Праблемы са здароўем і думкі пра вяртанне. Як жывуць беларускія добраахвотнікі, якія з’ехалі з вайны
Полина Хрушч
Праблемы са здароўем і думкі пра вяртанне. Як жывуць беларускія добраахвотнікі, якія з’ехалі з вайны
22 февраля 2023, 15:02

Ілюстрацыя: R.I. / Медыязона

Беларускія добраахвотнікі сыходзяць з ЗСУ з розных прычын: праз здароўе, недавер да начальства, па сямейных абставінах. Некалькі былых байцоў распавялі «Медыязоне» пра жыццё пасля службы і думкі пра вяртанне на фронт.

Раненне і тры месяцы без працы. Выведнік Ілля

Ілля з’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе пасля чарговага допыту. У Польшчы ён сышоў у IT, а з пачаткам вайны ўступіў у ЗСУ — «праз разуменне, што ёсць рэчы, важнейшыя за жыццё». Ілля служыў у разведгрупе, якая дзейнічала асобна ад палка Каліноўскага. Заданні часта прадугледжвалі працяглыя «прагулкі» да пазіцый расійскіх вайскоўцаў, кажа ён.

— Улетку па гарачыні +37, у бронекамізэльцы, касцы і яшчэ 40 кілаграм зверху нагружана. Былі моманты, калі не спіш, працуеш па начах — гэта на агульным стане адбівалася.

Увосень Ілля атрымаў мінна-выбуховае раненне — пасля аперацыі лекары сказалі, што не яго дапусцяць да службы па стане здароўя. Беларус сышоў з ЗСУ. Магчымасць застацца ў структуры, «нічога не рабіць» і атрымліваць заробак у яго была. Беларус вырашыў з’ехаць у Польшчу адразу пасля выпіскі са шпіталя.

Аднавіць здароўе яму пакуль не ўдалося: пасля ранення пішчыць у вушах, а лекары кажуць, што гэта надоўга. Цяжкая кантузія адбіваецца на вестыбулярным апараце: Іллю загойдвае на заднім сядзенні машыны і ў метро ад гуку і разгону.

— Калі мне рабілі аперацыю, трошкі накасячылі з катэтарам — вена на локці неяк няправільна зажыла, лопалася некалькі разоў. Зараз пстрыкае, калі адціскаешся, але гэта дробязі жыцця.

Псіхалагічных праблем праз удзел ў вайне ў Іллі няма — па вяртанні з вайны беларус звярнуўся да псіхолага, і яна пацвердзіла, што «з ім усё нармальна ў гэтым плане».

Цяпер былы добраахвотнік імкнецца падцягнуць ангельскую і прафесійныя веды. Ён шукае працу з лістапада — ужо тры месяцы. Пасля вяртання ў Польшчу ён спадзяваўся вярнуцца ў кампанію, дзе працаваў раней, але «там усё стала вельмі дрэнна праз крызіс».

Ілля адгукаецца на вакансіі кампаній з розных краін, але часцей за ўсё — з Украіны. «Ангельская ў мяне вышэйшая за сярэднюю, але хочацца працаваць з людзьмі, з якімі можна пагаварыць на роднай або каляроднай мове. З такіх засталіся толькі ўкраінцы», — тлумачыць Ілля.

На вакансіі кампаній, якія засталіся ў Беларусі, ён не адгукаўся, бо з рэзюмэ для іх у мэтах бяспекі трэба прыбіраць вайсковую службу. Пры гэтым трэба прыдумаць, чым растлумачыць амаль гадавы прабел у кар’еры. Ён адпраўляў рэзюмэ ў еўрапейскія кампаніі — у тым ліку рэлакаваным беларускім — і там пісаў пра баявы досвед. Пасля, «каб павысіць шанцы на працаўладкаванне», Ілля замяніў службу на «валанцёрскую дзейнасць».

У адной з украінскіх айцішак Іллю адкрыта сказалі, што не бяруць на працу былых вайскоўцаў праз рызыку посттраўматычнага стрэсавага разладу. Беларус прапанаваў паказаць тэст ад псіхолага, «прайсці любое абследаванне», але на працу яго не ўзялі.

— Людзям трэба рабіць бізнэс і мінімізаваць рызыкі — з гэтага пункту гледжання іх можна зразумець. Усе гэтыя ўкраінцы, нават тыя, якія мне адмаўлялі, хутчэй за ўсё, данацяць ЗСУ і ў цэлым добрыя людзі. Бабло перамагае зло, а калі казаць пра бізнэс, то бабло перамагае ўсё — і дабро ў тым ліку, — разважае Ілля.

У аддзеле распрацоўкі кампаніі Bolt яму сказалі, што «не наймаюць беларусаў і расійцаў у сувязі з вайной ва Украіне». У адказ на гэта Ілля адправіў HR-спецыялісту дакументы, якія пацвярджаюць, што ён ваяваў у ЗСУ.

— Мне сказалі, што ў іх няма інструкцый на такі выпадак, таму іх палітыка застаецца ранейшай — не наймаць беларусаў і расійцаў. Прынамсі, гэта дзейнічае ў аддзеле распрацоўкі — калі таксістаў наймаюць, ім пофіг.

Ілля кажа, што калі ў найбліжэйшы час не знойдзе працу ў IT, то будзе ўладкоўвацца інжынерам або механікам у аўтасэрвіс — паводле дыплому.

Ілюстрацыя: R.I. / Медыязона

Начныя абуджэнні. Камандзір Іван

У 2021 годзе 38-гадовы Іван Тамашэвіч з’ехаў ва Украіну, ратуючыся ад крымінальнага пераследу. На той момант ён працаваў у камандзе ютуб-канал «Менавіта Online». З пачаткам поўнамаштабнай вайны Тамашэвіч вырашыў, што будзе ваяваць. Ён звярнуўся ў ваенкамат ва Ужгарадзе, але там папрасілі пачакаць, нягледзячы на наяўнасць ваеннай спецыяльнасці.

— На той момант, як я мяркую, яшчэ не было сістэмы ўладкавання іншаземцаў, асабліва беларусаў. Мне казалі: «Звярніцеся да іншаземнага легіёну». А па заканадаўстве іншаземны легіён фармуецца на тэрыторыі краіны, якая высылае ваяроў. Зразумела, што на тэрыторыі Беларусі такога легіёну фармавацца не магло, — расказвае Тамашэвіч.

У батальён Каліноўскага ён трапіў у пачатку сакавіка і працаваў з мінамётамі, а пазней стаў камандзірам мінамётнага аддзялення батальёна «Волат». Іван кажа, што яшчэ перад паступленнем на службу «трымаў у галаве» магчымыя варыянты сваёй смерці, бо «калі ты нешта ведаеш, гэта не так страшна».

З палка Іван звольніўся ў канцы верасня. Назваць прычыну сыходу ён не можа, але кажа, што яна не звязаная «ні з яго жаданнем, ні з фізічнымі магчымасцямі выконваць пастаўленыя перад ім задачы».

Іван прызнаецца, што часам прачынаецца ноччу ў поўнай цішыні і некалькі секунд не можа зразумець, што адбываецца. Адна з першых думак, якая прыходзіць у галаву, — «быў прылёт, і мяне кантузіла, таму нічога не чуваць».

Пасля сыходу з ЗСУ Іван вярнуўся да каналаў у ютубе і тэлеграме. Ён запісвае відэанавіны і жартуе з іх «наколькі гэта магчыма». Часам працы перашкаджаюць адключэнні электрычнасці. Калі яна з’яўлялася, беларус выходзіў у жывыя эфіры, дзе распавядаў навіны і адказваў на пытанні, звязаныя з вайной.

— Хацелася, каб люді разумелі больш дакладна, што і як адбываецца. Якім чынам мусяць адбывацца контрнаступы? Як адрозніваюцца балістычныя ракеты ад звычайных? Зараз я гэта таксама практыкую, але не заўсёды ёсць час і інтэрнэт, — кажа Іван.

Пасля звальнення з палка беларус шукаў магчымасць вярнуцца на фронт. Нядаўна яму прыйшла такая прапанова: «Я не ўпаўнаважаны казаць, куды вяртаюся. З радасцю б усё распавёў, але маю загад ад вышэйшага камандавання. Я мяркую, што я буду камандзірам мінамётнага ўзводу, які я буду ствараць, але ў саставе іншага фармавання ЗСУ».

На момант размовы з «Медыязонай» Іван праходзіў медкамісію і рыхтаваў неабходныя дакументы. Цяпер ён зноў служыць у ЗСУ.

Ветэранская арганізацыя і думкі пра вяртанне ва Украіну. Медык Вера

Тэрапеўтка Вера далучылася да палка Каліноўскага неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Яна стала начальніцай медслужбы: прымала і навучала медыцыне байцоў, укамплектоўвала іх на баявыя заданні, лячыла параненых і разбіралася з прывезенай валанцёрамі дапамогай.

— Трэба было прыязджаць [у ваенны шпіталь], нешта пракантраляваць, некага забраць — імкнуліся больш індывідуальны падыход наладзіць. Хто выпісаны са шпіталя, лечыцца на базе часткі, не вяртаецца адразу на баявыя.

У палку Вера адслужыла тры месяцы і амаль увесь гэты час знаходзілася ў штабе. Тады ў медслужбе не хапала людзей, практычна не было магчымасці для ратацый, тлумачыць яна. «"Север" увесь час сядзела на баявых, а я — у Кіеве. Гэта было цяжка», — кажа лекарка.

З палка яна сышла па сямейных абставінах — паехала наведаць сваякоў і вырашыла звольніцца. На гэта паўплывала і гібель камбата батальёна «Волата» Івана «Брэста» Марчука, пад камандаванне якога хацела перайсці доктарка.

Вера лічыць, што вайна мяняе ўсіх, а яна сама «лёгка аддзелалася, бо не была на нулі». Медык час ад часу задае сабе пытанне, чаму не вяртаецца на службу — «хлопцы ж ваююць».

— Складанасць у тым, што, калі б скончылася вайна, было б адчуванне завяршэння справы. А калі ты ведаеш, што вайна ідзе, не-не ды і думаеш, што мог бы быць там, — кажа яна.

Пазбавіцца ад дакучлівых думак дапамагаюць зносіны з іншымі былымі добраахвотнікамі, тлумачыць Вера. Лекарка і яе аднадумцы ствараюць ветэранскую арганізацыю — цяпер ёсць супольнасць людзей, якія дзеляцца досведам і дапамагаюць адно аднаму, а ў будучыні для аб’яднання хочуць адкрыць юрыдычную асобу.

— Да мяне заўсёды могуць звярнуцца байцы, паколькі медыцынскіх пытанняў шмат. Шмат шукалі магчымасці па рэабілітацыі, лекараў ва Украіне і за мяжой па сувязях. Я з задавальненнем гэтым займаюся, — распавядае Вера.

Цяпер яна жыве ў Польшчы, куды з’ехала прыкладна праз месяц пасля звальнення з палка. Медык працуе ў адным з беларускіх фондаў і рыхтуецца да пацвярджэння медычнага дыплома. Вера прызнаецца, што хацела б жыць ва Украіне — яшчэ да пачатку вайны яна ўладкавалася працаваць лекарам, а цяпер абмяркоўвае вяртанне з украінскім працадаўцам.

— Эміграцыя адна, другая — гэта даецца складана. Ёсць такое адчуванне, што не прыжываешся ўжо. Ды і не хочаш, няма сіл яшчэ раз нешта пачынаць.

Мінулая праца і жаданне вярнуцца на службу. Мінамётчык Андрэй

31-гадовы праграміст Андрэй пераехаў з Беларусі ў Літву ў 2021 годзе, баючыся крымінальнага пераследу. Калі пачалася вайна, ён не мог адарвацца ад навін, моцна перажываў і хацеў дапамагчы Украіне.

— Гэта ўсё вылілася з, скажам так, расчаравання вынікамі беларускіх пратэстаў. Пастаянна казалі, што не даціснулі, хадзілі з кветкамі. Напэўна, таму я ўжо прыйшоў да таго, што неабходна нейкія сілавыя дзеянні прадпрымаць.

Яго рашэнне падтрымала жонка, большасць сяброў і калег. Спачатку праграміст спрабаваў трапіць ва Украіну самастойна — даведаўся пра тое, што набіраюць добраахвотнікаў амбасады краіны — і падаў заяву на ўступленне ў ЗСУ. Андрэй кажа, што перапраўка добраахвотнікаў ва Украіну была наладжаная дрэнна. У амбасадзе яму далі нумар тэлефона, па якім трэба было патэлефанаваць, пераходзячы ўкраінска-польскую мяжу, але слухаўку ніхто не падняў.

Нейкі час Андрэй правёў у сябра ў Польшчы. Знаёмыя распрацоўніка расказалі яму пра беларускі батальён Каліноўскага — Андрэй адправіў ім заяўку і ўжо праз тыдзень паехаў ва Украіну разам з іншымі добраахвотнікамі-беларусамі.

У батальёне ён быў разведчыкам, а праз нейкі час змяніў спецыяльнасць на мінамётную справу.

— Калі я прыехаў, рускія войскі яшчэ былі пад Бучай. І калі б раптам пачалася нейкая чарговая атака, то я ўпэўнены, што нават без падрыхтоўкі мы б уступілі ў бой.

З часам абстаноўка вакол, стрэлы і выбухі сталі для Андрэя штодзённасцю. Вайна моцна змяніла яго ўспрыманне жыцця — беларус не будаваў доўгатэрміновых планаў і стараўся жыць адным момантам. Пасля звальнення ўсё стала як раней. Ён сышоў з палка ў ліпені — тады «пачаліся праблемы з аддзяленнем» батальёна «Тэрор», у якім служыў Андрэй.

— Вельмі шмат было такой, скажам, негатыўнай інфармацыі. Так заўсёды было, што да начальства, да штаба ўзнікалі нейкія пытанні. Калі не давяраеш начальству, якое табе выдае задачы, вельмі цяжка ваяваць, — тлумачыць былы добраахвотнік.

Андрэй жыве ў Літве і працуе праграмістам тамсама, дзе і да вайны. Ён задумваўся пра вяртанне на службу ў складзе іншага падраздзялення, але жонка была катэгарычна супраць.

— Большую частку часу сувязь была, але на баявых яе магло не быць і некалькі дзён — тэлефонамі карыстацца забаронена. Жонцы вельмі цяжка даўся гэта час, перажывала кожны дзень. Другі раз яна не хоча праз гэта праходзіць.

Былы добраахвотнік кажа, што ўдзел у вайне не моцна адбіўся на яго псіхалагічным стане і дадае, што першы час ён востра рэагаваў на гучныя гукі: грымоты здаваліся выбухамі, а рык рухавіка матацыкла нагадваў паветраную трывогу.

— Я сабе адразу даў устаноўку, што тут я ўжо ў бяспецы. Таму цяпер нашмат прасцей, — кажа Андрэй.

Праблемы са здароўем і данаты пабрацімам. Сапёр-выбухатэхнік Дзмітрый

29-гадовы айцішнік Дзмітрый пераехаў у Кіеў у 2021 годзе — давялося спешна пакінуць краіну пасля затрымання супрацоўнікамі КДБ. У пачатку поўнамаштабнага ўварвання ён сышоў з працы, а праз некалькі дзён уступіў у батальён Каліноўскага, дзе атрымаў спецыяльнасць сапёра-выбухатэхніка.

Паводле слоў Дзмітрыя, вайну ён успрымаў як працу, а падчас выканання задач не адчуваў страху.

— Калі я жыў у Беларусі, мяне шмат што палохала, і вайна дапамагла змірыцца з думкай, што смерць не самае страшнае ў жыцці. Баяцца смерці — гэта не быць вольным чалавекам, — працягвае Дзмітрый. — Як бы гэта крыўдна ні гучала, але большасць беларусаў, якія зараз знаходзяцца ў Еўропе і не атрымліваюць баявога досведу, хаваюцца ад сваёй адказнасці. Я лічу, што яны не свабодныя людзі.

Рашэнне пайсці ваяваць стала для праграміста «крокам у невядомую глыбіню» — служба «вылечыла дэпрэсію», дазволіла лепш даведацца ўкраінскую культуру і пазнаёміцца з людзьмі, якія ваююць «ужо больш-менш» прафесійна, распавядае Дзмітрый.

— Я быў уражаны тым, што вайна — гэта даволі цікавая рэч з пункту гледжання прафесійнага вайсковага. Гэта цікавы род заняткаў, хоць і рызыковы.

У палку Каліноўскага ён праслужыў амаль паўгода, а пасля сышоў па асабістых абставінах. На вайне ў Дзмітрыя пагоршылася здароўе — турбавалі ногі, якія ён адмарозіў у ізалятары на Акрэсціна.

Цяпер праграміст працуе ў кампаніі, з якой сышоў з пачаткам вайны. Фірма яго падтрымала — па вяртанні Дзмітрый выявіў, што яму плацілі заробак яшчэ два з паловай месяцы пасля сыходу.

— Яны мяне чакалі, і я вельмі рады, што людзі так рэагуюць на мой выбар. Я лічу, што я рабіў маральны выбар, а не проста ішоў зарабіць грошы ці кагосьці забіць, — кажа праграміст.

Ён адзначае, што пасля сыходу з ЗСУ добраахвотнікі часта сутыкаюцца з цяжкасцямі легалізацыі, а Украіна не робіць ніякіх крокаў, каб у гэтым дапамагчы. Самога Дзмітрыя гэтая праблема не закранула — ён нядаўна атрымаў від на жыхарства па валанцёрстве.

— Калі я выязджаю ў Польшчу, а потым вяртаюся назад, таксама даводзіцца праходзіць абразлівыя допыты. Напэўна, гэта іх праца, але гэта вельмі непрыемна. Я люблю Украіну за іншыя рэчы, яна мне як другая радзіма. Я буду рабіць усё нягледзячы на думкі іншых людзей, — кажа ён.

Паводле слоў Дзмітрыя, пакуль ён «проста працуе праграмістам, не адчувае сябе жывым». Беларус дапамагае пабрацімам данатамі, але збіраецца на вайсковыя курсы і думае пра вяртанне ў ЗСУ.

— Беларусь усё яшчэ не вольная, і мая адказнасць — вызваліць яе. Для мяне гэта важна яшчэ і таму, што ў мяне засталіся вельмі важныя людзі ў турмах. Я не магу не пайсці ў Беларусь са зброяй вызваляць людзей, калі будзе такая магчымасць, — тлумачыць былы добраахвотнік.