Яўген «Салам» Жураўскі. Фота: з асабістага архіва
«Мы бяжым па вёсцы. З аднаго боку БМП дагарае, з іншага боку дом гарыць» — такімі «прыгодамі» поўняцца аповеды беларускага добраахвотніка, анархіста Яўгена «Салама» Жураўскага. Жаўнер вядзе свой тэлеграм-канал «Дзённік экстрэміста», дзе анансаваў распавесці вайсковыя гісторыі пасля шасці месяцаў знаходжання ў Бахмуце і ваколіцах. Ён расказаў «Медыязоне» пра ўмовы на фронце, кантужаных жывёл з пустымі вачыма, а таксама пра тое, як, будучы на фронце, ледзь не стаў сведкам на судзе ў Насты Лойкі.
Мне 31 год, я з Баранавічаў. Дзіўна, што дажыў, бо я анархіст. Дзіўна, што сядзеў толькі на сутках. У Беларусі я займаўся розным актывізмам, як анархіст, як праваабаронца. Займаўся контркультурнымі праектамі. Калісьці дапамагаў рабіць выступ Molchat Doma на складзе ў Баранавічах.
Праз рэпрэсіі пазнаёміўся з Настай Лойка. Ведаю яе вельмі добра, мы сябравалі з 2015 года. У мяне быў свой лэйбл, і я прыйшоў на канцэрт прадаваць кружэлкі, у мяне іх забралі на экспертызу аб эстрэмізме. І Наста была тым чалавекам, які мне дапамагаў пісаць скаргі на гэта. Праз тры гады мы ўсё ж адбілі мае кружэлкі.
Мне падаецца, што такія людзі, як Наста, — гэта сумленне ўсёй Беларусі. І хутка яна будзе на свабодзе.
У 2020 годзе мы дапамагалі баранавіцкаму аб’яднанаму штабу, ставілі калонкі з гукаўзмацняльнай тэхнікай. Не таму, што хацелі галасаваць за Ціханоўскую, — як анархісты мы, вядома, супраць прадстаўнічай дэмакратыі, — але мы разумелі, што з’явілася надзея на нейкія пазітыўная перамены. Ліберальная дэмакратыя для мяне ўсё ж такі трохі лепшая, чым беларуская дыктатура.
Пасля ператрусу ў маёй маці праз свой актывізм я быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ў кастрычніку 2020 года. Жыў у Польшчы, быў адным з арганізатараў нядзельных акцый беларусаў Варшавы. За сваю актыўнасць атрымаў яшчэ некалькі артыкулаў.
У 2023-м мяне спрабавалі выклікаць як сведку па справе Насты Лойкі. Я пагадзіўся, але ў апошні момант суддзя сказала, што не. Напэўна, гэта была б вельмі цікавая размова для суддзі, бо яна б пабачыла, што тут адбываецца ўвогуле, якія тут файныя віды разбураных будынкаў.
Даклад [праз які Лойку абвінавачваюць у распальванні варожасці] паказваў, як рэпрэсуюць анархістаў і што парушаюць супрацоўнікі сілавых органаў. Але я разумею, што ў сучаснай Беларусі казаць, што мент цябе збівае, — гэта экстрэмізм, гэта распаўсюд нянавісці ў дачыненні да сацыяльнай групы «мент». Наста разумела, што тыя практыкі, якія ў той час ГУБАЗіК абкатваў на анархістах, могуць перайсці на ўсё грамадства.
Калі пачалася вайна, у мяне не было пытанняў, ехаць ці не, бо я разумеў, што, каб вярнуцца ў Беларусь, нам трэба змагацца са зброяй у руках. А тут я, па-першае, магу даць бой галоўнаму саюзніку Лукашэнкі і яго рэжыму — Пуціну. Па-другое, атрымаць баявы досвед, які мне спатрэбіцца ў Беларусі пры яе вызваленні. Я разумеў, што калі Масква пераможа, то ніякіх надзей на пазітыўныя змены ў Беларусі не будзе на найбліжэйшыя шмат гадоў.
Я паехаў спачатку ў ТРО горада Абухаў. У нас там быў свой хлопец, Юры Самоленка, які прапанаваў анархістам з Беларусі, Расіі і Украіны стварыць свой атрад. Я пачакаў каля двух тыдняў, а потым, з вялікім грузам ваеннага снараджэння, якое сабралі нашыя заходнія таварышы, паехаў з Польшчы сюды.
На жаль, з ТРО ў нас нічога не атрымалася, бо праз бюракратыю і праблемы з кіраўніцтвам нам сказалі, што нас аформяць толькі пасля праверкі СБУ, якая так і не адбылася.
[З анархістамі з Украіны і Расіі мы] на баявых выхадах былі ў Кіеўскай вобласці ў першыя дні пасля выхаду расійскіх войск, але ў бой не ўступалі. Я асабіста бачыў, што было ў Барадзянцы ў той час, у іншых гарадах.
Дзякуючы гэтаму мне было прасцей, бо гэта, напэўна, адно з самых жудасных, што я бачыў за ўвесь час вайны. І потым, калі глядзіш на зруйнаваны будынак, ты такі: «А, я гэта ўжо ўсё бачыў, ужо нічога нецікава».
Але калі ўпершыню з усім гэтым сутыкнуўся, я, вядома, быў вельмі шакаваны.
Калі ехалі па жытомірскай трасе праз сельскія дарогі, мы бачылі знішчаныя вёскі. Быў вельмі прыгожы будынак, але паловы няма. Уся жытомірская траса нагадвала ў той час выставу знішчанай тэхнікі: і нашай, і расійскай. Збольшага, расійскай.
У Барадзянцы былі адны з самых моцных баёў у тым рэгіёне, бо там кожны шматпавярховы дом быў абстраляны. Не было ніводнай сцяны, у якой не было б дзірак ад куль. Я тады ўпершыню пабачыў цэлыя пад’езды, якія ляжаць. Яны спрабавалі знішчыць помнік Тарасу Шаўчэнку.
Я быў вельмі здзіўлены тым, як нас сустракалі. Яны проста бачылі, што едзе машына з ваеннымі, яны нам махалі, падыходзілі да нас, калі мы выходзілі з машыны. Проста адбымаліся з намі. Было бачна, што людзі радыя вызваленню.
У канцы вясны я сышоў з ТРО, з таго часу шукаў іншыя варыянты. Займаўся валанцёрскай дзейнасцю — ездзілі з валанцёркай па Кіеўскай вобласці, якая была пад акупацыяй.
А потым, вырашыў, што трэба ісці ў ПКК, бо іншых варыянтаў не знайшоў.
Больш за ўсё запомнілася з падрыхтоўкі, як адзін з інструктараў, «МММ» — стары мужчына з досведам афганскай вайны і АТО — зрабіў псіха-фізічны тэст: нам у акоп кінулі гранату. Вядома, гэта быў не звычайна акоп, а Г-падобны. Вось так мы пазнаёміліся з выбуховай хваляй, з гукам выбуху паблізу.
У Бахмут я прыехаў у канцы 2022 года. Бахмут — гэта першы горад, дзе па мне працавала варожая арта. Гэты першы горад, дзе я працаваў сам, дзе пазнаёміўся з мінамётамі і з выбухамі.
Усе мае чаканні і рэчаіснасць зусім не супалі. Усё куды менш цікава, больш сумна і брудна. Мы жылі ў вялізарным падвале, вельмі сырым, вельмі халодным, з грыбком.
Спачатку ў нас там і вада была, і святло, і было файна. Потым усё знікла. Некалькі тыдняў мы жылі ў халодным падвале, калі на вуліцы быў вялікі мінус. Прыбіральня на вуліцы, ты ідзеш і чуеш, як побач працуе мінамёт.
На пазіцыі, дзе мы працавалі, умовы час ад часу былі лепшымі, чым там, дзе мы жылі. Мы шукалі невялічкія падвалы — галоўнае месца, дзе ты хаваешся ў горадзе. Ставілі буржуйку, лёгка прыпальвалі.
У самім горадзе мы былі два месяцы. Пасля — працавалі побач па Бахмуце і яго ўскраінах.
Я спачатку быў першым нумарам мінамётнага разліку — атрымліваў тыя лічбы, па якіх нам трэба навесці мінамёт, і наводзіў. Пасля стаў камандзірам разліку і бусалістам. Зараз я займаюся арыентаваннем мінамёта і камандую працай мінамётнага разліку.
Калі ўжо горад быў закрыты нават для журналістаў, у Бахмуце працаваў рынак і нават некалькі крамаў. Мяне трошкі ўразілі мясцовыя, якія засталіся, бо большасць з іх, скажам так, не на баку Украіны.
Калі я там знаходзіўся, у горадзе заставалася не больш за 5 тысяч жыхароў. Тыя, хто засталіся, чакалі рускі свет. Большасць з іх — пенсіянеры, шмат хто з іх проста не разумее, куды ехаць, і для іх нейкія перамены больш жудасныя чым вайна, да якой яны ўжо звыкліся. Другая вялікая група — гэта, умоўна кажучы, маргіналы. Там проста па людзях бачна, што яны п’юць гадамі, не прасыхаюць, і глядзяць на ўкраінскіх вайскоўцаў з нянавісцю.
Мне падаецца, што гэта паказнік таго, што Украіна, на жаль, часткова прайграла інфармацыйную барацьбу ў гэтым рэгіёне. Тут была нейкая гегемонія расійскай культуры, доўгі час, і нават пасля чатырнаццатага года.
Гэтыя людзі чакаюць рускі свет, яны лічаць, што Расія дасць ім нешта, чаго не дала Украіна. Але я баюся, што ўсё, што можа даць ім Расія, — гэта зруйнаваны дом і адабранае жыццё.
Мы шмат бачылі кантужаных жывёл. Да нас прыходзіла вялікая аўчарка, у яе пустыя вочы, яна вельмі худая, і ты нават не ведаеш, ці будзе яна да цябе агрэсіўна ставіцца, ці не.
Больш за ўсё мне запомніўся сабака. Пёс жыў ці тусаваўся каля будынка. І ў гэты будынак быў прылёт. Некалькі тыдняў мы ездзілі на працу праз гэтага сабаку. Стаіць пёс, ён нахіліў галаву, у яго пустыя вочы, і глядзіць у адну кропку гадзінамі.
Як мінамётнікі мы працавалі на вялікай адлегласці ад лініі фронту — чатыры кіламетры. Потым прыходзілася працаваць бліжэй.
На адной з пазіцый, час ад часу, па суседнім парку, дзе стаяла наша тэхніка, працаваў варожы танк. І ў нейкі момант мы прывозім боекамплект іншай змене на пазіцыю, а там гэты танчык проста не заціхае. Ты стаіш, выгружаеш гэтыя міны, а ў цябе над галавой увесь час свісцяць снарады. Адзін з такіх снарадаў прыляцеў за 50 метраў ад нашага мінамёта, добра, што ён быў кумулятыўны, таму аскепкамі яго не пасекла. Калі б гэта быў фугасны, то было б кепска, засталіся б без тэхнікі.
Мы жылі ў падвале гаража, я быў на нанчым дзяжурстве, выйшаў зрабіць каву. А ў тое месца вельмі моцна прылятала. Пачуў свіст, заскочыў у падвал, адбыўся выбух. Вяртаюся і гляджу — дзе я стаяў, аскепак тырчыць. Ну, не зрэагаваў бы, напэўна паехаў бы ў шпіталь ці мяняў бы пліты ў бронекамізэльцы.
Дзе мы працавалі, дарога была пад моцным абстрэлам варожых ПТУРоў. І кожны раз, калі ты там ехаў, ты разумеў, што гэта можа быць твая апошняя паездка. Ты ехаў і глядзеў, як дагарае машына, як з яе вывальваецца тое, што некалі было чалавекам.
Напэўна, самае жудаснае, — гэта тое, як смярдзіць чалавечы труп, якому некалькі дзён.
Неяк праехалі. Перад намі з моста зляцела машына. Усё было ў дыме, бо змежнікі прыкрывалі сваю перасменку. Зразумела, што кідаць хлопцаў было нельга. Мы ад’ехалі, кінулі машыну, пабеглі ім на дапамогу. Мы бяжым па вёсцы. З аднаго боку БМП дагарае, з іншага боку дом гарыць. Мы амаль дабягаем да таго месца, дзе перакулілася гэтая машына. І проста нам насустрач выходзіць хлопец: «Пацаны, да Бахмута падкініце?»
[Пра абарону Бахмута] нам ніхто нічога не тлумачыў. Кажуць абараняць — будзем абараняць. Мне падаецца, мы столькі часу стаялі пад Бахмутам менавіта таму, што вялізарная колькасць расійскіх войскаў была падцягнута. І ўсе гэтыя баі дапамагалі нашым хлопцам на іншых напрамках, зрабілі магчымым падрыхтоўку да контрнаступу.
Наш батальён «Волат» цяпер чакае новага загаду і вучыцца. Застаемся ва Украіне.