«Нядаўна мне выдалілі яечнікі. Да канца года выдаляць другую грудзь». Як беларусы змагаюцца з цяжкімі хваробамі ў эміграцыі
Перевод
19 июля 2023, 9:30

«Нядаўна мне выдалілі яечнікі. Да канца года выдаляць другую грудзь». Як беларусы змагаюцца з цяжкімі хваробамі ў эміграцыі

Ілюстрацыя: Аня Леонава / Медыязона

Праз збіццё на пратэстах у 2020 годзе ў Віталя Тысева абвастрыліся праблемы са спінай — цяпер яму пагражае поўны параліч. Журналісткі Кацярына Ваданосава і Кацярына Пытлева змагаюцца з анкалогіяй, а актывіст Сяргей Пантус аднаўляецца пасля трох аперацый і комы. «Медыязона» запісала гісторыі беларусаў, якія сутыкнуліся з цяжкімі хваробамі ў эміграцыі.

«Страшна, што рак вернецца, а ты ў эміграцыі, а дзеці маленькія». Кацярына Пытлева

У 2022 годзе журналістцы Кацярыне Пытлевай дыягнаставалі рак грудзей. Першыя змены яна выявіла сама і пасля звярнулася да лекараў.

«Я неяк адразу зразумела, што гэта рак. Адразу запісалася на УГД», — кажа яна.

Пытлева з’ехала з Беларусі ў 2021 годзе праз пагрозу крымінальнага пераследу, цяпер яна жыве ў Літве. У Беларусі Кацярына рэгулярна праводзіла самастойны агляд малочных залоз і збіралася зрабіць прафілактычную мастэктамію, бо ў яе сям’і былі выпадкі анкалогіі. Пасля пачатку вайны ва Украіне некалькі месяцаў было «не да таго». На думку Кацярыны, тады момант быў упушчаны.

Пасля УГД журналістку адправілі ў Нацыянальны інстытут рака, дзе дыягностыкай і лячэннем сталі займацца спецыялісты вузкага профілю. Да дыягназу журналістка была гатовая. Страшна стала, калі лекары выказалі здагадку, што ў яе метастазы ў печані.

«І вось пакуль гэта не абверглі, я была ў шокавым стане. Таму што гэта ўжо зусім іншае лячэнне».

Калі паставілі канчатковы дыягназ, Кацярыне зрабілі некалькі аперацый: цалкам выдалілі грудзі і лімфавузлы, правялі сем курсаў хіміятэрапіі.

«Павінна было быць больш, але ў мяне перастаў вытрымліваць арганізм. Вельмі моцна ўпаў імунітэт і пачала разбурацца печань».

Лячэнне ўключала ў сябе і 15 сеансаў радыётэрапіі: «Апёк на палову грудзей, даволі сур’ёзны. Ён праяўляецца не адразу, праходзіць вельмі доўга. І след такі, як ад праса, на ўсё жыццё. Ну што сказаць — непрыемна. Але я ў гэтым сэнсе прывыкла, я шмат з дзяцінства ляжала ў бальніцах, мне не вельмі шанцавала ў жыцці».

Каб выключыць далейшае развіццё хваробы ў арганізме, лекары правялі яшчэ некалькі аперацый: «Нядаўна мне выдалілі яечнікі. Бліжэй да канца года выдаляць другую грудзь». Усё лячэнне Кацярыны Пытлевой пакрыла страхавая.

«Страшна, што рак вернецца, што нешта пойдзе не так. Што нешта здарыцца, а ты ў эміграцыі, а дзеці маленькія. Вось гэта мяне больш выбіла з каляіны», — кажа Кацярына.

Яе падтрымалі іншыя беларускі, якія сутыкнуліся з ракам. З адной дзяўчынай вядучая «развіртуалілася» — яны разам ляжалі ў бальніцы ў Вільні. Падтрымкай стала сям’я: дзеці (тады двайняткам было па пяць гадоў), муж і яго бацькі. Ад дзяцей Кацярына нічога не хавала.

«Яны бачылі шнар пасля выдалення грудзей, бачылі маю лысую галаву. І яны разумелі, калі маму не трэба турбаваць, калі яна стамілася пасля хіміі. Сачылі з лупай калі ў мяне пачалі адрастаць валасы, разглядалі маю лысіну».

Зараз Кацярына Пытлева ў рэмісіі. Яна праходзіць гарманальную тэрапію, прымаць прэпараты неабходна яшчэ некалькі гадоў.

«Я зразумела, што сабе трэба надаваць больш увагі, трэба больш адпачываць. У мяне з’явіліся выходныя, я сама сабе іх дазволіла. Раней здавалася што працаваць 24/7 — гэта нармальна і нават добра. Але потым стала зразумела, што не, у жыцці павінна быць жыццё, а не толькі праца».

Старая траўма, збіццё, пагроза паралічу. Віталь Тысеў

У 1994 годзе Віталь Тысеў са Стоўбцаў атрымаў траўму пазваночніка. Яе не дыягнаставалі і не лячылі належным чынам. Перыядычна Віталя турбавалі болі ў спіне. Ноччу 9 жніўня 2020 года Тысева затрымалі і збілі сілавікі. Ён не звярнуўся па медыцынскую дапамогу ў Беларусі, а ў 2021 годзе пад пагрозай крымінальнага пераследу з’ехаў з краіны.

Ужо ў Польшчы Тысеў стаў адчуваць болі і змены ў паставе ўсё мацней, але да апошняга заставаўся на працы — працаваў токарам на адным з прадпрыемстваў у Шчэціне.

На змены ў целе Віталя звярнула ўвагу ягоная сяброўка Наталля — хірург з Украіны. Яна пазнаёмілася з беларусам некалькі гадоў таму ў фэйсбуку: будучыя сябры спрачаліся пра Аляксандра Лукашэнку.

«З працы мяне Наталля і забрала. Патэлефанавала ў кантору, сказала, што ўсё, больш я туды не прыйду. Мяне тады ўжо зусім моцна стала «загінаць"».

Лекары дыягнаставалі ў Віталя хваробу Бехцерава: яму патрэбная аперацыя на хрыбетнік, інакш можа пагражаць параліч.

«Цяпер ён зможа сам сабе схадзіць у краму і купіць хлеба толькі ў тым выпадку, калі паліца будзе на ўзроўні падлогі. Плюс пастаянныя болі, пастаянны прыём прэпаратаў. Шыю яму згінае ўсё мацней, груба кажучы — неба ўбачыць ён ужо не можа», — тлумачыць Наталля.

Стан Віталя патрабуе пастаяннага абязбольвання, таму цяпер для зняцця болевага сіндрому выкарыстоўваюць трансдэрмальныя пластыры, як для анкахворых.

Правесці аперацыю Віталю пагадзіліся ў польскай клініцы «Караліна», якая спецыялізуецца на артапедыі. Кошт аперацыі — 20 тысяч еўра. Цяпер Віталь не працуе: ён аформіў інваліднасць у Польшчы, але пакуль не атрымлівае выплат і жыве за кошт жонкі.

Неабходную суму сабралі на BYSOL. Віталь падпісаў з клінікай дамову і перавёў ім усю суму. Але за тры дні да аперацыі ў клініцы адмовіліся апераваць Тысева. Паводле слоў Наталлі, лекары не маглі гарантаваць выніку; акрамя таго, Віталя нельга інтубаваць класічным спосабам праз нос або рот — гэта выклікала дадатковыя цяжкасці, на якія лекары з «Караліны» не адважыліся.

«У "Караліне", вядома з гэтай аперацыяй паступілі проста па-свінску. З улікам таго, што ўсё было падпісана і аплачана», — кажа Віталь.

Узяцца за выпадак беларуса пагадзіліся ў клініцы Charite ў Германіі, але спатрэбіліся дадатковыя выдаткі, бо там аперацыя каштуе 55 тысяч еўра. Суму, якой не хапала, ужо сабралі тут, збор на BYSOL яшчэ ідзе (і вы можаце дапамагчы, пакуль збор не закрыты).

«Яму пагражае поўны параліч, і мы не ведаем, колькі ў такім становішчы вытрымае спінны мозг. Гэта ж таксама трубка, і яна мае мяжу трываласці», — кажа Наталля.

Для Віталя важна, каб пасля аперацыі ён быў самадастатковы.

«Хай будзе боль, гарбаватасць, але галоўнае, каб можна было існаваць самому, бачыць нешта акрамя таго, што пад нагамі».

Ілюстрацыя: Аня Леонава / Медыязона

УГД у Беларусі, падвойная эміграцыя, рак грудзей. Кацярына Ваданосава

Перад ад’ездам з Беларусі ў 2021 годзе музыка і вядоўца Кацярына Ваданосава адчула змены ў грудзях, пачалося нешта накшталт лактацыі. Кацярына зрабіла УГД і пайшла на кансультацыю да мамолага.

«Мне сказалі, што ў мяне там нейкія кісты і каб я з гэтым жыла. Наколькі гэта адэкватны дыягназ на той момант — не ведаю. Магчыма, гэта ўжо быў нейкі перадракавы стан, магчыма не. Але паколькі ў мяне не было свайго доктара, я цягалася па розных, толкам ніхто не браўся. Ды і 2021 год, там людзям было не да таго».

Ваданосава эмігравала спачатку ва Украіну, потым — у Літву і Польшчу. Займацца здароўем у той момант не было часу. Ужо ў Польшчы Кацярыне прыснілася, што ў яе баляць грудзі. У тую ноч яна выявіла ў сябе ў грудзях пухліну.

«Я стаяла перад люстэркам і пабачыла ў грудзі гузак. Ён быў заўважны і адчуваўся пад пальцамі. І вось тады я забіла трывогу, пайшла ў медпункт пры цэнтры бежанцаў. Таму што я знаходжуся на міжнароднай ахове, у мяне нават пашпарта на той момант не было, медпункт быў адзіным шляхам, па якім я магла пайсці. І мне адразу выпісалі накіраванне ў цэнтр анкалогіі».

Пасля таго як дыягназ пацвердзіўся, пачалося лячэнне — аперацыя, яшчэ адна, радыё- і хіміятэрапія.

«Хіміятэрапія была вельмі цяжкай, проста да панічных атак. Мяне муж насіў на руках у прыбіральню, я не магла ісці сама. Я не магла падняць руку, нагу. Балела ўсё, вочы, пазногці».

Зараз Кацярына праходзіць курс гарманальнай тэрапіі, раз у месяц ёй робяць укол, «ад якога плюшчыць», яна прымае медыкаменты.

«Я знаходжуся ў стане штучнай менапаўзы. А я цётка яшчэ даволь маладая, менапаўза ў мяне не думала наступаць. Ад конскіх доз гармонаў, якія мне даюць, у мяне разбураюцца косткі. Таму я хаджу яшчэ на падтрымліваючую тэрапію для костак».

Як і ў выпадку Кацярыны Пытлевой, лячэнне было бясплатным, яго пакрыла страхоўка.

«Я рабіла генетычны аналіз, там усё добра. Мяркую, мой рак — гэта менавіта наступствы стрэсу. Зараз ужо даказана, што стрэс уплывае на развіццё раку, і вось апошнія гады на мне спрацавалі вельмі відавочна».

Самым складаным у барацьбе з анкалогіяй для Кацярыны стала страта валасоў.

«Я вельмі шмат увагі надавала сваей знешнасці, валасам. Ніколі ў жыцці не насіла кароткай фрызуры. Для мяне валасы былі маім гонарам, маім індывідуальным маркерам, вызначальнай рысай уласнай знешнасці. Прасцей было перажыць страту грудзі і тое, што ад гармонаў набрала 10 кілаграм вагі. Мне прасцей парежыць фізічны боль, які цяпер заўседы са мной, чым тое, што я страціла валасы».

«Дзеці, дарэчы, успрынялі ўсё спакойна. Па-перашае, яны не сутыкаліся з ракам. Па другое, у іх такое разуменне, што я ўсё ўмею, усё магу, і ў іх нават думкі такой не было, што мама можа не ачуняць».

Маральна перажываць хваробу ў эміграцыі цяжэй, але Ваданосава рада, што гэта здарылася не ў Беларусі.

«Мая сяброўка нядаўна праходзіла курс хіміятэрапіі ў Бараўлянах. У палаце, дзе людзі ляжалі пад кропельніцамі, уключаны тэлевізар, і ідзе "Беларусь 1". Такая, дадатковая доза хіміі — слухаць Аляксандра Рыгоравіча ці пра надоі».

Смерць сябра, будоўля, лякарня. Сяргей Пантус

Актывіст з Бярозаўкі Сяргей Пантус сябраваў з памерлым у калоніі палітвязнем Вітольдам Ашуркам, разам яны ўдзельнічалі ў розных палітычных акцыях у сваім горадзе. У 2021-м Сяргей з’ехаў з Беларусі. Супраць яго і брата Вітольда — Андрэя Ашурка — завялі крымінальную справу.

У Польшчы Сяргей працаваў на будоўлі. У ліпені гэтага года ў яго адбыўся разрыў анеўрызмы галаўнога мозгу. Цяпер актывіст знаходзіцца ў шпіталі, на некаторы час лекары ўводзілі яго ў штучную кому.

Яго гісторыю распавядае блізкая сяброўка Вольга — самому Пантусу цяпер цяжка гаварыць. Паводле слоў прыяцелькі, прычынай здарэння магла стаць цяжкая фізічная праца і стрэс. Сяргей цяжка перажываў смерць Вітольда, а потым ад’езд з краіны.

«Сяргей згубіў прытомнасць на працы. Спачатку падумалі, што нічога страшнага, але добра, што адвезлі яго ў шпіталь, бо стан імкліва пагаршаўся. Спачатку паставілі адзін дыягназ, потым зрабілі адну аперацыю, пасля паставілі іншы дыягназ, анеўрызму. Пасля гэтага рабілі яшчэ адну аперацыю, уводзілі яго ў штучную кому, і потым была трэцця аперацыя».

Цяпер Сяргей у прытомнасці, аднаўляецца. Можа прыўзняцца на ложку, паварушыць рукой або нагой, самастойна есць, адказвае на простыя пытанні, амаль заўсёды пазнае знаёмых людзей, якія да яго прыходзяць.

Лячэнне Пантуса ў лякарні пакрывае страхоўка, але пасля выпіскі яму спатрэбіцца рэабілітацыя. У гэты час Сяргей не зможа працаваць, таму яго сябры вырашылі арганізаваць збор на BYSOL. Цяпер ён закрыты — беларусы сабралі больш за 10 тысяч еўра з планаваных 8 250.

«Невядома, колькі будзе цягнуцца рэабілітацыя і колькі будуць каштаваць тыя лекі і сродкі, якія спатрэбяцца. Таму быў абвешчаны збор, бо пра гэта ўжо цяпер трэба думаць. Мы вельмі ўсцешаныя тым, што грошы сабралі так хутка, вялікі дзякуй усім, хто спрычыніўся. Гэта паказвае нашу салідарнасць, паказвае, што беларусы не кідаюць адзін аднаго ў цяжкай сітуацыі», — кажа Вольга.