Аліна Нагорная і Ігар Случак. Фота: асабісты архіў
У 2019 годзе Аліна Нагорная і Ігар Случак пераехалі ў вёску Перасека: там яны вырашалі мясцовыя праблемы з дапамогай зваротаў да чыноўнікаў і распавядалі пра гэта ў сваіх сацсетках. Хутка ў пары нарадзіўся сын Стэфан, а праз год сям’і давялося з’ехаць з вёскі праз настойлівыя візіты невядомых у цывільным. ********* вырашылі застацца ў Беларусі, таму вымушаныя часта пераязджаць: за год яны паспелі змяніць жытло шэсць разоў. «Медыязона» распавядае гісторыю **********, якія ездзяць па Беларусі, каб не ******** * **** *********.
Аліна Нагорная і Ігар Случак упершыню сустрэліся ў 2017 годзе, але ведалі адно аднаго завочна задоўга да гэтага. Разам ********* дапамагалі ахвочым разбірацца ў моўным заканадаўстве і пісаць звароты за прасоўванне беларускай мовы: напрыклад, каб яна з’явілася на квітках у грамадскім транспарце і на сайтах дзяржаўных устаноў. Так з’явіліся мерапрыемствы «Права на мову», а пасля і першая сумесная кніга ********** «Абаронім мову» — кішэнны дапаможнік для абароны моўных правоў беларусаў.
— Нам было цікава разам, так і пачаліся стасункі. Мы не распісаныя афіцыйна да гэтага часу, бо пакуль не бачым у гэтым сэнсу, — распавядае Нагорная пра стасункі са Случаком.
******** ********** Нагорнай і Случаком задоўга да ******** 2020 года. У 2011-м Случак сядзеў на «сутках» за прэзентацыю даследавання пра беларускую мову ў Гомелі — тады ********* нават не паспеў прыйсці на яе, бо ******** затрымалі яго на падыходзе. Аліну таксама некалькі разоў затрымлівалі і судзілі: напрыклад, за перформанс з мастаком Алесем Пушкіным у 2017 годзе і акцыю, прысвечаную Ночы расстраляных паэтаў у 2018-м.
— З Алесем Пушкіным мы рабілі перформанс на Дзень ведаў, — распавядае Нагорная. — Мы вырашылі нагадаць пра Слуцкі збройны чын 1920 года — гэта вельмі важная падзея ў гісторыі Беларусі, пра якую няма згадкі ў падручніках. Я зрабіла шыльдачку «1 верасня Дзень ведаў — урок гісторыі». У нас былі партрэты Юркі Лістапада, Паўла Жаўрыда і іншых удзельнікаў збройнага супраціву, а таксама плакацік «Не ўцягнем Беларусь у чужыя войны». Гэта, як мы лічылі, яшчэ тады было актуальна, а зараз увогуле вельмі актуальна. Мы з гэтымі плакатамі і партрэтамі прайшліся па горадзе, ні з кім не размаўлялі, не раздавалі ніякіх матэрыялаў — проста ішлі. У выніку ўсіх судзілі за гэта.
Праз два гады пара пачала шукаць сваё жытло: грошай на дом ці кватэру ў горадзе не было, таму Аліна з Ігарам вырашылі абраць вёску. Дом у Перасецы яны паехалі глядзець першым і адразу вырашылі яго набыць. Тут у верасні 2020 года ў пары нарадзіўся сын Стэфан. Увесь гэты час Случак і Нагорная пісалі звароты чыноўнікам на розных узроўнях, каб вырашаць мясцовыя праблемы: адсутнасць пешаходнага пераходу, знака «ляжачы паліцэйскі» ці самой дарогі.
— Калі нарадзіўся Стэфан, мы пачалі часам карыстацца калодзежам, бо вада з крана была з жалезам, і я не рызыкавала ў ёй мыць малечу. Ігар пачаў набіраць ваду з грамадскага калодзежа: гэта было небяспечна і не вельмі прыемна, бо ён быў разбураны. Мы напісалі звароты, каб калодзеж пачысцілі, адрамантавалі, пафарбавалі і прывялі ў парадак тэрыторыю вакол яго — усё атрымалася, — распавядае Аліна.
У раённай газеце занепакоіліся актыўнасцю Случака і Нагорнай, назваўшы іх дзейнасць «жалобным террором, охватившим Рогачевщину». ********* тым часам працягвалі дзяліцца досведам вясковага жыцця ў сацсетках. Пара напісала кнігу-інструкцыю «Абаронім вёску» з прыкладамі зваротаў і парадамі на той выпадак, калі чыноўнікі не імкнуцца вырашаць мясцовую праблему. Акрамя таго, Аліна напісала кнігу «Мова 404», дзе сабрала больш за сто гісторый пра моўную дыскрымінацыю тых, хто размаўляе па-беларуску ў Беларусі.
— Людзі, якія размаўляюць па-беларуску, на дзяржаўнай мове, сутыкаюцца амаль кожны дзень з рознымі непрыемнасцямі. Калі ты размаўляеш паўсюль: у лякарні, у дзяржаўнай канторы, у краме, на вуліцы — гэта заўжды, як пісаў Акудовіч, быццам нейкі перформанс. Гэта вялікая праблема, якую шмат хто не заўважае, таму што размаўляе па-руску, — лічыць Аліна.
********** было складана знайсці беларускага выдаўца, бо многія не хацелі брацца за іх кнігі.
— З «Абаронім вёску» даходзіла да абсурду. Выдавец сказаў: «Мы можам выдаць гэтую кнігу, але калі вы напішаце не "чыноўнікі не хочуць працаваць", а "не заўжды могуць працаваць"».
Калі выдаўца ўсё ж удалося знайсці, ********* прытрымліваліся пэўных правіл бяспекі — напрыклад, камунікавалі анлайн ці прасілі знаёмых забіраць тыраж. Абедзве кнігі — «Мова 404» і «Абаронім вёску» — надрукавалі ўжо пасля таго як сям’і давялося пакінуць Перасеку.
Пасля пратэстаў 2020 года Нагорная і Случак ізноў «трапілі пад раздачу»: ******** наведваліся да іх «часам у форме і на службовых машынах, а часам не», фатаграфавалі дом і падворак, грукалі ў дзверы і вокны.
— Быў такі выпадак: нейкі персанаж захрас у снезе і не мог доўга выехаць — да нашага дома ён так і не дайшоў. Пасля машына, якая прыбірае снег, усю ноч чысціла дарогу. Напэўна, важны быў персанаж, — смяецца Аліна.
Яна кажа, што невядомыя ў цывільным наведваліся раз-два на месяц, але ********* не збіраліся з’язджаць: проста не адчынялі дзверы, адыходзілі ад дома, калі бачылі незнаёмую машыну, і не атрымлівалі пошту, якой не чакалі. Аліна дадае, што яны з мужам «не парушалі законаў», а «ўсе гэтыя візіты [невядомых] былі незаконныя».
Адзін з такіх візітаў Аліна называе «асабліва нахабным»: ноччу 3 чэрвеня 2021 года невядомыя прыехалі і пабудзілі Стэфана. Наступным разам невядомыя «лазілі па падворку», аглядалі ўваходы ў дом і вокны.
— У гэты момант мы зразумелі, што калі застанемся дома, то жыццю Стэфана можа пагражаць небяспека. Нам няма з чым параўноўваць, бо няма такіх кейсаў, калі муж і жонка аднолькава вядомыя і актыўныя, да іх увесь час прыходзяць [невядомыя ў цывільным], і ў іх ёсць маленькае дзіця. Мы не ведалі, што будзе са Стэфанам, калі забяруць абодвух. Як з ім будуць абыходзіцца? Яны яго кінуць аднаго дома ці перададуць службам? Чым яны будуць яго карміць? — згадвае свае думкі **********.
Наступнай ноччу Нагорная і Случак сабралі рэчы і паехалі да знаёмых, якія «заўсёды рады іх бачыць», — падрыхтаваных варыянтаў жытла ў іх не было.
Увесь апошні год сям’я часта мяняе сваё месцазнаходжанне, каб пазбавіцца ад непатрэбнай увагі: Случаку і Нагорнай давялося пажыць у шасці месцах і аб’ехаць больш за 40 раёнаў Беларусі.
— Мы з’язджаем, калі бачым незвычайную і вельмі настойлівую цікавасць да кватэры, у якой жывем, — тлумачыць Аліна.
З кватэры-студыі, дзе можна было ўдваіх працаваць і адначасова даглядаць сына, ім давялося з’ехаць праз паўтара месяца, бо аднойчы ўвечары туды «пачалі ламіцца». Ноччу невядомыя вярнуліся. Тады Аліна і Ігар выключылі святло, не адчынялі дзверы і пачалі збіраць рэчы.
********* ўсю ноч прасядзелі з ліхтарыкам: трэба было падпісаць нядаўна надрукаваную «Мову 404», каб адправіць тым, хто падтрымаў яе выданне. Не рабіць гэтага яны не маглі, бо рэчы разам з кнігамі не памясціліся б у машыну, тлумачыць Аліна.
— Мы проста падпісалі канверты і пакінулі сябру, а самі селі ў машыну і з’ехалі з гэтага горада, — распавядае яна.
Найбольшыя складанасці ў сям’і праз пераезды ўзнікаюць з медыцынскімі паслугамі, бо нельга запісацца да лекара, не пакінуўшы сваіх дадзеных. Каб атрымаць меддапамогу, Нагорная і Случак звяртаюцца да сваіх знаёмых і іх знаёмых, але гэта не заўсёды дапамагае своечасова вырашыць праблему, прызнаюцца яны.
— Ігару трэба было рабіць адну невялікую аперацыю. Мы шукалі хірурга, але ўсе баяліся брацца, бо гэта не іх спецыялізацыя. У выніку Ігар рабіў аперацыю сабе сам: проста нажом рэзаў тое, што трэба было рэзаць. Без анэстэзіі, таму што мы не анэстэзіёлагі і проста не ўмеем калоць, напрыклад, лідакаін, — апісвае адзін з такіх выпадкаў Аліна.
Аднойчы стала дрэнна Стэфану — уначы моцна паднялася тэмпература. У лякарню сям’я паехаць не магла: сваю машыну давялося прадаць, бо яе пачалі часта спыняць даішнікі, а скарыстацца чужой тады не было магчымасці.
— Хуткую мы не маглі выклікаць, а да лякарні, якая працуе ў гэты час, было кіламетраў дзесяць. Ігар вельмі доўга ішоў пешшу [да лякарні], каб проста спытаць, што трэба рабіць. Там ён ужо папрасіў дактароў выклікаць таксоўку, паехаў у аптэку, а пасля — дадому, — згадвае Нагорная.
********* і цяпер працягваюць пісаць звароты ў дзяржаўныя ўстановы, каб пашыраць беларускую мову. Далёка не ўсім арганізацыям можна даслаць электронныя лісты, таму даводзіцца пісаць папяровыя — для гэтага пара ад’язджае «кіламетраў на дзвесце», каб проста даслаць іх з пошты.
— Грошы зарабляць таксама амаль нерэальна з такім ладам жыцця. Неяк у нас быў кепскі час, і добра, што чалавек замаўляў нам дастаўку ежы для Стэфана і рэчаў першай неабходнасці: памперсаў і вільготных сурвэтак, — кажа Аліна.
Нягледзячы на складанасці, сям’я дагэтуль не хоча з’язджаць з Беларусі і спыняць сваю дзейнасць у прававым полі.
— Калі я хачу жыць у нармальнай краіне і хачу, каб маё дзіцё таксама жыло ў нармальнай краіне і хадзіла ў школу, дзе не будзе розных ідэалагічных момантаў, школьнай формы, піянераў і іншай жэсці, то мы павінны з гэтым нешта рабіць. Гэта наш абавязак, — упэўненая Аліна.
Яна дадае, што не ведае ніводнага прыкладу з беларускай гісторыі, калі з-за мяжы ўдалося нешта істотна змяніць унутры краіны, але адзначае, што можна займацца распаўсюдам інфармацыі і дапамагаць тым, хто з’ехаў ці застаўся ў Беларусі.
— Вось вы ўяўляеце, што было б зараз з Украінай, калі б усе ўкраінцы адтуль з’ехалі? Я проста лічу, что калі з’едуць усе здольныя думаць і ствараць, то нашай краіны проста не стане, — кажа яна.
Выпраўлена 22 чэрвеня. Пасля публікацыі гэтага тэкста Аліна Нагорная і Ігар Случак запатрабавалі змяніць яго ілюстрацыі, загаловак і шмат якія фармуліроўкі. Пазней яны запатрабавалі цалкам выдаліць тэкст з сайта, што супярэчыць нашым рэдакцыйным правілам. Расшыфроўка інтэрв'ю была загадзя узгодненая з героямі, іх прэтэнзіі тычыліся аўтарскага тэкста.
«Медыязона» саступае іх настойлівым просьбам: з тэкста выдаленыя ўсе словы, якія, з пункту гледжання герояў публікацыі, могуць ім нашкодзіць — цяпер замест іх вы бачыце зорачкі, а ўзятыя з адкрытых акаўнтаў у сацсетках выявы заменены на іншыя (з той жа крыніцы).