«Сорамна напісаць сябру ў СІЗА, што я ў Варшаве і ў мяне ўсё добра». Пайшоў на пратэсты ў 17 гадоў, а пасля затрымання атрымаў кулю ад ГУБАЗ
Перевод
15 февраля 2024, 18:42

«Сорамна напісаць сябру ў СІЗА, што я ў Варшаве і ў мяне ўсё добра». Пайшоў на пратэсты ў 17 гадоў, а пасля затрымання атрымаў кулю ад ГУБАЗ

Ілюстрацыя: Марыя Талстова / Медыязона

У 2020 годзе 17-гадовы Косця хадзіў на пратэсты, але яго не затрымлівалі. Праз паўтара года ён прыйшоў на канстытуцыйны рэферэндум у байцы з надпісам «российский военный корабль, иди на@уй» — і тады таксама пранесла. Адгукнулася праз некалькі месяцаў, калі міліцыя зладзіла ператрус у ціры, дзе працаваў Косця: яго фота ў гэтай байцы знайшлі ў тэлефоне дырэктара. Потым знайшліся і фота з пратэстаў. Косця распавёў «Медыязоне», як на Акрэсціна выкалупваў аскепкі пнеўматычнай кулі з нагі, з кім пасябраваў у СІЗА і чаму з’ехаў з Беларусі.

Білі патэльняй, стрэлілі ў нагу. Затрыманне і ГУБАЗіК

— Сустрэліся з [міліцыяй] у пад’ездзе. Я выходзіў, мы перасекліся позіркамі і ўсё зразумелі. Спыталі маё прозвішча, пачалі крычаць: «Дзяржнаркакантроль!»

Сілавікі прыйшлі да Косці ў лістападзе 2022 года. Усё праз фатаздымак, які знайшлі падчас ператрусу ў тэлефоне дырэктара ціра, дзе працаваў хлопец. На здымку ён стаіць у байку з надпісам «российский военный корабль, иди на@уй» — у ёй Косця хадзіў галасаваць на рэферэндум у 2022 годзе.

Косцю прывялі ў кватэру, паставілі на расцяжку і білі па торсе. Сілавікі знайшлі ў яго плакат з надпісам «Карателям здесь не рады» — хлопца пацягнулі ў кухню і паклалі на падлогу.

— Галава цяжкая, цямнее ў вачах, пачынаюць біць. Я спачатку не зусім нават зразумеў, чым. Здагадаўся, што гэта патэльня, хутчэй, па гуку. Думаў, што нагамі, але ў каго нага такога памеру? Яны там што, скачуць на мне?

Потым прывезлі ў ГУБАЗіК — там Косцю білі, пагражалі «прыстрэліць» і «пасадзіць на 15 гадоў». Адзін з супрацоўнікаў, якога хлопец называе «офісным», ударыў яго ў жывот.

— Ён схапіў маю галаву, пачаў біць аб сцяну і крычаць: «Што ты ведаеш пра полк Кастуся Каліноўскага?» Я нічога не ведаў і не мог нічога сказаць, бо з мяне выйшла паветра. Проста пашанцавала, што ў мяне быў капюшон надзеты, і ён трошкі змякчыў удар. Ён мяне так біў, напэўна, секунд 15, пакуль нехта не сказаў, што, нават калі б я хацеў, не мог бы адказаць.

У руках іншага чалавека апынуўся страйкбольны аўтамат, канфіскаваны з ціра падчас ператрусу. Міліцыянт страляў проста ў памяшканні: спачатку па падлозе, а пазней прыцэліўся ў нагу Косці — ён стаяў бліжэй за іншых затрыманых. Пасля некалькіх адзіночных стрэлаў губапавец пераключыў стрэльбу на аўтаматычны рэжым і націснуў спускавы кручок.

— Гэта было неверагодна балюча. Яму смешна было, ён іржаў. Спыніўся толькі тады, калі выйшаў яго калега і сказаў, што шарыкі да іх залятаюць, трэба ўсё прыбіраць.

Пад скурай на ступні Косці заселі аскепкі пнеўматычнай кулі, але супрацоўнікаў ГУБАЗіКа гэта не турбавала. Пазней хлопца адвялі здымацца ў «пакаянным» відэа — Косця вырашыў скарыстацца гэтым і наміргаць сігнал SOS азбукай Морзэ.

— Я пачуў фразу тыпу: «Што ты, як дэбіл, міргаеш тут?»

Прапаноўвалі вызваленне, калі каго-небудзь «здасць». Адміністратыўка

У ізалятары на Акрэсціна хлопец распавёў медсястры пра аскепкі пнеўматычнай кулі, якія захраслі ў назе, і тая хацела адправіць яго ў лякарню. Але адзін з міліцыянтаў сказаў, што Косця «кантрольны» і яго трэба пакінуць у ІЧУ. Пазней ён зразумеў, што так называюць «палітычных».

На судзе адвакат дамагаўся, каб Косцю ўсё ж такі адправілі ў лякарню, але суддзя вырашыла, што раз хлопец можа сядзець і размаўляць, то няма падставы пераносіць паседжанне. Косця атрымаў 12 сутак арышту за «экстрэмісцкі» пост, які адправіў маме.

У ЦІПе медыкі не дапамаглі выцягнуць аскепкі, але праз тыдзень хлопцу ўдалося выпрасіць у іх ватку са спіртам.

— Працёр спіртам пазногаць і проста ім выкалупаў усе аскепкі, да якіх дабраўся. Потым прыціснуў рану, прадэзінфікаваў. Яны ў мяне ўсё яшчэ ў назе, малюпасенькія. Адчуваюцца, калі чапаю рану.

У ізалятар прыходзілі з ГУБАЗіКа, прапаноўвалі Косцю вызваліцца, а наўзамен каго-небудзь «здаць». Хлопец папрасіў трохі часу, каб паразважаць, і назваў выдуманыя імёны.

На волю ён не выйшаў — на 11 суткі Косцю прывялі да следчага. На хлопца завялі крымінальную справу аб грубым парушэнні парадку.

«Успрымалі як малалетняга дэбіла». Крыміналка

Падставай для крымінальнай справы стаў рэпартаж «Беларусь 1» з пратэстаў — спасылку на яго знайшлі ў тэлефоне калегі Косці. Хлопец папрасіў у супрацоўніка канала паказаць журналісцкае пасведчанне, а потым танцаваў на дарозе, размахваючы бел-чырвона-белым сцяжком.

— Я быў [на пратэстах] 10 жніўня, калі «Алмаз» узяў у аблогу «Карону» на вуліцы Кальварыйскай [у Мінску]. Упершыню тады адчуў, што гэта такое, калі на цябе накіроўваюць баявую зброю. Што такое запіхваць сваіх сяброў і блізкіх у аўтамабілі, каб яны паспелі з’ехаць, а ты застаешся адзін. Упершыню паглядзеў, як граната выбухае.

Улетку 2020-га Косцю споўнілася 17. Нават праз два гады, ужо ў зняволенні, яго называлі занадта маладым для свайго артыкула — гэта ў найлепшым выпадку. У найгоршым — успрымалі «як малалетняга дэбіла».

— Такое было стаўленне: «А чо ты туды хадзіў? Ты ж школьнікам быў. Лепш бы ўрокі рабіў», — успамінае ён.

Адэкватныя супрацоўнікі, жорсткая праверка і сябры. СІЗА

СІЗА на Валадарскага падалося хлопцу «раем» у параўнанні з Акрэсціна. Апошнія некалькі дзён на ЦІПе ён правёў у карцары, дзе не хапала месца і было жудасна халодна.

— У цябе заўсёды баляць косткі. Я вельмі баяўся, што схаплю якую-небудзь хваробу. Нас выводзілі ўдарамі шокера і дубінкі, там у самую сапраўдную ластаўку трэба было станавіцца. Вельмі жорстка.

Адразу пасля пераводу Косцю адвялі ў душ — упершыню за некалькі тыдняў. Супрацоўнікі СІЗА адэкватна ставіліся да затрыманых, а Косцю прыходзілі лісты нават ад незнаёмых людзей. За тры месяцы ён атрымаў больш за сотню.

Былі і цяжкія моманты. Аднойчы на Валадарку прыехала праверка з ДВП. Зняволеным сказалі, што шукаюць брытвавыя станкі — незадоўга да гэтага іх забаранілі, бо адна камера «ўскрылася практычна цалкам».

— Яны перавярнулі ўсё. Я на яго [правяральніка] павярнуўся паглядзець, за гэта ён паставіў мяне літарай зю. Калі я вяртаўся [у камеру] з цяжкай торбай у абедзвюх руках, ён сказаў: «Ніхрана, ты павінен несці адной рукой. Ідзі назад у канец калідора і ідзі з адной рукой за спінай».

Ён усім пагражаў рапартамі, пагражаў адправіць у карцар. Кажа: «Ты на карцар паедзеш», а ў мяне на наступны дзень павінна быць першая сустрэча з бацькамі. За нейкія дробязі — паглядзеў [не так] або недаголены.

У карцэр адправілі суседзяў Косці —палітвязняў Андрэя Марача і Іллю Шапаткоўскага. У камеру іх потым не вярнулі, і Косця цяжка гэта перажываў — «адчуванне, як быццам страціў таварыша».

— Ілля мне бацькаву фігуру даў у турме. Ён вельмі моцны чалавек. Хоць ён вельмі сумаваў па жонцы і дзецях, ён ніколі не апускаў рукі. Ён часам плакаў па начах, але яму было можна.

У камеру перасялілі іншага палітычнага — Данііла Чуля. Разам з ім Косця вучыў ангельскую па перакладах песень, якія яму дасылалі ў лістах. Аднойчы ў руках хлопцаў апынулася кніга вульгарнай ангельскай — гэта было шчасцем: можна і пасмяяцца, і павучыцца.

Бацька схаваў дакументы і з’ехаў. Суд і ад’езд

Косця чакаў суду тры месяцы, яму прызначылі паўтара года хатняй хіміі. Яшчэ ў СІЗА хлопец вырашыў, што як мага хутчэй з’едзе з Беларусі, але ўсё пайшло не па плане. Супраць быў бацька — ён лічыў, што лепш спакойна адбыць 10 месяцаў хатняй хіміі, што засталіся, і з’ехаць, калі захочацца.

Косця баяўся, што па яго ў любы момант могуць прыехаць сілавікі. Два месяцы прайшлі «на жудасных нервяках». Здавалася, што кожная машына, якая праязджае міма, едзе «да яго і павязе назад у турму». «Здаецца, ты ўжо прайшоў сваю долю жахаў. Але яны не скончыліся, хоць ты ў сябе дома», — кажа ён.

Хлопец пачаў рыхтавацца да эвакуацыі сам, а за некалькі дзён да меркаванага ад’езду выявіў, што яго дакументы зніклі. Аказалася, што бацька схаваў іх, а сам з’ехаў за мяжу.

— У мяне было акно, пакуль не далі забарону на выезд. Я сказаў: «Калі ты зараз жа мне іх не аддасі, я проста сядаю на якую-небудзь маршрутку, еду да Грузіі, перабіваюся карэньчыкамі. Я паеду, хочаш ты гэтага ці не».

Тата Косці вярнуўся і аддаў яму дакументы. Праз нейкі час яму таксама давялося з’ехаць з Беларусі.

Параноя, сорам і новая праца. Жыццё ў эміграцыі

— Як бы гэта цяпер ні прагучала, але я не быў гатовы станавіцца другой [Марыяй] Калеснікавай. Я хацеў рабіць сваю працу, каб яна дапамагала людзям.

Цяпер Косця працуе журналістам на тэлеканале «Белсат». Ён не шкадуе, што з’ехаў з Беларусі, але адчувае крыўду праз тое, што зрабіў гэта не па сваёй волі.

Хлопец да гэтага часу адчувае параною: яму здаецца, што нехта можа сачыць за ім ці схапіць на вуліцы. «Цяжка растлумачыць на перакуры, што ў цябе ёсць звычка думаць, як тэрарысты будуць захопліваць офіс».

Ён мяркуе, што досвед пратэстаў дапамог яму пасталець, але пакінуў траўмы, якія перашкаджаюць разумець праблемы іншых людзей і спачуваць ім, як раней.

Косця кажа, што яму вельмі сорамна за тое, што ён не змог шмат зрабіць для Данііла, з якім пасябраваў у СІЗА. Перад ад’ездам хлопец паспеў перадаць прыяцелю кнігу па ангельскай, у эміграцыі нейкі час падтрымліваў кантакт з яго мамай, але потым перапіска спынілася.

— Я неяк не змог знайсці слоў, як быццам мне сорамна напісаць яму і сказаць: «Пакуль ты сядзіш, я жыву ў Варшаве, працую. У прынцыпе, у мяне ўсё добра».