У Расіі — баракі, у Беларусі — сюррэалізм. Гісторыя лекара з Бахмута, які жыў у трох краінах пасля акупацыі яго горада
Евгений Корнеевец
Перевод
19 февраля 2024, 18:17

У Расіі — баракі, у Беларусі — сюррэалізм. Гісторыя лекара з Бахмута, які жыў у трох краінах пасля акупацыі яго горада

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / Медыязона

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны тысячы ўцекачоў з Украіны пакінулі сваю краіну. Лекар з Бахмута, які вымушаны быў бегчы адразу ў Расію, пасля — у Беларусь, а цяпер жыве ў Германіі, распавёў «Медыязоне» пра свой досвед жыцця ў гэтых краінах і параўнаў дапамогу ўцекачам.

«Прыехалі, і нікога не хвалявала, ёсць грошы ў нас ці не». З Бахмута ў Расію

Мікалай — украінскі лекар-артапед з Бахмута. Пасля ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну яны з цяжарнай жонкай і дзіцем да красавіка заставаліся ў Бахмуце «ў межах дома», але пасля вырашылі з’язджаць — да сваякоў у Растоўскую вобласць.

Сям’і прапанавалі размясціцца ў пункце часовага размяшчэння (ПВР) — паводле слоў Мікалая, гэта быў барак, умовы, як у інтэрнаце. Праз 6 месяцаў ім удалося нарэшце атрымаць аднаразовую выплату 10 тысяч расійскіх рублёў на чалавека, якая належыць уцекачам.

— Прыехалі, і нікога не хвалявала, ёсць грошы ў нас ці не. А калі б не было? Гэта значыць, гэтыя паўгода можна харчавацца толькі з дапамогай фотасінтэзу — на сонца выходзіць. Я пытаўся ў людзей, якія гэтым займаюцца, — я чалавек з гумарам: «Як бы сонца мала, фотасінтэз не ідзе, сям’ю карміць трэба, раз ужо ўзяліся вызваляць, дык давайце ўмовы нармальныя рабіць». Але я зразумеў, што можна «дамовіцца», і ў свой час прыедуць спецслужбы і проста забяруць.

Потым Мікалай з сям’ёй жылі ў сяброў на памежжы з Украінай. Тады якраз ішла жорсткая бітва за Бахмут, якая завяршылася захопам і разбурэннем горада расійскімі войскамі. Лекар зразумеў, што дадому вернецца яшчэ не хутка.

— Я пытаўся ў сваіх сяброў з Масквы: «Калі паедзеце адпачываць туды з сям’ёй, раз ён ужо ваш? Вазьміце дзяцей там, пагуляйце». У адказ была цішыня.

З працай у Расіі не склалася: медустановы, куды звяртаўся Мікалай, адмаўлялі і патрабавалі пацвердзіць украінскі медычны сертыфікат.

— Хлопцы, кажу, я працаваў у абласной бальніцы. Пацвярджаць, каб пайсці працаваць у гарадскую, дзе максімум — накладваць гіпс? Я пратэзы ставіў! Вы зразумейце правільна, кажу, там, дзе вашы калегі, вашы супрацоўнікі вучыліся — я выкладаў. Цяпер, быццам бы, спрасцілі гэта ўсё, бо дэфіцыт кадраў спрацаваў: зразумелі, што людзі з’язджаюць. Працу можна было знайсці, але праз кучу бюракратычных працэдур: атрыманне грамадзянства і да таго падобнае. Я быў не гатовы да гэтага.

37 рублёў на чалавека. З Расіі ў Мінск

У снежні 2022 года Мікалая запрасілі да сябе сваякі з Мінска.

— Паклікалі: «Давайце да нас? Межы, калі што, з Еўропай побач — можа потым далей рушыце». І мы выехалі ў Беларусь — ну і прыемна былі здзіўленыя. Нам спадабалася краіна, людзі. Але, ёсць адно «але» — усё гэта перакрэслівае таталітарная дыктатура.

У Беларусі сям’і прапанавалі падацца на дазвол на часовае знаходжанне. Дакумент дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі да 90 дзён, далей трэба падацца на дадатковую абарону. У сям’і канфіскавалі замежныя пашпарты і адправілі на «гутарку» з супрацоўнікам КДБ. Праз 4 месяцы сям’я атрымала выплату — 37 рублёў на чалавека. «Нейкую дапамогу» аказвалі Чырвоны Крыж, МАМ, ЮНІСЕФ, але інфармацыю трэба было шукаць у чатах уцекачоў, кажа Мікалай.

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / Медыязона

«Пачуццё, быццам я знаходжуся ў сюррэалізме». Праца ў раённай паліклініцы

Пажыўшы ў сваякоў, Мікалай пачаў шукаць арэнднае жыллё ў Мінску. Беларусы баяліся здаваць кваритры ўкраінцам праз «павышаную» ўвагу ад КДБ і сілавікоў. «Мы не хочам з вамі звязвацца, у нас будуць праблемы», — адказвалі гаспадары.

У выніку сям’і ўдалося арандаваць кватэру за 800 рублёў у месяц.

— Уладальнік пагадзіўся здаць на паўгода. Кажа, «таксама баюся [на больш працяглы тэрмін]». Чаго баяцца? То бок з літарай «Z» нармальна ў Мінску ездзіць на расійскіх нумарах, а вось з украінскім пашпартам — гэта, на жаль…

Пасля заключэння дамовы мужчына павінен быў «прапісацца» ў міграцыйнай службе. За гэта з кожнага ў сям’і трэба было выплаціць 111 рублёў.

Мікалай прыступіў да пошуку працы.

— Працы шмат. У кожнай мінскай паліклініцы работа ёсць. Я — спецыяліст-кардыёлаг, займаўся УГД. Другая спецыялізацыя ў мяне па артапедыі. Сказалі, заробак будзе 1 500 рублёў.

Доктар браў дадатковыя дзяжурствы, каб зарабіць. Але за перапрацоўку яму не даплочвалі.

— Ёсць такая група «Белыя халаты». Калі б я знайшоў яе раней, я б, напэўна, не здзяйсняў такога глупства, як уладкаванне на працу. У вас, дапусцім, норма паліклінікі — 30 чалавек у дзень. Да вас прыходзіць 65-70. І мне кажуць: «Ты ўсіх па ведамасці не праводзь, бо мы не заплацім столькі, а потым праблемы ў нас будуць. То бок забівай толькі палову, якая належыць на стаўку. Усе астатнія — гэта валанцёрства».

Утрымліваць сям’ю з двума дзецьмі было складана, большая частка заробку сыходзіла на арэнду. У сям’і нарадзілася другое дзіця, трэба было зрабіць яму дакументы, Мікалай працягваў працаваць і чакаць.

— Пастаянныя праверкі: то труба іржавая, то павуціна за трубой. У нас медсёстры, калі чулі, што праверка, выкідалі «сабойкі» свае ў вёдры. Медсястра, якой, бляха-муха, 48 гадоў. Я кажу: «Таня, ты выкідаеш ежу праз праверку?» Яна: «Мяне выганяць, жыццё спыніцца». Залежаць ад мізэрнай зарплаты: месяц не атрымае — усё, жыццё яе скончылася. Для мяне гэта дзіка, але я гэта ўсё бачыў. Я не мог зразумець: 21 стагоддзе на двары, і такое адбываецца. Людзі трасуцца за заробак 700 рублёў, за працоўнае месца.

Мікалай кажа, што акрамя тых, хто трымаецца за месца, ёсць тыя, хто не могуць звольніцца: ім пагражалі, калі гаворка заходзіла аб сыходзе.

— Іх не адпускаюць, ім пагражаюць. Даходзіць да абсурду: мая медсястра хацела сысці, і ёй пагражалі, што па яе міліцыя прыйдзе дадому і будзе на працу выцягваць. Яна тыдзень не хадзіла на працу, бо ёй нават адгулаў за свой кошт не давалі. Яна хацела па артыкуле сыходзіць, і ўсё роўна не адпускалі. Я кажу: «Ты скажы лекару, што цяпер не 1861 год. Прыгоннае права ўжо даўно адмянілі». Вось гэта было дзіка. Адчуванне, быццам я знаходжуся ў сюррэалізме.

«Калі памежнік папрасіў тэлефон, вырашыў, што яму патэлефанаваць трэба». Пераезд

Пакуль Мікалай быў у Беларусі, ён «пракладаў» сабе дарогу ў Еўропу — ездзіў у Літву і Польшчу, каб даведацца пра пераезд туды. Кожны раз, калі ён выязджаў з Беларусі, на мяжы яго запрашалі на «гутарку».

— Вось я разоў шэсць ездзіў туды-сюды, у мяне ўжо ўсе дакументы былі, і кожны раз сумоўе. Я кажу: «Я ўжо настолькі насумоўнічаны, хлопцы, ужо не смешна. Пра што размаўляць? Пра нацыстаў? Пра сяброў у ЗСУ? Зноў будуць адны і тыя ж пытанні?» Яны: «Ну так трэба».

Кожны раз памежнікі забіралі ў Мікалая тэлефон. Мужчына кажа, што гэта было вельмі дзіка — «нават расейцы так не рабілі».

— Глядзелі мае фатаздымкі асабістыя. Ну, гэта ненармальна! Там фота майго дзіцяці, відэа, як мы яго купаем, а брудныя пальцы гэтага таўсталобіка лезуць у мой тэлефон. Я хацеў сказаць: «Ну цяпер давай мне свой тэлефон, таксама буду тваю сям’ю глядзець, як ты жывеш». Першы раз, калі ў мяне папрасілі тэлефон, вырашыў, што яму патэлефанаваць трэба. Ён кажа: «Ды не, паглядзець хачу». Што глядзець? Вось, iPhone 11, глядзі.

Калі ўсе дакументы на дзіця былі гатовыя, Мікалай з сям’ёй вырашылі ехаць у Германію, праз Польшчу. На мяжы зноў праверылі яго тэлефон.

— Мяне спыталі за групу «Белыя халаты» ў тэлеграме: «Ведаеце, што за яе можна сесці?» Кажу: «Чаму мяне тычыцца? Вы сядайце». Ён мне: «Бачу, гумар любіце?» Ну, добра, адэкватны трапіўся. Я разумею, што можна было заляцець за гэта па поўнай.

Матдапамога, кватэра, моўныя курсы. Жыццё ў Германіі

Па прыездзе ў Германію сям’ю размеркавалі на два тыдні ў лагер для ўцекачоў — на час афармлення дакументаў. Сям’і выдалі гуманітарную дапамогу са сродкамі гігіены, прадуктамі (хоць у лагеры было бясплатнае гарачае харчаванне), аформілі медстрахоўку.

Потым сям’і бясплатна вылучылі двухпакаёвую кватэру на 1,5 года і 2,5 тысячы еўра на куплю мэблі. Доктару аплацілі курсы нямецкай мовы, а таксама ўзяліся за пераклад і пераафармленне яго медыцынскай ліцэнзіі — гэтая працэдура каштуе каля 7000 еўра, але ў выпадку Мікалая плаціць дзяржава, бо яго спецыяльнасць з’яўляецца запатрабаванай у Германіі. Яму толькі застаецца здаць нямецкую мову і невялікі медыцынскі экзамен, каб прыступіць да працы.

— Такой дапамогі я не атрымліваў нідзе. «Заехаў — твае праблемы». Ты, як замежнік, будзеш плаціць больш нават за мабільную сувязь, бо няма ПМЖ і няма грамадзянства. То бок тарыф будзе зусім іншы.

У Германіі сям’я Мікалая атрымлівае штомесяц 1 500 еўра. Дзяржава аплочвае школу для дзіцяці, інтэграцыйныя і моўныя заняткі. Мікалай кажа, што ў яго ёсць магчымасць таксама напісаць у сацыяльныя службы запыт на куплю аўтамабіля, калі сям’і будзе далёка ездзіць на моўныя курсы або працу. Тады дзяржава вылучае 2000-3000 еўра на куплю машыны.

— Германія дае нам, левым пасажырам, шанц. Немцы, увогуле, не павінны займацца гэтым — павінна займацца краіна, якая збіралася нас «вызваляць» і разбураць нашы гарады.