Ілюстрацыя: Марыя Гранаткіна / Медыязона
Апошнія два гады праваабаронцы рэгулярна паведамляюць пра тое, што палітвязням не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу — людзі месяцамі чакаюць прыёму ў стаматолага, УГД ці аперацыі. Каб зразумець, як уладкаваная сістэма турэмнай аховы здароўя ў Беларусі, «Медыязона» сабрала іх гісторыі.
Напрыканцы верасня былую журналістку БТ і сябра Каардынацыйнай рады Ксенію Луцкіну асудзілі да 8 гадоў калоніі па справе аб змове з мэтай захопу ўлады.
Журналістка знаходзіцца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага з снежня 2020 года, а летам 2021-га з’явіліся першыя паведамленні пра сур’ёзныя праблемы са здароўем. Сваяк Луцкінай расказаў «Медыязоне», што ў траўні і ліпені ёй рабілі МРТ — здымкі паказалі рост пухліны галаўнога мозгу. У 2014 годзе журналістцы выдалілі каверному, але іншы наватвор лекары чапаць не сталі з-за складанасці аперацыі. Рост пухліны трымалі пад кантролем — Луцкіна кожны год праходзіла абследаванні.
У СІЗА Ксеніі кожны дзень робяць абязбольвальныя ўколы і даюць таблеткі, якія перадае яе бацька, але гэтага недастаткова, перакананы сваяк журналісткі.
«Ёй патрэбныя рэцэптурныя лекі і кваліфікаваная медыцынская дапамога. Лекар, якому далі дазвол прыйсці ў СІЗА — ён яе глядзеў пасля аперацыі — адмовіўся ісці да яе. Яна прасіла іншага нейкага лекара, але не хочуць людзі ісці туды», — кажа суразмоўца «Медыязоны».
Паводле яго слоў, зараз стан Луцкінай пагоршыўся — з’явіўся трэмар рук, пачалі падкошвацца ногі, моцна баліць левая частка галавы.
Журналістка пісала заявы з просьбай запрасіць у СІЗА неўролага з грамадзянскай бальніцы. Медперсанал установы адказаў, што ў гэтым няма неабходнасці — «у штаце ёсць свой неўролаг».
У лякарні, якая займае некалькі памяшканняў СІЗА на вуліцы Валадарскага, сапраўды працуюць тэрапеўты, хірургі, нарколагі, псіхіятры і неўролагі, расказвае сузаснавальнік праваабарончай ініцыятывы «Тайм-АКТ» Васіль Завадскі. З 1986 па 1998 год ён быў урачом і начальнікам медчасткі ў калоніях №9 у Горках і №14 у Навасадах, а з 1998 па 2010-ы ўзначальваў медслужбу ДВП.
Завадскі тлумачыць, што рэспубліканская лякарня для падследных і асуджаных была арганізаваная пры СІЗА-1 часова, пакуль не пабудаваная новая бальніца ў Калядзічах. Але гэтая будоўля зацягнулася, і вось ужо 12 гадоў галоўная турэмная лякарня Беларусі працуе на Валадарцы. Некаторыя яе аддзяленні пры гэтым знаходзяцца ў іншых гарадах: інфекцыйнае і пульманалагічнае — у Жодзіне, а псіхіятрычнае — у Віцебску, кажа праваабаронца.
«Камеры як былі, так і засталіся. Толькі там не нары, а ложкі. Ёсць рэанімацыйная палата, дзе стаіць абсталяванне. Дзе змаглі, там паставілі абсталяванне, размясцілі лабараторыю і гэтак далей. Умовы сціплыя, называць гэта лячэбнай установай з пункту гледжання нарматыўных патрабаванняў не даводзіцца», — лічыць ён.
Але для таго каб пацыентам аказвалі своечасовую і якасную меддапамогу, у турэмнай лякарні павінна быць наладжанае ўзаемадзеянне з грамадзянскай аховай здароўя, перакананы Завадскі.
«Запрашаюцца спецыялісты для кансультацый у турэмны шпіталь, або пацыент вывозіцца для кансультацый ці лячэння ў грамадзянскую бальніцу», — тлумачыць механізм такога ўзаемадзеяння праваабаронца.
Ён адзначае, што ва ўмовах СІЗА наладзіць такую працу вельмі складана — рашэннем стала б асобная лякарня для падследных і асуджаных, калі б яна была пабудаваная.
«Калі ёсць лякарня, то шматлікія захворванні, хай нават складаныя, можна лячыць там. Кансультанты могуць прыязджаць, можна кансультавацца анлайн, калі ёсць апаратура», — кажа Завадскі.
62-гадоваму фігуранту «справы Аўтуховіча» Уладзіміру Гундару трэба хоць бы раз у паўгода праходзіць курс лячэння ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Яго сваячка Ірына расказвае, што нагу Гундару ампутавалі яшчэ ў 1998 годзе з-за аблітэравальнага атэрасклерозу сасудаў ніжніх канцавін. Мужчыну далі II групу інваліднасці, і з тых часоў ён рэгулярна прыязджаў у РНПЦ траўматалогіі, мяняў пратэз і праходзіў курс ін’екцый.
Апошні раз Гундар праходзіў лячэнне ў Брэсцкім СІЗА ў канцы 2021 года, але прымаў ён тады толькі таблеткі — прэпарат для ін’екцый перадаць не дазволілі, кажа сваячка.
Паводле яе слоў, у СІЗА яго часта адпраўлялі ў карцар, а ў Гродзенскай турме такое пакаранне прызначалі чатыры разы. Апошнім разам Гундар атрымаў 10 сутак карцара 17 верасня — праз тое, што адмовіўся жыць у адной камеры з двума іншымі арыштантамі.
«Ён перадаў, што гэтыя два чалавекі — педафілы. Раней не было ў яго праблем з сукамернікамі. Ён заўсёды пра іх пісаў вельмі добразычліва», — кажа Ірына.
На час знаходжання ў карцары Гундар адмовіўся ад прыёму ежы. Першая ягоная галадоўка ў Гродна была сухой — мужчына пратрымаўся без вады 11 дзён, расказвае яго сваячка.
«Падчас мінулай галадоўкі лекары правяралі яго толькі тады, калі ў судзе адвакат заяўляла хадайніцтва пра гэта. Гэта быў чыста фармальны агляд. Лекар агледзеў яго і сказаў, што няма прыкмет абязводжвання. Гэта на восьмыя суткі сухой галадоўкі! Таму я не думаю, што лекары занепакоеныя яго здароўем», — лічыць Ірына.
Яна дадае, што ў Гундара бываюць праблемы з кішачнікам, а для таго каб атрымаць патрэбныя медыкаменты, трэба напісаць заяву на агляд у лекара.
«Пісаць заяву, звяртацца да ўрача можна. І, мабыць, гэта адзіны спосаб, якім можна дамагчыся медыцынскага агляду», — тлумачыць «Медыязоне» юрыст, які папрасіў не называць яго імя.
Калі лекар не згаджаецца аказаць зняволенаму дапамогу, наступны крок — звярнуцца да начальніка калоніі і па магчымасці прыкласці дадатковыя дакументы, якія пацвярджаюць неабходнасць агляду або кансультацыі.
«У цяперашніх умовах складана сказаць пра эфектыўныя сродкі ўздзеяння, калі медыцынская дапамога не аказваецца. Яны ўсе стандартныя — ёсць пракуратура, куды можна па любых парушэннях закона звяртацца. Цяпер у нас займаюцца перасылкай гэтых зваротаў назад у калоніі», — кажа юрыст.
Ён дадае, што звяртацца можна як у вышэйстаячыя органы ДВП, так і ў суд.
«Гэта стандартныя спосабы абскарджання любых неправамерных дзеянняў, тут няма іншых нейкіх спосабаў паўплываць на сітуацыю», — рэзюмуе ён.
Яшчэ адна абвінавачаная па «справе Аўтуховіча» — пенсіянерка Галіна Дзербыш — ужо 21 месяц чакае УГД брушной поласці, расказвае яе сваячка Святлана. У 2016 годзе пенсіянерцы дыягнаставалі леяміёму маткі і зрабілі некалькі аперацый. Цяпер у Дзербыш II група інваліднасці, жанчыне трэба рэгулярна назірацца ў лекара.
«Пухліны перараджаліся, як мне растлумачылі. У яе на ўсіх органах кісты: на шчытападобнай залозе, на падстраўнікавай, на нырках, селязёнцы — ну проста ўсюды. Вось гэтая гадасць ў яе, і да гэтага часу не могуць аказаць дапамогу», — абураецца Святлана.
Пенсіянерка падавала скаргу на тое, што ёй не робяць УГД. Паўплываць на сітуацыю спрабавалі і яе блізкія, але ў адміністрацыі гродзенскай турмы спасылаліся на каранавірус і недахоп канваіраў, расказвае сваячка Дзербыш.
«Усім па барабану, што ты там будзеш паміраць. У іх стаматолаг ў турме звольнілася. У людзей баляць зубы, сваякі прывозяць абязбольвальнае. Кажуць: "Нічога страшнага, перацерпяць"», — успамінае Святлана.
Пра хваробу пенсіянеркі ў адным са сваіх рэпартажаў па «справе Аўтуховіча» згадвала прапагандыстка Ксенія Лебедзева. Яна сцвярджала, што паўтара гады таму Дзербыш зрабілі аперацыю ў турэмнай бальніцы і што яна знаходзіцца пад наглядам лекараў; Святлана гэта адмаўляе.
Дзербыш, як і Гундара, некалькі разоў адпраўлялі ў карцар — напрыклад, за тое, што пенсіянерка праз дрэннае самаадчуванне адмовілася праходзіць рамку перад уваходам у залу суда. Жанчына абскардзіла гэтае пакаранне, суд разгледзеў яе скаргу ў пачатку жніўня. Саму Дзербыш на пасяджэнне не пусцілі.
«Яе сканарам апраменьвалі, як у аэрапорце. У сканараў ёсць санітарны пашпарт, у якім напісана, што людзі, якія маюць якія-небудзь хранічныя захворванні, не павінны абследавацца на гэтым апараце. Аказваецца, супрацоўнікі турмы не ведалі, што Галіна Іванаўна — інвалід II групы, што ў яе праблемы са здароўем», — расказвае Святлана.
Стаўленне супрацоўнікаў турмы да яе сваячкі суразмоўніца «Медыязоны» называе здзекам. Паводле яе слоў, пенсіянерку, якой рэкамендаваны пасцельны рэжым, трымалі ў адзіночнай камеры праз адзнаку ў характарыстыцы — «схільная да захопу закладнікаў».
«Яна магла ляжаць на ніжнім ложку, але канваір кажа: "Ты будзеш спаць на верхнім". А ў яе правая рука амаль не працуе пасля аварыі, лекары па аскепках збіралі», — кажа Святлана.
Паводле раздзела 9 КК, людзям з інваліднасцю I і II групы не могуць прызначаць пакаранне ў выглядзе грамадскіх ці папраўчых работ, хіміі і арышту. Ад пакарання вызваляюцца і людзі, якія пакутуюць на псіхічныя захворванні — для іх прадугледжана прымусовае лячэнне.
«Суд прызначае пакаранне з улікам асобы вінаватага, і ён павінен улічваць і такія абставіны, як стан здароўя. Гэта можа ўплываць на пакаранне, але, строга кажучы, змякчальнай акалічнасцю не з’яўляецца», — расказвае юрыст.
Паводле некаторых артыкулаў, кажа ён, людзям з інваліднасцю I і II групы могуць прызначыць пакаранне з адтэрміноўкай. Акрамя таго, яны могуць раней прэтэндаваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ).
«УДВ можа быць выкарыстана ў дачыненні да інвалідаў пасля адбыцця імі не менш за адной траціны тэрміну пакарання за злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі або менш цяжкія злачынствы. У той час, як да людзей без інваліднасці УДВ ужываецца пры адбыцці паловы тэрміну за менш цяжкае злачынства, або злачынства, якое не ўяўляе грамадскай небяспекі. Для цяжкага людзям з інваліднасцю не менш за палову тэрміну трэба адбыць, а тым, у каго інваліднасці няма — не менш за дзве траціны», — тлумачыць юрыст.
Для людзей з інваліднасцю I і II групы Крымінальна-выканаўчым кодэксам прадугледжаны асаблівыя ўмовы ў калоніях, расказвае Васіль Завадскі — вызваленне ад працы на прамзоне, дыетычнае харчаванне і першы ярус на нарах.
«Для людзей з інваліднасцю вылучаныя асобныя атрады, як правіла, на першым паверсе — там прасцей стварыць ім усім аднолькавыя ўмовы. Звычайна строем атрады ідуць, але калі чалавек з кійком або на мыліцах, дазваляюць хадзіць па-за строем. Вось гэта такія элементарныя, але важныя рэчы», — кажа праваабаронца.
Ён адзначае, што ў калоніях «любяць» зняволеных з інваліднасцю, таму што тыя атрымліваюць пенсіі.
«З іх не вылічваюць сродкі за харчаванне і некаторыя іншыя паслугі. Для ўстаноў яны лічацца "багаценькімі", і з іх выпрошваюць грошы на рамонт атрадаў, падпіскі на газеты МУС і да таго падобнае», — пералічвае Завадскі.
Пры гэтым людзі з інваліднасцю — асабліва I групы — галаўны боль для адміністрацыі, прызнае праваабаронца: як правіла, яны маюць патрэбу ў пабочным доглядзе, які складана арганізаваць у калоніях.
«Нярэдка гэтыя людзі знаходзяцца ў медыцынскай частцы, каб не ствараць праблем. Калі яны ў атрадзе, то нехта павінен прыносіць ім ежу. Яны разлічваюцца з іншымі зняволенымі, якія даглядаюць іх, за кошт сваёй пенсіі, купляюць ім што-небудзь», — кажа ён.
У траўні мінулага года 55-гадоваму сябру БНФ Уладзіміру Малахоўскаму, асуджанаму да 3,5 гадоў калоніі паводле абвінавачвання ў нападзе на міліцыянта, замянілі II групу інваліднасці на III, а неўзабаве пазбавілі і яе, расказвае сваячка асуджанага Валянціна.
Шэсць гадоў таму ў Малахоўскага выявілі семіному са шматлікімі метастазамі. Яму прызначылі курс хіміятэрапіі і далі II групу інваліднасці; Пасля гэтага Уладзімір раз на паўгода праходзіў абследаванне ў Віцебскім анкадыспансеры.
Пасля пераводу ў калонію з СІЗА Уладзіміра адзін раз адвезлі ў Івацэвічы ў паліклініку на УГД, якое паказала, што «ўсё нармальна», кажа Валянціна. КТ-і МРТ-даследаванні, рэкамендаваныя пасля хіміятэрапіі, яму рабілі ў траўні мінулага года — тады ён знаходзіўся яшчэ ў Віцебскім СІЗА.
«Лекары да яго з’ездзілі, і яго адвезлі ў аддзяленне. Нашы лекары паглядзелі КТ, МРТ — метастазы стаяць пакуль на месцы. У анкалогіі кажуць: "Пяць гадоў пражывеш — значыць, будзеш жыць". Але калі ён будзе нервавацца, то могуць метастазы далей пайсці, а панерваваўся ён дай Божа ўжо колькі», — кажа Валянціна.
Яна дадае, што падчас і пасля затрымання Малахоўскага збілі сілавікі — праз гэта ў яго дадалося праблем са здароўем. Са слоў Валянціны, міліцыянты зламалі актывісту палец і збілі яго дубінкамі ў следчым ізалятары — цяпер Уладзіміру цяжка падняць руку праз боль у плячы.
«Наконт пальца яму сказалі ў віцебскім СІЗА: "Зламаў і зламаў, зажыве. Гэта нармальна, гэта табе не галава". Яму трэба пераломваць гэты палец, каб паставіць на месца. Ім усё роўна абсалютна», — абураецца Валянціна.
Малахоўскі знаходзіцца ў калоніі на тых жа ўмовах, што і іншыя асуджаныя — пасля пазбаўлення інваліднасці яму не належыць пасцельны рэжым і вызваленне ад працы.
Дома, кажа сваячка зняволенага, ён «увесь час ляжаў» — у другой палове дня ў мужчыны дранцвелі рукі і ногі.
«Ён калі прыехаў у калонію, дрот нейкі круціў. Папрасіў выслаць яму пальчаткі, таму што рукі драпаюцца. Потым вырашыў пайсці вучыцца на швейнае, атрымаў чацвёрты разрад», — кажа Валянціна.
У кастрычніку Малахоўскі чакае прыезду лекараў з Івацэвічаў — яшчэ незразумела, ці будзе магчымасць адвезці яго на кансультацыю ў паліклініку, адзначае сваячка асуджанага.
У 65-гадовага кіраўніка БНФ Рыгора Кастусёва, асуджанага да 10 гадоў калоніі па абвінавачванні ў змове з мэтай захопу ўлады, у СІЗА рэзка пагоршыўся стан здароўя.
У ліпені мінулага года ён праходзіў абследаванне і курс тэрапіі ў турэмным шпіталі на Валадарскага, куды трапіў з дыхавіцай, ацёкамі канечнасцяў, праблемамі з сэрцам, артэрыяльным ціскам і зблытанай свядомасцю, пісала «Зеркало» са спасылкай на БелаПАН.
«У майго таты тэрміновая патрэба ў шпіталізацыі. Мы не аднойчы хадайнічалі аб замене меры стрымання на хатні арышт, аб шпіталізацыі. Але гэта не дае вынікаў, — расказваоа журналістам Дачка Кастусёва Кацярына. — Я кансультавалася з урачамі і, паводле іх слоў, без аператыўнага ўмяшання, хутчэй за ўсё, не абысціся».
Паводле яе слоў, вынікі аналізаў бацькі паказваюць на імавернае анказахворванне. «У Рыгора Андрэевіча паказчык ПСА вышэйшы за норму ў два разы — восем адзінак пры норме чатыры», — казала Кастусёва.
У кастрычніку 2021 года палітык расказаў у лісце, што ў СІЗА яму пачалі рабіць ін’екцыі і даваць таблеткі, аднак «сітуацыю можа выратаваць толькі тэрміновая аперацыя».
Пра тое, што Кастусёву зрабілі гэтую аперацыю, не паведамлялася.
Пастановай МУС і Міністэрства аховы здароўя зацверджаны «пералік захворванняў, якія перашкаджаюць адбыванню пакарання». Сярод іх — розныя псіхічныя разлады, некаторыя формы туберкулёзу, ВІЧ у тэрмінальнай стадыі, лейкоз, эрытраміелоз, эрытрэмія, хранічны лімфалейкоз, хранічная нырачная недастатковасць і іншыя. У асноўным, у спісе згаданыя найбольш цяжкія формы захворванняў.
«Ствараецца камісія, якая ставіць асуджанаму дыягназ пасля абследавання. На падставе дыягназу ў суд накіроўваюцца матэрыялы аб вызваленні ад пакарання або замене пакарання на больш мяккае. Суд разглядае матэрыялы, але гэта не абавязкова значыць, што асуджанага вызваляць ад пакарання. 92 артыкул Крымінальнага кодэкса прадугледжвае такую магчымасць, але суд улічвае і іншыя абставіны, таму захворванне са спісу — гэта толькі адна з умоў», — тлумачыць юрыст.
Васіль Завадскі ўспамінае выпадак са сваёй праваабарончай практыкі, калі асуджанага па артыкуле аб незаконным абароце наркотыкаў вызвалілі ад адбыцця пакарання.
«У яго развілася тэрмінальная нырачная недастатковасць, патрэбны быў некалькі разоў на тыдзень гемадыяліз. Натуральна, у калоніі гэта не маглі арганізаваць. Яго вазілі ў мясцовую лякарню. Суд прыняў рашэнне вызваліць, нягледзячы на тое, што ў яго яшчэ гадоў 11 заставалася да канца тэрміну. Гэта хутчэй выключны выпадак, таму што з такімі вялікімі тэрмінамі, як правіла, не вызваляюць», — кажа ён.
Юрыст дадае, што наяўнасць захворвання, якое не ўваходзіць у спіс, таксама часам можа ўлічвацца судом пры разглядзе пытання пра замену пакарання больш мяккім або УДВ.
Але на практыцы вызваленне па хваробе часцяком выглядае як насмешка: 2 верасня Мінаблсуд зменшыў тэрмін маладзечанцу Паўлу Кучынскаму з апошняй стадыяй рака з 5 да 4 гадоў і 9 месяцаў калоніі. Пры гэтым суддзя пастанавіў павялічыць памер кампенсацыі, якую павінен выплаціць Кучынскі, з 2 500 рублёў да 3 840 рублёў.
У траўні мінулага года 42-гадовага актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Войніча асудзілі да 7 гадоў узмоцненага рэжыму. У пачатку студзеня 2022-га маці актывіста Наталля расказала, што ў яго сур’ёзныя праблемы са здароўем.
«Андрэй смяротна хворы. У яго цыроз печані пасля віруснага гепатыту, цукровы дыябет, пухліна над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пухір і мноства спадарожных ускладненняў. Ён мае патрэбу ў тэрміновай перасадцы печані, да арышту кожны месяц наведваў трансплантолага», — напісала яна.
Наталля дадала, што сына два разы адпраўлялі ў штрафны ізалятар і ён доўгі час не выходзіў на сувязь. Але «справа зрушылася з мёртвай кропкі» — Андрэй звязаўся з маці і расказаў, што яго вызвалілі ад самых цяжкіх работ.
«З кожным днём яму становіцца горш: ён мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі і перасадцы печані. Я патрабую неадкладнага вызвалення майго сына і аказанні яму медыцынскай дапамогі», — гаварылася ў пасце.
Карэспандэнтка «Медыязоны» звязалася з Наталляй Войніч, каб даведацца, прааперавалі ці сына, але тая адмовілася размаўляць з журналістамі.
Адна з галоўных праблем меддапамогі ў СІЗА і калоніях — недахоп кваліфікаванага персаналу, лічыць Васіль Завадскі. З ягоных слоў, асабліва востра кадравы голад адчуваецца ў рэгіянальных установах — там «проста катастрофа».
«Наогул няма медыкаў, або замест пяці-шасці па штаце ўсяго толькі адзін. Тут з’яўляюцца праблемы — банальна няма калі надаць увагу ўсім, хто гэтага патрабуе. Ёсць такія прыклады, калі людзі позна атрымліваюць лячэнне або абследаванне, а гэта цягне за сабой сур’ёзныя наступствы», — кажа праваабаронца.
Іншай прычынай адмовы ў меддапамозе ён называе недахоп канваіраў — іх не заўсёды хапала і раней, а цяпер сітуацыя толькі пагоршылася: даставіць хворага асуджанага ў грамадзянскую клініку проста няма каму.
«Не будзем забываць пра чалавечы фактар. Не заўсёды хочуць ехаць у гэты следчы ізалятар, там атмасфера такая .. Ну і банальна лянота з боку супрацоўнікаў СІЗА, калі думаюць, што само пройдзе, рассмокчацца. Можа быць, праз доўгую працу там людзі становяцца больш грубыя», — разважае ён.