«Пакуль мы з вамі размаўляем, ідзе вайна». Беларус пасля ранення стаў чэмпіёнам па джыу‑джытсу і заснаваў хаб для рэабілітацыі вайскоўцаў
Перевод
19 февраля 2024, 15:16

«Пакуль мы з вамі размаўляем, ідзе вайна». Беларус пасля ранення стаў чэмпіёнам па джыу‑джытсу і заснаваў хаб для рэабілітацыі вайскоўцаў

Арцём Кузьміч. Фота: з асабістага архіву

У Кіеве з лета 2023 года працуе TMS Hub — спартыўная прастора, дзе вайскоўцы і ветэраны з рознымі траўмамі займаюцца бразільскім джыу-джытсу. Заснаваў цэнтр беларус Арцём Кузьміч — ветэран АТА з пазыўным «Грот». Пяць гадоў таму ён падарваўся на міне, а пасля ампутацыі нагі захапіўся джыу-джытсу і выйграў некалькі турніраў. «Медыязона» распавядае яго гісторыю.

«Ампутацыя ніжэй за калена — гэта не суперстрашна». Траўма

Люты 2019 года, падчас баявой задачы Арцём наступае на міну. Побач апынуўся пабрацім — беларус Аляксей Скобля «Тур» — ён наклаў «Гроту» турнікеты.

— Ён сказаў: «Ляжы, адпачывай, усё нармальна». Я спытаў: ампутацыя вышэй за калена або ніжэй? Ён сказаў, што ніжэй. Я — ваенны-прафесіянал. Я разумею, што ампутацыя ніжэй за калена — гэта не суперстрашна.

Беларус страціў палову ступні на месцы, пазней яму ампутавалі нагу на ўзроўні траціны галёнкі. Праз чатыры месяцы лячэння і рэабілітацыі Арцём вярнуўся на службу ў Сілы спецыяльных аперацый у якасці інструктара.

— Я прыняў тое, што не змагу ўдзельнічаць у вайне так, як я прывык, у задачах прамога дзеяння. У мяне былі нейкія фантомныя болі, можа яшчэ што, але гэта звычайная гісторыя, калі мозг не прымае, што нага ампутаваная. Але так, каб я сеў на шклянку або пачаў калоцца, траву паліць ці яшчэ нешта — не, такога не было.

Добраахвотнікам Арцём стаў у 2014 годзе — тады яму было 18. Беларус пачынаў у «Азове», у ССА перайшоў у 2016 годзе, каб «стаць прафесійным вайскоўцам, а не проста замежным добраахвотнікам з аўтаматам». Дэталёва пра сваю спецыяльнасць і баявыя дзеянні, у якіх ён удзельнічаў, беларус не распавядае.

— Проста магу сказаць, што я стараўся быць максімальна эфектыўным, заўсёды шукаў куды і як залезці далей і глыбей, навучыцца ўсяму і пабольш.

Чым даўжэй Арцём жыў ва Украіне, тым больш зачароўваўся краінай, але пра Беларусь не забываў — яе вызваленне заўсёды «ішло разам» з вызваленнем Украіны. «І па гэты дзень гэта адно і тое ж, настолькі мы звязаны адным ворагам, проста ў нас розныя стадыі паглынання гэтым ворагам», — лічыць ён.

Паехаў на Майдан, адседзеў «суткі», стаў добраахвотнікам. Ад’езд ва Украіну

У 2014 годзе 18-гадовы Арцём сачыў за падзеямі Еўрамайдана. Ён вырашыў паехаць у Кіеў пасля таго, як убачыў, што сілавікі страляюць у пратэстоўцаў. «Калі я ўбачыў, што людзей з драўлянымі шчытамі проста расстрэльваюць, а яны не сыходзяць, адчуў, што гэтыя людзі блізкія мне па духу», — кажа беларус.

Арцём Кузьміч, 2014 год. Фота: з асабістага архіву

Калі ён дабраўся да Кіева, Рэвалюцыя годнасці скончылася. Праз некалькі месяцаў Арцём вярнуўся ў Мінск, дзе пачаўся Чэмпіянат свету па хакеі. Хлопца «прэвентыўна» арыштавалі на 15 сутак за «ўдзел у масавым мерапрыемстве». У дзень вызвалення яго затрымалі паўторна, у ізалятары Арцём правёў яшчэ пяць дзён.

— Я хацеў, каб мы зрабілі рэвалюцыю, як ва Украіне, каб мы змянілі рэжым. Але я не бачыў ні найменшага руху нашых апазіцыйных сіл на радыкальнае рашэнне сітуацыі. Я разумеў, што жыву ў дыктатарскай краіне, і памяняць рэжым можа толькі сілавы варыянт, — кажа ён.

Аднойчы хлопец гуляў па Мінску са сваім сябрам Іллём Хрэнавым — пазней ён стане добраахвотнікам ва Украіне і возьме пазыўны «Літвін» — і сустрэў Уладзіміра Някляева. Арцём вырашыў параіцца з палітыкам — тую размову ён успамінае так:

— Уладзімір Пракопавіч, добры вечар! А скажыце, што нам рабіць наогул? Вы як лідар меркаванняў, што нам скажаце?

— А што вы гатовыя рабіць?

— Мы такія маладыя людзі, што гатовыя рабіць усё, што заўгодна. Не таму, што мы крыміналітэт, а таму што мы дзеля сваёй краіны гатовыя проста на ўсё.

— Няма ў нас сіл такіх радыкальных, каб нешта памяняць. Вы альбо сядзеце ў турму, альбо вас заб’юць. Таму калі вы гатовыя, вам трэба ехаць ва Украіну і ваяваць з Расеяй. Як толькі рэжым абрынецца ў Маскве, з Беларуссю нават не трэба будзе разбірацца.

«Не літаральна, але сэнс такі быў, што на вуліцах Мінска немагчыма дамагчыся свабоды Беларусі. У мяне гэтая ідэя спела, ён проста пацвердзіў тое, што я сам убачыў», — дадае Арцём.

У гэты час ва Украіне пачаў фармаваўся батальён «Азоў» — з яго байцамі Арцём паспеў пазнаёміцца, калі ездзіў у Кіеў.

— Мне ў «ВКонтакте» яшчэ тады напісалі, што можна прыехаць, ёсць зброя. І выбар быў відавочны. Калі ты мужчына, патрыёт Беларусі, і табе было ад 18 гадоў у 2014 годзе, ты павінен быў ехаць ваяваць ва Украіну. Іншых варыянтаў няма, — мяркуе ён.

Выпадкова трапіў на трэніроўку, стаў чэмпіёнам свету. Джыу-джытсу

Праз паўтара года пасля ранення Арцём паспрабаваў джыу-джытсу. Ён прыйшоў у спартыўную залу, дзе займаліся таварышы, паралельна там праводзілі трэніроўку па адзінаборстве.

— Проста павітаўся, а яны мне кажуць: «Давай, паспрабуй пабарукайся. Мы бачылі ў інстаграме, што людзі з ампутацыямі нешта там могуць, нешта ў іх выходзіць», — успамінае ён.

Арцём Кузьміч. Фота: TMS

Беларус пачаў шмат трэніравацца — у самым пачатку «не было нават шанцу выйграць хоць адзін бал або зрабіць прыём», а праз тры-чатыры месяцы заняткаў Арцёму ўдалося перамагчы цалкам здаровага чалавека.

— Я зразумеў, што гэты спорт адаптыўны для людзей з ампутацыямі. Спачатку я зразумеў, што магу трэніравацца без пратэза і выйграваць здаровых людзей — у тым ліку праз тое, што ў мяне няма ступні, — кажа ён.

Бразільскае джыу-джытсу пасуе для людзей з любымі траўмамі — гэта «валтузня ўнізе», для якой не патрэбныя абедзве рукі ці нагі, дадае ветэран. Паўгода трэніровак — і Арцём выйграў украінскі чэмпіянат сярод белых паясоў. У 2021 годзе ён звольніўся з ЗСУ і стаў аддаваць джыу-джытсу ўвесь вольны час.

— Я вырашыў яшчэ мацней і больш трэніравацца, будаваць планы, як гэта маштабаваць. Я хацеў падзяліцца сваім досведам і зацягнуць у гэты від спорту як мага больш людзей з ампутацыяй.

Самым значным спартыўным дасягненнем Арцём называе перамогу ў чэмпіянаце Бразіліі ў агульнай катэгорыі сініх паясоў сярод дарослых. Там жа беларус стаў чэмпіёнам свету па пара-джыу-джытсу ў сваёй катэгорыі мабільнасці.

«Мы зрабілі першую трэніроўку, і памёр Прыгожын адразу». Хаб для вайскоўцаў

Беларус загарэўся ідэяй інклюзіўнай залы для вайскоўцаў. Такія ён бачыў у Бразіліі — там спартоўцаў разбіваюць па розных класах мабільнасці і ствараюць для іх інфраструктуру.

— Я бачыў людзей, якія паралізаваныя па грудзі, і яны спаборнічаюць між сабой. Калі ў цябе няма ступні або калена — ты можаш быць канкурэнтным сярод здаровых людзей. Калі ў цябе ампутацыі цяжкія — падвойныя ампутацыі стоп, двайныя ампутацыі вышэй за калена або ампутацыя рукі, — то, хутчэй за ўсё, ты здаровага чалавека не выйграеш, але можаш змагацца ўсё роўна.

У 2023 годзе Арцём выступаў на некалькіх спаборніцтвах украінскай лігі TMS, і выйграў золата сярод уладальнікаў пурпурнага пояса. Прадстаўнікі лігі ведалі пра яго ідэю і прапанавалі ветэрану стварыць першую ва Украіне залу для вайскоўцаў.

— Мы два месяцы яе будавалі, зрабілі першую трэніроўку і памёр Прыгожын адразу, — жартуе беларус.

Арцём Кузьміч. Фота: з асабістага архіву

Да поўнамаштабнай вайны Арцём думаў пра адну невялікую залу для вайскоўцаў, але з пачаткам актыўных баявых дзеянняў зразумеў, што людзей з рознымі траўмамі будзе ўсё больш.

— Я выдатна разумеў, што ва Украіне будзе шмат барцоў з ампутацыямі. Гэта немінуча, бо людзі будуць шукаць актыўнасць, і мы ім будзем яе ствараць. Акрамя бразільскага джыу-джытсу няма ніводнага актыўнага адаптыўнага віду спорту, які можа забраць усіх. Пара-джыу-джытсу — гэта нешта большае за спорт.

Зараз трэніравацца ў TMS Hub ходзяць каля 30 чалавек. Спартыўная прасатора працуе бясплатна і адкрытая для ўсіх вайскоўцаў — усё адно, ёсць у іх раненне ці не, адзначае Арцём. Каля паловы тых, хто трэніруюцца, — людзі з траўмамі: ампутацыямі, аскепкавымі раненнямі, перабітымі звязкамі.

— У нас не толькі спорт, а яшчэ і тусоўка. Мы адно аднаго падтрымліваем, у нас, натуральна, свой узровень жартаў і чорнага гумару — такога ўсяго, што грамадзянскія б дакладна не зразумелі, — кажа ветэран.

Арцём спадзяецца, што як мага больш людзей убачаць, што рэабілітацыя вайскоўцаў з дапамогай джыу-джытсу эфектыўная — «яны не знікаюць, яны змагаюцца, займаюцца», — кажа ён.

У канцы кастрычніка ў зале прайшлі ўсеўкраінскія спаборніцтвы па джыу-джытсу з катэгорыяй для людзей з інваліднасцю. У іх удзельнічалі пяцёра падапечных хаба: двое чалавек без ступняў, яшчэ двое з перабітымі сухажыллямі на ступні і адзін з ампутацыяй вышэй за калена. Яшчэ адзін параатлет — хлопец з Жытоміра, пасля апёкаў у яго няма па палове кісцяў.

— Прайшлі добра, усім хлопцам спадабалася. Хлопец без двух ступняў — Вася наш — выступіў у адкрытай катэгорыі са здаровымі людзьмі, праўда, прайграў сутычку. Таксама ў адкрытай катэгорыі выступіў хлопец з ампутацыяй вышэй за калена. На жаль, таксама прайграў.

Пасля турніру ў зале з’явіліся «новенькія», распавядае Арцём. У хаб прыйшла і новая трэнерка.

— Прыйшла атрымаць досвед працы з людзьмі з інваліднасцю. Яна правяла першую трэніроўку ў шпіталі «Феафанія», дзе хлопцы са свежымі ампутацыямі ляжаць.

Беларусь плануе адкрыць па зале ў кожным абласным горадзе Украіны і некалькі залаў у Кіеве. Столькі іх трэба, каб пакрыць усіх патэнцыйных атлетаў, лічыць Арцём.

— Пакуль мы з вамі размаўляем, ідзе вайна, і нехта атрымаў ампутацыю. Ён нават не разумее, што праз чатыры, пяць, шэсць месяцаў ён зажыве, і, хутчэй за ўсё, будзе змагацца і займацца пара-джыу-джытсу.