Фота: асабісты архіў
Улетку 2020 года шматдзетны бацька Дзмітрый Барэйчук адгукнуўся на просьбы дапамагчы Віктару Бабарыку і прынёс у КДБ заяву, каб таму змянілі меру стрымання. Замест гэтага Дзмітрый трапіў у аўтазак і атрымаў суткі. Барэйчук распавёў «Медыязоне», як прайшлі наступныя тры гады: ператрусы, затрыманні, крымінальныя справы і каласальны стрэс, з цяжкімі наступствамі якога мінчук змагаецца дагэтуль.
К 2021 году мне давялося перайсці на паўпадпольнае існаванне. Я зразумеў, што трэба пастарацца зрабіць так, каб не трапіцца да іх у лапы. Дома я не жыў, не адказваў на званкі з незнаёмых нумароў, калі ў дзверы тэлефанавалі — не адчыняў. Наогул, стараліся ціха сябе паводзіць, каб ніхто не зразумеў, што ў кватэры ёсць людзі. Траіх сваіх дзяцей навучылі не адказваць ні на якія пытанні пра бацькоў у школе. Як аказалася, нездарма. Да малодшай дачкі міліцыянты прыйшлі ў музычную школу, пыталіся, дзе тата.
Наогул, я чалавек асцярожны і не схільны проста так «соваць галаву ў пятлю». Але ў той момант я падумаў, што падаць простую заяву на змену меры стрымання Віктару Бабарыку — гэта звычайная справа, і ў гэтым няма нічога небяспечнага. Ды так, што я нават не расказаў пра гэта сваёй сям’і. Проста раздрукаваў заяву, падпісаў яе і паехаў у КДБ.
Да будынка КДБ я прыехаў на самакаце. Паставіў яго каля дзвярэй і ўвайшоў унутр. На вуліцы не было ніякіх чэргаў, былі толькі ціхары.
Мяне спыталі: «Вы заяву падаць? Добра, праходзьце». Правялі мяне ў нейкі пакой для прыёмаў. Сказалі: зараз да вас прыйдуць. Да мяне прыйшлі — і павялі. Кажуць: вось, цяпер вам трэба проста, потым налева, потым направа. Вядуць. І тут я разумею, што мяне заводзяць ва ўнутраны двор. А там стаіць аўтазак. Я паспрабаваў тузануцца: «Хлопцы, секундачку, што адбываецца?» І тут упэўненыя рукі штурхаюць мяне ўнутр. Так я ўпершыню ў жыцці апынуўся ў аўтазаку.
Калі мяне змясцілі ў маленечкі «стакан», я падумаў: цікава, аказваецца, у мяне цалкам можа быць клаўстрафобія. Я стаяў у «стакане» і глядзеў, як аўтазак хутка напаўняецца людзьмі. Мужчыны, жанчыны, людзі старэйшыя і маладзейшыя за мяне — шмат народу.
Я добра ведаю Мінск. Убачыў, у які бок нас павезлі, і пачаў лічыць павароты. Зразумеў, што нас вязуць у Кастрычніцкае РАУС на вуліцы Фабрыцыуса.
А далей — пратаколы, Акрэсціна, суд, 23.34. Спачатку нас усіх трымалі ў Мінску, а потым перавялі ў Жодзіна. Мабыць, каб да 9 жніўня вызваліць камеры на Акрэсціна. Таму што асудзілі мяне [на 14 сутак] у самым канцы ліпеня.
Тады ж, у 2020 годзе, я зразумеў, што я ім для нечага патрэбны. Мне тэлефанавалі, да мяне прыходзілі. Некалькі разоў у нас дома былі «ператрусы-лайт». Прыходзілі, казалі, што нехта недзе напісаў каментар і ім трэба праверыць, ці не я гэта быў. Канфіскавалі сістэмны блок хатняга камп’ютара.
У 2022 годзе восенню яны мяне ўсё ж знайшлі. Я быў у вёсцы, рыхтаваў дом да зімоўкі. Брама была адчыненая — чакаў сантэхнікаў. І тут прыехалі, двое ў цывільным «корачкай» тыцкаюць — «Упраўленне ўласнай бяспекі». Тады ўжо ператрус быў капітальны, з выкіданнем рэчаў з шафаў.
Забралі пару карцін, дзе былі белы і чырвоны колеры, дзве друкаркі, камп’ютар. Ну і тэлефон, з паролем. Кажуць: давай пароль. А я не магу проста так узяць і аддаць пароль. Ёсць жа канстытуцыйнае права на абарону прыватнага жыцця, перапіскі. Яны доўга некуды тэлефанавалі, у выніку мяне пасадзілі ў машыну і прывезлі ў нейкі будынак у Мінску. Як я потым зразумеў, я апынуўся ў ГУБАЗіКу. Там да мяне падскочылі двое ненармальных, заламалі рукі, надзелі кайданкі, павялі наверх. У кабінеце пасадзілі на крэсла і сталі «апрацоўваць» фізічна, выбіваць пароль ад тэлефона. Я спачатку яшчэ супраціўляўся, але потым сказаў.
Тэлефон яны паглядзелі і нічога цікавага не знайшлі. Пасля гэтага спачатку далі падпісаць паперку — папярэджанне аб недапушчэнні парушэння заканадаўства. Я падпісаў. Потым яны яшчэ нешта думалі, раіліся і вырашылі, што проста так мяне адпусціць не могуць, — я і сам гэта разумеў.
Мяне адвезлі ў Першамайскае РАУС, там ужо па вядомай схеме склалі пратакол за хуліганства, маўляў, як я матам лаяўся і рукамі размахваў. Ноч мяне трымалі ў бетонным адстойніку, холадна вельмі. А на раніцу, ужо на Акрэсціна, — суд па скайпе і 15 сутак.
Я вельмі ярка запомніў адзін момант: калі мне адкрылі камеру і сказалі заходзіць, я нават адразу не зразумеў, куды. Унутры было як у аўтобусе ў гадзіну пік. Я не памятаю, я быў там ужо быў па ліку 22-м ці нават 24-м — у камеры на чацвярых.
Проста калі адчыняюцца дзверы, усе павінны ўстаць. Потым людзі расселіся, стала крыху лягчэй. Нават удавалася спаць, для гэтага выкарыстоўвалі кожны сантыметр прасторы. Тады нам яшчэ пашанцавала, што ў камеры была драўляная, а не бетонная падлога.
У гэтай камеры была найлепшая кампанія, у якую я трапляў за ўсё жыццё: інтэлігенцыя, людзі мастацтва, прадпрымальнікі, банкіры.
Часам падчас сутак людзей выводзілі на размовы са следчымі. Ну і мяне таксама: у ГУБАЗіК, у Следчы камітэт. Казалі, што я ўдзельнічаў у «плане Перамога». Яны знайшлі ў маім тэлефоне стары скрыншот: мне некалі невядомы напісаў, што я, маўляў, удзельнік плана, і прасіў перайсці па спасылцы. Я па спасылцы не хадзіў, але проста зрабіў скрыншот, пераслаў сваёй знаёмай. І вось гэта яны палічылі доказам.
У ГУБАЗе мне пагражалі, білі, каб я прызнаўся ў рэгістрацыі ў плане. Я вырашыў, што чым хутчэй пагаджуся, тым хутчэй выйду, таму ўсё падпісаў.
Пасля гэтага мяне зноў вярнулі на Акрэсціна, ужо на трое сутак па крымінальным артыкуле. А потым — зноў да следчага, гэтым разам — праз нейкі каментар у «Карніках Беларусі». Хоць там відавочна тэрмін дзеяння па справе ўжо прайшоў. Паказалі аватарку чалавека, які гэта напісаў, аддалена падобнага да мяне.
Мне ў той момант ужо так хацелася нарэшце выйсці адтуль, што я зноў падпісаў усё, што яны прасілі. Пасля ўсіх тых умоў, пасля карцара, у якім я быў — 9 чалавек у маленечкім пакоі з бетоннай падлогай — я ўжо быў гатовы на ўсё.
Калі мяне выпусцілі, я быў фігурантам дзвюх крымінальных спраў, з падпіскамі аб нявыездзе.
Праз тыдзень пасля вызвалення звярнуўся да ўрача — думаў, пасля карцара ў мяне пачаліся праблемы з ныркамі. Ныркі можна было «пакінуць» там вельмі лёгка, паспаць на халоднай бетоннай падлозе. Але аказалася, што гэта не ныркі, а кістозная пухліна. Напэўна, паўплываў стрэс — мы жылі ў каласальнай трывозе з самога 2020 года.
І вось быццам бы запаленчы працэс яны спынілі, сказалі: прыходзь праз тры месяцы, будзем выдаляць.
Але ў нас гэтага часу не было. Заканчваліся тэрміны дзеяння віз, і мы вырашылі, што трэба з’язджаць, бо было ясна — дабром гэта ўсё не скончыцца.