункі з бацькам — яна лічыць, што Артур «або ведаў сам, або праз Данііла даведваўся асабістыя гісторыі» адмінаў ЧКБ, каб увайсці да іх у давер.
Паводле яе слоў, Гайко камунікаваў і з Соф’яй Сапегай. Яны абмяркоўвалі асабістыя тэмы, у перапісцы з дзяўчынай «бяспечнік» прызнаваўся, што ходзіць у трэнажорную залу, «раней быў тлусты, цяпер схуднеў».
«Ён пачынаў з заходаў, якія маглі закрануць кожнага або кожную з нас, — распавядае Высоцкая. — Казаў, хачу пагаварыць, толькі з табой дзялюся такімі вось здарэннямі з жыцця важнымі. Не можа ж чалавек з ГУБАЗа дзяліцца асабістымі гісторыямі. Калі ён агент, то гэта прыкол нейкі».
З Даніілам Багдановічам Артур абмяркоўваў відэагульні, разам яны гулялі ў Dota і World of Tanks. Размовы з Гайко былы менеджар ЧКБ апісвае як «бясконцы small talk». Ён успамінае, што часам Артур прапаноўваў дапамогу са справаздачамі па канале.
«Тады мне здалося гэта дзіўным. Ясная рэч, у адказ я яму кажу: «А давай-ка лепш ты дапаможаш мне з эсэ па вучобе». І ён мне напісаў яго на англійскай мове на 8 ці 9 балаў», — кажа Багдановіч. Паводле яго слоў, доступу да справаздач Артур так і не атрымаў.
У калектыве ЧКБ часам здараліся канфлікты. Звычайна іх вырашэннем займаўся сам Багдановіч. Але падчас чарговай сваркі паміж Янінай і адным з мадэратараў, успамінае Вольга Высоцкая, Данііл сказаў, што цяпер медыятарам будзе Артур. «Не пішыце асабіста адно аднаму, пішыце праз яго, выстаўляйце задачы праз яго», — прыводзіць яна словы Багдановіча.
«Як потым высветлілася, мадэратару ён казаў, што Яніна кончаная. А ёй ён казаў, што мадэратар кончаны. Вось такая гульня на два фронты, пры гэтым узровень даверу толькі падсілкоўваўся з абодвух бакоў, таму што ён як бы іх падтрымліваў, кожны бок у іх вачах», — кажа дзяўчына.
Падобная гісторыя з двайной гульнёй паўтарылася яшчэ як мінімум адзін раз.
Паводле слоў Багдановіча, Артур у ЧКБ так і не стаў у поўным сэнсе слова менеджарам: ён працягнуў выконваць свае функцыі «бяспечніка», але ўзяў на сябе «больш задач па вырашэнні канфліктаў унутры калектыву».
У кастрычніку 2020 года падпісчык даслаў у бот ЧКБ кнігу, выпушчаную да 25-гадовага юбілею ГУБАЗіК. На старонках падарункавага выдання можна было ўбачыць фотаздымкі супрацоўнікаў, іх прозвішчы і ініцыялы. Адміністратары пачалі прабіваць гэтых людзей.
Паводле слоў Высоцкай, дапамагчы з гэтым падахвоціўся адзін з інфарматараў ЧКБ — супрацоўнік «Белтэлекама» Арцём Пархамовіч. Ён сцвярджаў, што падчас начной змены можа незаўважна «рабіць да 20 прабіваў». Пархамовіч сабраў звесткі ўсіх поўных цёзак сілавікоў, згаданых у кнізе, а Высоцкая перакінула іх Артуру, каб ён высветліў, хто з гэтых людзей працуе ў ГУБАЗіКу.
Паводле яе слоў, на наступны дзень Пархамовіч напісаў ёй, што раніцай яму тэлефанаваў калега з «Белтэлекама» і пытаўся пра начныя прабівы, а цяпер да яго стукаецца міліцыя. Пасля гэтага ён перастаў выходзіць на сувязь.
У тэлеграме інфарматар быў падпісаны сваім імем. Высоцкая ўспамінае, што Артур у боце ў адказ на яго паведамленне напісаў, каб Пархамовіч пераназваў свой рахунак, і працягнуў зносіны ў прываце.
У той жа дзень Вольга напісала Багдановічу і расказала пра здарэнне. Паводле яе слоў, менеджар параіў «не параноіць» і сказаў, што Артур — правераны чалавек. Увечары ёй напісаў сам Артур; даведаўшыся, што інфарматара затрымалі, ён папракнуў дзяўчыну ў тым, што яна не сказала пра гэта раней. Праз нейкі час МУС выклала відэа з Пархамовічам: ён расказваў аб супрацоўніцтве з ЧКБ, на носе і бровах у яго былі прыкметныя ранкі.
Высоцкая кажа, што гэтым разам яна наўпрост абвінаваціла Артура ў тым, што ён здаў інфарматара; ён пачаў апраўдвацца, казаў, што «больш за ўсіх рызыкуе, сядзіць у Беларусі і дапамагае». Пазней дзяўчына выбачылася перад Артурам за тое, што назвала яго «губазікам».
Вольга лічыць, гэта Пархамовіч быў першым чалавекам, якога затрымалі за супрацоўніцтва з ЧКБ. Багдановіч у размове з «Медыязонай» не змог успомніць гэтую гісторыю. Паводле яго слоў, Артур «з самага пачатку казаў пра тое, што ўсе, хто займаюцца прабівам, у небяспецы, бо дадзеныя аб запытах захоўваюцца, і лепш іх пра гэта не прасіць».
Высоцкая ўспамінае, што 30 чэрвеня 2021 года ў каманды ЧКБ быў агульны сазвон, на якім абмяркоўвалася развіццё праекта. Артур тады прапанаваў адмовіцца ад публікацыі адрасоў і тэлефонаў сілавікоў. Ён казаў, што як спосаб ціску на ўладу гэтая практыка выявілася неэфектыўнай, затое стварыла каналу таксічную рэпутацыю. «Бяспечнік» сцвярджаў, што «камунікаваў з прадстаўнікамі офіса, і Франак ухваліў гэтую ідэю».
«Ён паднёс гэта такім чынам. Мы сядзелі, проста слухалі, — успамінае Высоцкая. — Падобна да гіпнозу, калі ты сядзіш і думаеш: «Рэальна, можа гэта не мае ніякага значэння»».
Яніна Сазановіч не пагадзілася з довадамі Артура, і зум скончыўся перапалкай.
«Артур нам казаў, што ўзаемадзейнічаў з офісам. Як гэта было насамрэч — не ведаю», — кажа Сазановіч. Паводле яе слоў, Гайко згадваў, што «рыхтаваў аналітыку» для офіса Ціханоўскай і хацеў «раскласці па палічках, чаму постынг адрасоў — гэта дрэнна і не працуе».
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пацвердзіў «Медыязоне», што Артур Гайко перапісваўся з адным з супрацоўнікаў офіса.
«Яны сябравалі, абмяркоўвалі палітычныя справы, магчыма, і справы, звязаныя з Офісам. Мы пра гэта даведаліся пасля выяўлення Гайко», — сказаў Вячорка.
Ён мяркуе, што ў Гайко не было мэты ўкараніцца ў асяроддзе Ціханоўскай, агент ГУБАЗіКа трымаўся ў баку ад офіса, кажа Вячорка. Ён таксама адмаўляе, што Артур дапамагаў вывозіць з Беларусі ягоных калегаў, і не памятае, каб вёў з ім перапіску.
Кансультант офіса, з якім перапісваўся Артур Гайко, адмовіўся адказваць на пытанні «Медыязоны» і папрасіў не згадваць ягонае імя. Паводле слоў Вячоркі, да яго быў ужыты штраф; яму абмежавалі доступ да інфармацыі і офіса.
Калі ў ЧКБ зразумелі, хто такі Артур Гайко, BYPOL параіў астатнім чальцам каманды не падаваць выгляду, што яны пра нешта здагадваюцца. Данііл Багдановіч кажа, што не разумее, для чаго гэта было трэба. Сам ён працягнуў гуляць з Артурам у відэагульні.
«Супрацоўнікам ЧКБ трэба было паводзіць сябе як звычайна, а мы падумаем, як сябе можна паводзіць і што з гэтым рабіць», — успамінае рэкамендацыі BYPOL Яніна Сазановіч. Перапіску з ёй вялі кіраўнік аб’яднання Аляксандр Азараў і былы міліцыянт Мацвей Купрэйчык, кажа яна, але Купрэйчык затым выдаліў паведамленні.
«Мы гулялі тэатр аднаго актора. Мы ўдавалі, што ўсё ў парадку, што мы яго не спалілі. Улічваючы, што Багдановіч скінуў яму фотаздымак, ён разумеў, што мы ўсё ведаем», — упэўненая Сазановіч.
Паводле слоў Багдановіча, каманда запусціла дублікаты ботаў зваротнай сувязі. «У старыя, да якіх быў доступ у Артура, працягвалі пісаць самі супрацоўнікі з фэйкавых акаўнтаў», — кажа менеджар.
«Удавалі, што зламалася адмін-панэль, не працавала «прапаноўка», лагае», — дадае Высоцкая.
За чатыры дні да расследавання BYPOL Яніна Сазановіч дала інтэрв’ю адміністратару тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Яну Рудзіку і расказала пра «каштоўнага супрацоўніка, які дапамагае ЧКБ і ўсё яшчэ знаходзіцца ў органах». На той момант «галоўнай рэдактаркай» праекта была ўжо не яна, а Высоцкая.
Праз некалькі дзён BYPOL выпусціў сваё расследаванне з выкрыццём Гайко.
«Уся гэтая стратэгія была прадуманая разам з BYPOL, — кажа Сазановіч. — BYPOL нам казаў пра тое, што не трэба цяпер распавядаць, што ў іх інфармацыя нейкая можа быць, бо гэта вельмі моцна можа спалохаць людзей. BYPOL нам сказаў, што мы не павінны паказваць, што агент быў укаранёны так глыбока ў каманду. Ідэя расказаць пра «каштоўнага супрацоўніка» была ідэяй BYPOL. Мы павінны былі сказаць, што інфармацыі мы атрымалі больш, чым яны ад нас».
Аляксандр Азараў адмовіўся адказваць на пытанні «Медыязоны». У каментары тэлеканалу «Белсат» ён сказаў, што не раіў супрацоўнікам ЧКБ замоўчваць гісторыю з агентам ГУБАЗіК.
Высоцкая кажа, што прысутнічала на запісе інтэрв’ю з Сазановіч і настойвала: «Трэба сказаць, што ў нас быў пацук».
«Людзі павінны ведаць, каб яны маглі з’ехаць. Але яны казалі, што мы ўсё ўзгаднілі з BYPOL, мы расказваем толькі вось гэта. А BYPOL раскажа астатняе», — успамінае Вольга.
«Гэта мая віна, што на той момант у інтэрв’ю нічога не сказала», — прызнае Сазановіч.
На думку Багдановіча, інфарматараў ЧКБ павінны былі папярэдзіць пра небяспеку «галоўны рэдактар або яго намеснік».
«Я не ведаў сам асабіста, мне не патрэбна была інфармацыя, хто нашы інфарматары, колькі іх. Па-мойму, іх папярэдзілі ўсіх, хто дасылаў такую інфармацыю», — кажа былы менеджар праекта.
«Мне здаецца, што мы пісалі некаторым інфарматарам ці проста ў «прапаноўку», каб людзі былі больш асцярожнымі, бо была праблема бяспекі. І падчас інтэрв’ю было агучана, што ў архіве, які ёсць у спецслужбаў, ёсць усе дадзеныя тых, хто пісаў у ЧКБ. Але асабіста ніякіх заяваў ад «Чорнай кнігі» не было», — кажа Высоцкая.
Пасля выхаду відэа з расследаваннем BYPOL, гэта значыць амаль праз месяц пасля выкрыцця, Артура Гайко выдалілі з усіх чатаў ЧКБ. Ён напісаў Багдановічу, што «ў яго бацькі ў закладніках» і ён «не можа проста так сысці».
«І Артур пачаў прысядаць яму на вушы, што ты ж разумееш, што я тут закладнік сітуацыі, што маці ў закладніках, я быў увесь гэты час на вашым баку, я вам дапамагаў, як мог», — успамінае дзяўчына.
«Мне здаецца, мы ўздыхнулі, што гэта скончылася. Супрацоўнік ужо не з намі, — успамінае Сазановіч. — Ніхто з нас не разумеў, чым гэтая гісторыя пагражае».
«Я не скажу, што праца спынялася. Але відавочна, што ва ўсіх быў дзікі шок і неразуменне, як працаваць далей. Натуральна, паток паведамленняў ад людзей зменшыўся», — кажа Высоцкая.
Неўзабаве пасля выкрыцця Гайко пачаўся суд па справе аднаго з інфарматараў ЧКБ. Вольга сцвярджае, што спрабавала пераканаць калег матэрыяльна падтрымаць затрыманых за перадачу інфармацыі каналу. «Іх затрымалі, таму што ў нас быў ГУБАЗ», — настойвае яна.
Паводле яе слоў, супраць выступіў Багдановіч: «Мы не можам зрэзаць заробкі супрацоўнікаў і накіраваць іх у дапамогу затрыманым».
«Я кажу, што ў прынцыпе можам. Ён сказаў, што я максімалістка і занадта блізка прымаю ўсё да сэрца і трэба проста далей працаваць», — успамінае дзяўчына. Яна і Яніна Сазановіч, з іх слоў, праз фонд BYSOL пералічылі на падтрымку палітвязняў уласныя грошы. Суму яны папрасілі не называць. Багдановіч на пытанне аб падтрымцы пацярпелых праз укаранёнага ў каманду канала агента адказаў, што і гэта «задача галоўнага рэдактара».
У жніўні Высоцкай прыйшло ў інстаграме паведамленне ад Артура. Неўзабаве ёй стала вядома, што ён перапісваўся і з Багдановічам. Паводле слоў Вольгі, выкрыты агент пытаўся, «ці моцна я засмуцілася, калі даведалася, што ён супрацоўнік».
«Я проста гляджу на яго: «Гэта жарт?»» — кажа дзяўчына.
Увосень 2021 года яна і Яніна Сазановіч сышлі з каманды ЧКБ. Адной з прычын Сазановіч называе тое, што Багдановіч працягваў камунікаваць з Гайко.
Багдановіч адказвае: ён не хаваў ад калегаў перапіску з Артурам, каб паказаць, што яму няма чаго хаваць.
«Мае адказы яму былі дастаткова аднаскладовымі. Мне было не вельмі зразумела, што ён ад мяне хацеў. У мяне ён апошні раз спрабаваў зімой спытаць, у якія відэагульні я гуляю. Я яму расказаў, што гуляў у Elden Ring. Мне потым нехта сказаў, што такім чынам ён адсочваў мой настрой, маю ідэнтычнасць, і ён падшыў усё ў справу. Калі ласка, я спадзяюся яны на завочным судзе разгледзяць, у якія гульні я гуляў. Можа, гэта будзе змякчальнай акалічнасцю, бо ў Elden Ring нармальны чалавек не будзе гуляць», — кажа Багдановіч.
Яніна Сазановіч прызнае, што «не да канца разумела, што можна будзе знайсці людзей па ID у тэлеграме».
«У нас быў Артур па кібербяспецы. Калі за цябе нешта робяць, ты не моцна задумваешся пра гэтую частку працы», — разважае яна.
Апошні пост у канале ЧКБ быў апублікаваны 31 траўня 2022 года. Сёння праект зачынены. 19 кастрычніка гэтага года, пасля выхаду расследавання тэлеканала «Белсат», Багдановіча адхілілі ад працы ў Infopoint Media Network. На пытанне «Медыязоны», за што менавіта, ён не адказаў. Дырэктарка агенцтва Саша Раманава расказала «Медыязоне», што Багдановіч быў адхілены ад працы пасля правядзення ўнутранага расследавання. Паводле яе слоў, «ні ён, ні яго былыя калегі, не палічылі патрэбным сказаць адразу» пра колькасць пацярпелых ад дзеянняў Артура Гайко.
Яніна Сазановіч кажа, што «не выйшла ў паблік раней» праз страх, што яе словам не павераць.
«Мы займаемся дэанонам, але мы не прафесіяналы. Мы не прафесійна падрыхтаваныя супрацоўнікі нейкіх падраздзяленняў. BYPOL кажа, што ў Гайко няма масіву інфармацыі, але гэта хлусня. Азараў заявіў, што гэта міф, што ў Артура ёсць доступ да «прапаноўкі» або архіў дадзеных», — кажа Сазановіч.
Рэдактары: Анастасія Бойка, Зміцер Ткачоў
Абноўлена ў 20:34. Пасля публікацыі матэрыяла Данііл Багдановіч звязаўся з рэдакцыяй і папрасіў адзначыць, што ён не рабіў ніякіх высноваў на падставе варажбы.