Холад, бяспраўе і размовы з сабой. Што такое ШІЗА і як там выжываюць зняволеныя
Перевод
25 апреля 2023, 13:24

Холад, бяспраўе і размовы з сабой. Што такое ШІЗА і як там выжываюць зняволеныя

Ілюстрацыя: Марыя В. / Медыязона

Час ад часу сустракаюцца навіны, што некага з палітвязняў змясцілі ў штрафны ізалятар — ШІЗА. Гэта невялікая камера, дзе лава і стол прывараныя да падлогі, а ложак прышпілены да сцяны. Там холадна, няма матраца і няма нічога, чым бы чалавек мог сябе заняць. «Медыязона» паразмаўляла з былымі палітвязнямі пра тое, як уладкавана «жыццё» ў ШІЗА і як там не звар’яцець.

Холад, ператрусы, і больш нічога няма

Узяць з сабой у камеру ШІЗА можна толькі зубную шчотку, пасту, туалетную паперу і мыла. Супрацоўнікі калоніі выдадуць тапкі замест звыклага абутку, робу з надпісам ШІЗА без каўняра і невялікі ручнік. Гэта ўсё, што ёсць у зняволенага.

У камеры ізалятара ёсць стол і лава, звычайна, прымацаваныя да падлогі, ложак, які супрацоўнік калоніі адшпільвае ад сцяны на ноч, і паліцы на сцяне.

Лісты і перадачы ў ШІЗА не прыносяць. Кормяць тры разы на дзень, мінімум двойчы прыходзяць з праверкай, абшукваюць камеру і чалавека, які знаходзіцца ў ёй. Зняволены павінен назваць сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, артыкул, па якім ён асуджаны. Калі ён стаіць на нейкім уліку, трэба агучыць і гэта.

Усе былыя палітвязні кажуць, што ў ШІЗА вельмі холадна. Былы палітвязень Аляксандр Кабанаў адзначае: горш за ўсё апынуцца ў ізалятары ў міжсезонне, калі на вуліцы холадна, а ацяплення ўжо ці яшчэ няма.

— У калоніі ў Шклове, напрыклад, заўсёды быў скразняк: спецыяльна было адкрыта акно на «прадоле». І вось гэты скразняк ператварае знаходжанне там у павольнае катаванне. Ты літаральна адчуваеш, як па табе слізгаюць патокі халоднага паветра, — распавядае былы палітвязень Віктар Пархімчык.

Каб сагрэцца ў камеры, трэба пастаянна рухацца: прысядаць, адціскацца, хадзіць па коле.

— Робу нельга пры гэтым здымаць. Напрыклад, я аднойчы інтэнсіўна трэніраваўся, мне нават стала спякотна. Я вырашыў зняць робу і абмыцца пад кранам і атрымаў парушэнне і новы тэрмін у ШІЗА, — расказаў былы палітвязень Зміцер Фурманаў.

Заснуў — замерз

Спаць ва ўмовах ШІЗА складана: няма падушкі, коўдры, пасцельнай бялізны — толькі голыя дошкі.

Пархімчык устаўляў у тапак туалетную паперу і клаў гэтую канструкцыю пад галаву замест падушкі. Кабанаў здымаў робу і накрываўся ёю з галавой, каб «надыхаць», сагрэцца і на нейкі час заснуць.

— Пакуль ты інтэнсіўна дыхаеш, пад робай больш-менш цёпла, ты засынаеш. Засынаеш, перастаеш інтэнсіўна дыхаць, астываеш, прачынаешся. Зноў трэба хвілін пяць, каб сагрэцца, — расказвае Кабанаў.

Паводле слоў Фурманава, ноччу праз холад часам даводзілася ўставаць і хадзіць па камеры або зноў практыкавацца.

Адправілі ў ШІЗА за расшпілены гузік

У штрафны ізалятар адміністрацыя калоніі можа адправіць за любое парушэнне правілаў унутранага распарадку. Згодна з КВК, адправіць у ізалятар могуць на тэрмін да 10 сутак. Аднак на практыцы бывае так, што зняволены аказваецца ў ізалятары некалькі разоў па 10 сутак запар.

Палітвязень блогер Аляксандр Кабанаў першы раз трапіў у ШІЗА на месяц.

— На мяне склалі акт, што ў мяне нібыта быў расшпілены гузік. У той жа дзень праверылі ўсе мае торбы. У вопісе ў мяне было дзевяць фотаздымкаў, але сярод лістоў знайшлося некалькі паштовак. Сказалі, што гэта таксама фатаграфіі і праз гэта была вымова, мяне адправілі прыбіраць туалет, я адмовіўся, і мне далі 10 дзён. Пакуль я быў там, мне далі яшчэ 10 сутак за тое, што нібыта ў камеры было не прыбрана, і потым яшчэ 10 сутак за тое, што ў мяне пасля сняданку ў камеры застаўся кавалак хлеба — гэта таксама палічылі парушэннем, — растлумачыў ён.

Зміцер Фурманаў правёў у ШІЗА ўвесь свой тэрмін у калоніі, 48 дзён. У першы раз яго змясцілі туды за тое, што ён, знаходзячыся яшчэ ў «карантыне», няправільна аформіў спіс асабістых рэчаў.

— А калі ты ужо ў ШЫЗА, усе было прасцей, яны проста прыходзілі, праводзілі пальцам недзе ў куце і казалі — вось, тут пыльна, гэта парушэнне. Хаця там усё было вымыта і не па аднаму разу. А я ж і не ведаў правілаў, што можна, а што з’яўляецца парушэннем. Ніхто не казаў. Вось практычным шляхам і даведваўся, чаго было нельга, — расказвае ён.

Былога палітвязня Віктара Пархімчыка першы раз адправілі ў ШІЗА з хіміі праз адмову ісці пешшу да месца працы, з ягоных слоў, больш за 20 км. Гэта палічылі адмовай ад працы.

Ілюстрацыя: Марыя В. / Медыязона

«Балаганны суд»

Згодна з артыкулам 113 КВК, «асуджаны не можа быць падвергнуты спагнанню, не атрымаўшы магчымасці выказацца і даць пісьмовае тлумачэнне ў сваё апраўданне. Службовыя асобы, якія прымяняюць да асуджаных меры спагнання, павінны ўсебакова і поўна ўлічваць абставіны здзяйснення парушэння, ступень віны асуджанага і яго апраўдання і накладаць спагнанне пасля асабістай гутаркі з ім».

У рэальнасці гэта адбываецца інакш, расказвае Віктар Пархімчык.

— У калоніі гэта называецца «хрэсьбіны». Чалавека прыводзяць да начальніка калоніі, або, калі яго няма, да намесніка. Такі вось, балаганны суд, бо рашэнне звычайна ўжо ёсць. Калі ў іх добры настрой і ім хочацца пагаварыць, могуць сказаць нешта накшталт «ну што ты, зноў парушаеш», калі не — то проста моўчкі адпраўляюць у ШІЗА, кажуць толькі, на колькі сутак, — распавядае ён.

Віктар Пархімчык тлумачыць: нягледзячы на ўказаны ў КВК максімум, некаторыя зняволеныя праводзілі ў ШІЗА месяцы.

— 10 дзён прайшло, чалавека вывелі на 10 хвілін, выпісалі парушэнне «з галавы», і змясцілі назад, — удакладніў ён.

«Сам сабе радыё»

Час у ізалятары, са слоў зняволеных, цягнецца павольна. З «забаваў» — размовы з самім з сабой і разважанні.

— Знаходзячыся там, натуральна размаўляць з самім сабой, пець песні, чытаць вершы, неяк так забаўляцца. Калі няма магчымасці з кімсьці пагутарыць, застаецца толькі гэта. Я спяваў «Тры чарапахі», нешта з «Разбітага сэрца пацана», сам сабе радыё быў, — расказвае Фурманаў.

Кабанаў расказаў, што пакуль знаходзіўся ў ШІЗА, стараўся думаць пра добрае, будаваў планы, успамінаў нешта, маліўся.

— У галаве такое адбываецца... складана растлумачыць, такое не адбудзецца ў любой іншай сітуацыі. Але стараешся думаць пра добрае — пра тое, колькі засталося тэрміну. Вось я па сабе мяркую: калі я прыехаў у Наваполацк на «адзінку», мне заставалася сядзець паўтара года. Я трапіў на месяц у ШІЗА, выйшаў і падумаў — вось і месяц прайшоў. Гэта класна. Зноў адправілі ў ШІЗА, думаю «час-та ідзе». Калі-небудзь я выйду адсюль, нават калі ўвесь час правяду ў гэтым ШІЗА, усе свае паўтара года. Гэтая думка грэе, што тэрмін ідзе, набліжаецца выхад на волю і сустрэча з роднымі, сябрамі, — успамінае ён.

Паводле слоў Віктара Пархімчыка, пасля смерці Вітольда Ашурка ў ШІЗА стаў прыходзіць лекар. Аднак нават проста паспець сказаць яму пра сваё самаадчуванне не выходзіла.

— І вось гэты лекар прыходзіць, глядзіць у акенца, у кармушку, пытаецца: «Скаргі на здароўе ёсць?» — і ідзе далей, літаральна праз секунды, не чакаючы адказу. На камерах у выпадку чаго будзе відаць, што лекар быў. Калі нешта здарыцца, ён скажа, што не было скаргаў, — успамінае Пархімчык.

«Бяспраўе на кожным кроку»

Скаргі зняволеных на ўмовы, холад ці дрэннае самаадчуванне ў ШІЗА застаюцца па-за ўвагай адміністрацыі. Часам зняволеныя ідуць на крайнія меры, каб заявіць свой пратэст супраць умоў у ізалятары. Аляксандр Кабанаў ускрываў вены ў ШІЗА. Паводле яго, у зняволенні гэта не рэдкасць.

— Я бачыў рукі арыштантаў, на «крытай» практычна ўсе парэзаныя. Калі сядзеў на Валадарцы, і мы ішлі ў душ, я бачыў людзей, якія ўжо былі ў лагерах. Я быў у шоку, бачыў іх целы — там парэзаныя рукі, жываты. Я пытаюся што гэта, як, навошта. А мне тлумачаць: а па-іншаму ніяк, ты таксама можаш з гэтым сутыкнуцца, і ты павінен быць да гэтага гатовы. Такія былі размовы. І я думаў, што мяне гэта не закране. Але так выйшла, што таксама давялося, — успамінае ён.

Кабанаў тлумачыць: так адбываецца, таму што звярнуцца зняволенаму няма куды. Няма магчымасці паскардзіцца на супрацоўнікаў калоніі, што б яны ні рабілі.

— Мяне адправілі ў ШІЗА праз расшпілены гузік, які насамрэч быў зашпілены. І каму я што дакажу? Я кажу: у камеры холадна, пар з рота ідзе. Прашу зрабіць нешта, а ахоўнік проста закрывае акенца і сыходзіць. Я надарваў грыжу, пайшоў у санчастку, а мне кажуць: «Яшчэ раз сюды прыйдзеш — трапіш у ШІЗА». Усім дазволеныя званкі, у мяне не было ніводнага званка за ўвесь час. І такое бяспраўе паўсюль там, на кожным кроку, — расказвае ён.